Круглы стол да 235-годдзя з дня нарадження Івана Іванавіча Насовіча
6 кастрычніка 2023 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся навуковы круглы стол, прысвечаны 235-годдзю з дня нарадження этнографа, фалькларыста і лексікографа – Івана Іванавіча Насовіча.
Арганізатарамі круглага стала выступілі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
З прывітальным словам да аудыторыі звярнуўся дырэктар Інстытута мовазнўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў. Ён падкрэсліў выключную ролю Івана Насовіча ў стварэнні першага лінгвістычнага збору беларускай гаворкі – Слоўніка беларускай мовы.
Вынікамі сваёй даследчай працы падзялілася загадчык кафедры рускай мовы як замежнай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Іванаўна Караткевіч, выступіўшы з дакладам «Гісторыка-лінгвістычны каментар да “Слоўніка беларускай мовы” Івана Насовіча».
Вядучы рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Іван Насовіч», а таксама рэдактар фільма «Ад прадзедаў спакон вякоў…» Уладзімір Вікенцьевіч Мароз распавёў пра гісторыю стварэння кінастужак.
Удзельнікам круглага стала было прапанавана паглядзець фільм «Іван Насовіч». Фільмы для паказу былі прадастаўлены фондам Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Адбор фрагментаў кінадакументаў быў зроблены загадчыкам аддзела дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарату БДАКФФД Марыяй Дзмітрыеўнай Раманавай.
Малодшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Вячаслаў Уладзіміравіч Мартысюк у сваім дакладзе «Рукапісная спадчына Івана Насовіча» распавёў пра электронны рэсурс – перавыданне класічнай працы Івана Насовіча «Словарь белорусского наречия» (СПб., 1870).
Электроннае выданне падрыхтавана Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. Яно ўтрымлівае арыгінальны і асучаснены рэестр, арыгінальны тэкст і дадаткі, дапоўнена матэрыяламі крытычнага, біяграфічнага і бібліяграфічнага характару. Дарэчы, карыстацца Слоўнікам магчыма без абмежаванняў. Ён знаходзіцца ў свабодным доступе ў Інтэрнэце.
Старшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літартуры НАН Канстанцін Ігаравіч Рэмішэўскі выступіў з дакладам «Беларуская кінадакументалістыка 1990-х …», у якім падняў пытанне прыярытэту культуралагічнай тэматыкі і праблемы гледача таго часу.
Да мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі выставу «Спадчына Івана Насовіча», цэнтральнае месца на якой займае «Слоўнік беларускай мовы», сучаснае перавыданне.
З 1844 года І. Насовіч пачаў яго ўкладанне, але шматлікія даследчыцкія працы сведчаць, што ён не страціў свайго значэння і для нашага часу. На выставе дэманстравалася вялікая падборка артыкулаў беларускіх вучоных за перыяд з 1945 да 2022 гг., у якіх разглядаецца ўклад Насовіча ў развіццё беларускай лінгвістыкі, лексічны, фразеалагічны і фальклорны склад слоўніка, найбольш цікавыя асобныя каштоўныя лексічныя адзінкі з галіны народных рамёстваў, промыслаў, фальклору, міфалогіі і г.д.
Іван Насовіч быў не толькі знакамітым збіральнікам народнай лексікі, але і збіральнікам беларускага фальклору. Цікавым дадаткам да біяграфічных звестак пра вучонага сталі фрагменты ўспамінаў І. Насовіча аб сваім жыцці, надрукаваныя ў часопісе Нёман за 1997 год.