Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Беларускі мовазнавец Арцём Яфімавіч Баханькоў

Сто гадоў таму, 29 студзеня 1924 года, у вёсцы Саламір’е Полацкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся вядомы беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Арцём Яфімавіч Баханькоў.

Багатая навуковая спадчына вучонага з’яўляецца яркай старонкай у гісторыі беларускага мовазнаўства, а яго навуковыя працы ў галіне дыялекталогіі, лексікалогіі і лексікаграфіі садзейнічаюць прэстыжу і развіццю айчыннай навукі.

У 1960 г. пасля заканчння аспірантуры Мінскага дзяржаўнага педінстытута імя А. Горкага малады навуковец накіроўваецца ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. З гэтага часу дзейнасць А. Я. Баханькова цесна звязана з Акадэміяй навук.


Беларускі мовазнавец Арцём Яфімавіч Баханькоў

Пад кіраўніцтвам член-карэспандэнта прафесара В. Баркоўскага ў 1961 г. А. Я. Баханькоў абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Складаназалежныя сказы ў паўднёва-заходніх беларускіх гаворках”. У рабоце былі вызначаны і прааналізаваны спецыфічныя асаблівасці складаназалежных сказаў беларускіх паўднёва-заходніх гаворак у параўнанні з аналагічнымі сінтаксічнымі канструкцыямі літаратурнай мовы.


Беларускі мовазнавец Арцём Яфімавіч Баханькоў

Вынікам глыбокага вывучэння лексічнай сістэмы сучаснай беларускай літаратурнай мовы стала манаграфія А. Я. Баханькова “Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: Сацыялінгвістычны нарыс” (1982 г.). У рабоце аўтар вызначыў асноўныя тэндэнцыі ў развіцці лексічнай сістэмы мовы, высветліў ролю сацыяльна-эканамічных і культурна-гістарычных умоў, у якіх адбывалася фарміраванне беларускай нацыі, а таксама адзначыў ролю дыялектнай мовы як адной з галоўных крыніц папаўнення лексічнай сістэмы беларускай мовы. Гэта манаграфія стала асновай аднайменнай доктарскай дысертацыі, якую А. Я. Баханькоў паспяхова абараніў у 1985 годзе.

У ліпені 1986 г. Арцём Яфімавіч Баханькоў узначаліў аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. 


Беларускі мовазнавец Арцём Яфімавіч Баханькоў

Па яго ініцыятыве і пад яго кіраўніцтвам ў аддзеле была распачата праца над калектыўнай манаграфіяй “Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы”, якая выйшла ў свет у 1994 годзе. Гэта фундаментальнае навуковае даследаванне, актуальнае і сёння, мае важнае тэарэтычнае значэнне для ўсяго сучаснага айчыннага мовазнаўства.


Беларускі мовазнавец Арцём Яфімавіч Баханькоў

Арцём Яфімавіч Баханькоў плённа працаваў у галіне  лексікаграфіі. У навуковай спадчыне вучонага ў суаўтарстве з І. М. Гайдукевічам і П. П. Шубам “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы” (1966), “Толковый словарь русского языка: для средней школы” (1975), “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”: каля 7800 найбольш распаўсюджаных слоў і выразаў” (1998).

У 1992 г. Арцём Яфімавіч Баханькоў прызначаны загадчыкам кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме АН Беларусі. У 1995 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца кніжная спадчына Арцёма Яфімавіча Баханькова, з якой можна азнаёміцца ў чытальных залах бібліятэкі. 


Беларускі мовазнавец Арцём Яфімавіч Баханькоў

Выданні, якія знаходзяцца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў, маюць дарчыя надпісы. Сярод іх – “Тлумачальны слоўнік”, які быў падораны асабіста Арцёмам Яфімавічам ЦНБ НАН Беларусі.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси