Арсень Ліс. Літаратар, фалькларыст, руплівы і дбайны даследчык
4 лютага 2024 года спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння таленавітага вучонага-фалькларыста, этнографа, літаратуразнаўцы, літаратурнага крытыка, гісторыка беларускага мастацтва, літаратуры і культуры, кінасцэнарыста, рэдактара, мемуарыста, доктара філалагічных навук Арсеня Сяргеевіча Ліса.
З аўтабіяграфіі «Ад матчыных песень» (змешчана ў кнізе жыццяпісаў беларускіх пісьменнікаў «Вытокі песні»), што выйшла ў 1973 годзе:
“Я нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава, цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці, а тады Маладзечанскі павет Віленскай губерні. Вёску пабудавалі мае далёкія продкі, якія да 1861 года працавалі ў графа Агінскага. А атрымаўшы магчымасць мець зямлю, у 1861 годзе заснавалі сваю вёску і назвалі яе Нова-Александрова, у гонар цара, які вызваліў ад прыгону. Але адзін з каморнікаў, які надзяляў зямлёй, адразу сказаў: “Ветхая будет деревушка”. Слова “ветхая”, і не надта зразумелае тады беларусам, стала назвай вёскі, а афіцыйнае Нова-Александрова забылася.
Бацька мой Сяргей Ліс, яго бацькі — Пятрок і Прузына. Маці Алена паходзіла з суседніх Яневіч, бацькі яе — Юстын і Агата Дудкі. І бацька, і маці хадзілі ў першую беларускую школу, якую, дарэчы, у 1920 годзе адкрыў у хаце майго дзеда Петрака пасля беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні Янка Дудка. На тых віленскіх курсах вучылі па граматыцы Браніслава Тарашкевіча, па падручніках гісторыі Усевалада Ігнатоўскага, геаграфіі Аркадзя Смоліча …
Падчас майго дзяцінства маці ўвесь час успамінала 20-я гады, спявала песні і народныя, і падабраныя на вершы. Спявала народных песень вельмі многа, асабліва асеннія, пераняла іх яшчэ ад сваёй маці Агаты. Апошні раз помню сяджу на яблыні, яблыкі абіраю і аднекуль асенняя песня. Кажу, ай, даўно было не чуваць. Нехта ж азваўся асенняй песняй. Тонкі мінор, надзвычай тонкі, глыбінны, плыў над зямлёю.
А спявала яна і песні на вершы Якуба Коласа. Сама складала мелодыі, яна была здольная. Мела зборнік Канстанцыі Буйло “Курганная кветка” і на гэтыя вершы таксама падбірала мелодыі. І нейкія здольнасці, якія ў мяне ёсць, лічу, ад маці. Яна мне была найбліжэйшая, ад маці я нешта ў прыродзе сваёй меў, на генетычным узроўні. Неяк раз, седзячы на прысвіронку і перабіраючы цыбулю, яна сказала: “Усё жыццё робіш не тое, што хочаш”. А яна любіла літаратуру, імкнулася да духоўнага жыцця. У маці была толькі самаадукацыя, бо ў беларускую школу пахадзіла нядоўга перад яе закрыццём. Школу закрылі, дык яна казала: “Я сама сабе задавала ўрокі ў падручніку і правярала сама сябе”.
А я хадзіў у сямігодку ў Залессі, школа была ад Вётхава за кіламетр. Сярэднюю школу заканчваў у Смаргоні з 8 па 10 клас. У школе ў Смаргоні ў нас быў гурток з 8-га класа, мы выдавалі свой рукапісны часопіс па-беларуску, я там пісаў вершыкі і апавяданні. Спачатку выданне называлася “Мой родны край”, а пазней – “Росквіт”. Я там 3 гады правучыўся. А тады адразу ў 1951 годзе пайшоў у БДУ на філалагічны факультэт, бо любіў літаратуру, гісторыю любіў. Гэта мае прадметы. Сваё было гэта. Студэнтам я запісаў ад маці цэлы сшытак народных песень, каляндарна-абрадавых і вясельных.
Усё, што бачыў і чуў у дзяцінстве, так ці іначай паўплывала на мяне…”.
Працоўны стаж Арсеня Ліса складае 58 гадоў – ад загадчыка педагагічнага кабінета Шаркаўшчынскага раёна і настаўніка беларускай літаратуры ў мясцовай школе да загадчыка аддзела фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, намесніка старшыні вучонага савета па абароне дысертацый па спецыяльнасці фалькларыстыка і этнаграфія, члена экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Хоць Арсеня Сяргеевіча называюць фалькларыстам і літаратуразнаўцам, у рэчаіснасці, ён яшчэ і таленавіты гісторык. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца яго кніга “Браніслаў Тарашкевіч” (Мінск, 1966), артыкул “Мітрафан Доўнар-Запольскі: жыццё ў навуцы” і шэраг іншых работ.
Аўтар аналітычных партрэтаў прадстаўнікоў беларускай навуковай, мастацкай і грамадска-палітычнай інтэлігенцыі (кнігі “Мікола Шчакаціхін” (1968), “Пётра Сергіевіч” (1970), “Пякучай маланкі след” (1981), “Вечны вандроўнік” (1984), “Песня — у спадчыну” (1989), “Цяжкая дарога свабоды” (1994), “Gloria Victis” (2010), “Выбранае” (2012)).
Асобнікі выдання “Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча”, якія захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, маюць дарчыя надпісы.
Арсеню Лісу належыць аўтарства чатырох манаграфій па беларускім каляндарна-абрадавым фальклоры: “Купальскія песні” (1977), “Валачобныя песні” (1989), “Жніўныя песні” (1993), “Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў. Эстэтычны аспект” (1998).
Асобная глава біяграфіі Арсеня Ліса – гэта яго дзейнасць як аўтара, суаўтара і складальніка падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па курсе беларускага фальклору, мастацкай літаратуры.
Удзельнік шасцітомнага тэарэтычнага даследавання “Беларускі фальклор: віды, жанры, паэтыка” (2001–2008).
Суаўтар шасці сцэнарыяў дакументальных фільмаў: “Песня на ўсё жыццё”, “Прысады Максіма Гарэцкага”, “Зямля Тарашкевіча”, “Аркадзь Смоліч”, “Дзядзька Уласаў”, “Адвечныя званы”.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за падрыхтоўку і выданне шматтомнай акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць” (1986), лаўрэат літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага за кнігу “Цяжкая дарога свабоды” (1994).
Таццяна Васільеўна Валодзіна, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук: “Арсень Сяргеевич Ліс – надзвычайны інтэлігент у самым высокім разуменні гэтага слова. Заўсёды гатоў прыйсці на дапамогу ў самую цяжкую хвіліну – гэта значыць менавіта тады, калі гэтая дапамога вельмі патрэбна.
Шчыры дарадца і лепшы кансультант маладых вучоных па многіх праблемах. Ён ведае шмат вершаў не толькі з беларускай, а таксама з сусветнай паэзіі. Калі мы збіраемся па якім-небудзь выпадкам, то з задавальненнем слухаем сусветную паэзію ў выкананні А.С. Ліса.
Наогул, гэта чалавек шчыры і адначасова прынцыповы. Вельмі сціплы,
а таму не любіць, каб яго занадта хвалілі, дакладней афіцыёзу вакол
сваёй асобы”.