Ад Браніслава Тарашкевіча да сучасных інфармацыйных тэхналогій
23 лютага 2024 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылося мерапрыемства, арганізаванае Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, “Ад Браніслава Тарашкевіча да сучасных інфармацыйных тэхналогій” (з прэзентацыяй выданняў).
Вядучая сустрэчы – загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы, доктар філалагічных навук Валянціна Паўлаўна Русак, звяртаючыся да прысутных, адзначыла, што першым сталым афармленнем і нармаваннем беларускага правапісу з падвядзеннем пад яго навуковай базы стала праца Браніслава Тарашкевіча “Беларуская граматыка для школ”, якая была выдадзена ў Вільні ў 1918 годзе. Аб высокай якасці першай работы ў галіне беларускага мовазнаўства сведчыць тое, што правапіс, сфармуляваны Тарашкевічам, ляжыць у аснове правапісных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Фактычна ён выступае падмуркам сучаснага мовазнаўства.
Слухачам былі прадстаўлены навуковыя здабыткі сучаснікаў. У 2017 годзе быў створаны грунтоўны лінгвістычны даведнік па культуры беларускага вымаўлення “Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы” — першы поўны акадэмічны слоўнік беларускай мовы, які фіксуе правілы літаратурнага вымаўлення. У аснову рэестра арфаэпічнага даведніка, які складае больш за 117 тыс. слоў, пакладзены рэестр “Слоўніка беларускай мовы”. Комплекснае прадстаўленне сістэмы арфаэпічных норм сучаснай літаратурнай беларускай мовы падрыхтавана спецыялістамі двух інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі. Сэрвіс “Генератар арфаэпічнага слоўніка” выконвае задачу канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю ў адпаведнасці з нормамі сучаснага беларускага маўлення.
У нацыянальным мовазнаўстве пры дапамозе сучасных камп’ютарных тэхналогій вядзецца апрацоўка літаратурнай спадчыны Якуба Коласа. На базе 20-томнага збору выданняў твораў пісьменніка падрыхтаваны “Слоўнік мовы Якуба Коласа”. Сістэматызаваны лексіка-графічны матэрыял ілюструе не толькі літаратурнае майстэрства пісьменніка, але і багацце нацыянальнай мовы ўвогуле. Падрыхтоўка слоўніка ажыццяўляецца ў праграме Kolas2022.exe.
Адным з накірункаў дзейнасці аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі з’яўляецца міжнароднае супарцоўніцтва. Агульнаславянскі лінгвістычны атлас, ці скарочана АЛА, – гэта вялікі міжнародны праект па даследаванні фанетыкі, граматыкі, лексікі і семантыкі ва ўсіх славянскіх мовах.
Прадстаўнікі лабараторыі распазнання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага Інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі прадставілі свае разработкі – праекты “Галасавы AI-асістэнт” і “Платформа Штучнага Інтэлекту”. Мэта праекта “Галасавы AI-асістэнт” – распрацаваць платформу з пытальна-адказнымі сістэмамі, з якімі можна пагаварыць голасам ці тэкстам, у тым ліку па-беларуску. Праект напраўлены на пашырэнне вядомасці ў свеце беларускай мовы, культуры і гісторыі. “Платформа Штучнага Інтэлекту” (распрацоўка алгарытмаў па збору даных) будзе ажыццяўляць збор на адзіным партале пад эгідай НАН Беларусі айчынных і замежных кампаній, каманд і індывідуальных распрацоўшчыкаў, практыкаў у галіне штучнага інтэлекту і пабудове агульнай палітыкі ў гэтай прадметнай галіне, дазволіць даследчыкам супрацоўнічаць, абменьвацца ведамі і вопытам, а таксама ствараць і ўдасканальваць алгарытмы, мадэлі і архітэктуры штучнага інтэлекту.
Падчас сустрэчы адбыўся круглы стол, прысвечаны памяці вядомага беларускага мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, фанетыста, дыялектолага, лінгвагеографа Ліліі Ціханаўны Выгоннай, якая доўгі час працавала ў лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Манаграфія Ліліі Ціханаўны “Інтанацыя. Націск. Арфаэпія” – першая ў беларускім мовазнаўстве грунтоўная праца, прысвечаная даследаванню праблем суперсегментнай фанетыкі. У ёй дэталёва разглядаюцца асноўныя кампаненты інтанацыі: мелодыка, інтэнсіўнасць, працягласць гучання моўных адзінак, тэмп і тэмбр.
Кнігі Л.Ц. Выгоннай затрабаваны і сёння. Падчас прамовы вядучай была прэзентавана выданне “Фанетыка роднага слова”, куды ўвайшлі выбраныя працы Л.Ц. Выгоннай.
Сваімі ўспамінамі пра Лілію Ціханаўну дзяліліся яе калегі, а таксама родныя і блізкія.
Праграму працягнуў выступ студэнтаў – удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “БУКет” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Да мерапрыемства Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі падрыхтавала кніжную выставу “Гісторыя і сучаснасць беларускага мовазнаўства”. У экспазіцыі былі прадстаўлены труды Б. Тарашкевіча, М.В. Бірылы і інш., а таксама апошнія выданні Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.