Выстава да 135-годдзя з нараджэння Уладзіміра Васілевіча Пігулеўскага
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў арганізавана выстава “Руплівец на ніве культуры”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Васілевіча Пігулеўскага (1889–1958), беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, педагога, пісьменніка, перакладчыка, крытыка.
Экспазіцыя складзена з дакументаў рукапіснага і кніжнага фондаў, што адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях Пігулеўскага. Сярод іх – дакументы да біяграфіі, творчыя рукапісы, у тым ліку шматлікія пераклады, артыкулы, асобныя друкаваныя выданні, узоры эпісталярнай спадчыны і інш.
Так, у раздзеле біяграфічных матэрыялаў прысутнічаюць дакументы, што распавядаюць пра службу У. Пігулеўскага ў царскай арміі, яго ўдзел у Першай сусветнай вайне і атрыманыя ўзнагароды, адлюстроўваюць перыяд дзейнасці на тэрыторыі Латвіі: у Люцынскай і Дзвінскай беларускіх гімназіях, у якасці дэпутата Латвійскага сейма і інш.
Раздзел “З творчай спадчыны” знаёміць з уласнымі творамі пісьменніка, яго перакладамі твораў розных аўтараў на беларускую, рускую, латышскую мовы, у тым ліку камедыі Я. Купалы “Паўлінка”, якая загучала на роднай мове мове латышоў на сцэне Латвійскага дзяржаўнага мастацкага тэатра, асобнымі выданнямі твораў А. Упіта і іншых латышскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову.
Таксама на выставе можна ўбачыць фрагметы эпісталярнай спадчыны У. Пігулеўскага, менавіта пісьмы вядомых беларускіх пісьменнікаў, народных паэтаў Беларусі М. Танка і П. Броўкі, патрыярха беларускага харавога мастацтва Р. Шырмы, педагога, актрысы, першай выканаўцы ролі Паўлінкі, залужанага дзеяча культуры БССР П. Мядзёлкі і інш.
Заключны раздзел экспазіцыі ўключае друкаваныя матэрыялы, прысвечаныя асобе У. Пігулеўскага, а таксама некаторыя дакументы калекцыйнага характару з яго асабістага архіва.
Аздабляе выставу разнастайны фатаграфічны матэрыял, што захоўваецца ў фондзе фондаўтваральніка.
Наведаць экспазіцыю можна да 11 красавіка 2024 г.