Лодка долі тваёй. Кастусю Цвірку 90 гадоў
Канстанцін Аляксеевіч Цвірка нарадзіўся 28 сакавіка 1934 года ў вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Канстанцін Аляксеевіч працаваў у раённай газеце «Рудзенская праўда», быў рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам Рэспубліканскага дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР.
У сваіх успамінах Цвірка ўзгадвае: «Мяне, аспіранта Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, уключылі ў склад этнаграфічнай экспедыцыі 1970 года. Маршрут – індывідуальны. Я павінен прайсці тымі сцежкамі, якімі болей чым сто гадоў назад хадзіў Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч)». У 1972 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, абараніў дысертацыю «Быт і культура беларусаў у творчасці Уладзіслава Сыракомлі». З таго часу – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 года Канстанцін Аляксеевіч – старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», а з 1984-га – рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя».
Кастусь Цвірка – аўтар зборнікаў вершаў «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Рэха дарог» (1982), «Хат вячысты дар» (вершы і паэма, 1982), «Зялёная Дуброва» (1987), «Лодка долі тваёй» (1988), а таксама кніжак вершаў і казак для дзяцей «Зайчыкаў хлеб» (1966), «Дарункі лесу» (1969), «Як Алесь згубіўся ў лесе» (1986), «Добрыя суседзі» (1988).
Сярод творчай спадчыны пісьменніка – мастацкія нарысы, звязаныя з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, – «Дарога ў сто год» (1974), «Той курган векавечны» (1985), а таксама манаграфія «Слова пра Сыракомлю» (1975).
Цвірка прыняў удзел у напісанні кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму» (1989). Складальнік тома «Вяселле. Абрад» (1978), кнігі ўспамінаў пра Змітрака Бядулю (1988), зборніка твораў Яна Чачота «Наваградскі замак» (1989).
У Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў захаваліся кнігі з дарчымі надпісамі Канстанціна Аляксеевіча, якія ён адрасаваў Анатолю Сцяпанавічу Вялюгіну і Ніне Іларыёнаўне Глебка.