Забыты геній. Да 125-годдзя з дня нараджэння Іллі Данілавіча Гурскага
26 красавіка 2024 года споўнілася б 125 гадоў з дня нараджэння Іллі Данілавіча Гурскага. Ён быў адным з тых, хто ўвасабляў новыя літаратурныя сілы савецкай дзяржавы, свята верыў у яго ідэалы і бязгрэшнасць. Гэтую веру ў лепшае ён перанёс і на старонкі сваіх твораў.
Сёння, хоць у сталіцы Беларусі Мінску адна з вуліц носіць яго імя, а на Уздзеншчыне, адкуль ён родам, у яго гонар названы школа і музей, Іллю Гурскага ведае далёка не кожны. А прыкладна 70 гадоў таму яго кнігі выдаваліся шматтысячнымі тыражамі – у тым ліку ў перакладах на рускую мову ў маскоўскіх выдавецтвах. Яго п'есы – «Дрыгва» (1928), «Новым шляхам» (1928), «Качагары» (1932), «Новы горад» (1933), «Сваты» (1935), «Свае людзі» (1950) – на родзіне ў тэатрах не здымаліся з рэпертуару.
Поспеху яшчэ спрыяла Біяграфія Іллі Данілавіча. Ён паходзіў з бяднейшай сялянскай сям'і, працаваў качагарам, быў цяжка паранены ў грамадзянскую вайну, а таксама і тое, што ў сваіх творах Малады літаратар абапіраўся на рэальныя факты, якія адказвалі духу часу.
Да прыкладу, раман-хроніка «Вецер веку» (1966) распавядаў пра падзеі, пачынаючы з Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў Петраградзе і канчаючы ўтварэннем Беларускай Савецкай Рэспублікі.
Аўтар нярэдка выкарыстоўваў фальклор: казкі, прыказкі, прымаўкі, што надавала тэкстам большую метафарычнасць. Ён часта падпісваў свае творы псеўданімамі Л. Бушма, Лявон Бушма, І. Даніловіч, а таксама крыптанімам І. Г-кі.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Ілля Гурскі быў у дзеючай арміі, дзе яму ў хуткім часе трэба было заняцца выпускам франтавой перыёдыкі. Газеты «За Савецкую Беларусь» и «За свабодную Беларусь», сатырычныя агіткі, у тым ліку рэдагуемая Іллёй Данілавічам «Партызанская дубінка», былі інфарматыўныя і трымалі чытачоў у курсе падзей Вялікай Айчыннай вайны, паведамляючы насельніцтву зводкі Саўінфармбюро і іншую карысную інфармацыю.
Асноўная тэма пасляваеннай творчасці пісьменніка – барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ёй прысвечаны многія творы І. Гурскага, у тым ліку аповесць «Лясныя салдаты» (1945) і раман «У агні» (1952; новая рэдакцыя 1959).
У 1951 г. выйшлі «Выбраныя творы» І. Гурскага. Пісьменнік з’яўляецца аўтарам кніг апавяданняў «Над Нёманам» (1945), «На родных гонях» (1948), «Зары насустрач» (1949), «Неспакойныя характары» (1955), «У вялікай дарозе» (1958), «Родная дарога» (1961), рамана-памфлета «Чужы хлеб» (1971).
У Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца амаль усе прыжыццёвыя выданні літаратурнай спадчынны Іллі Данілавіча Гурскага.
У Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў захаваліся кнігі з дарчымі надпісамі Іллі Данілавіча, якія ён адрасаваў свайму лепшаму сябру Пятро Глебку і Уладзіміру Дубоўке.
Дарэчы, з уласнай бібліятэкі Пятра Фёдаравіча Глебкі можна азнаёміцца ў віртуальным праекце бібліятэкі «Віртуальны мемарыяльны кабінет П.Ф. Глебкі ЦНБ НАН Беларусі».