«Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…»
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў дэманструецца выстава “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…”, прымеркаваная да Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня.
Па выніку Рыжскай мірнай дамовы 1921 года заходняя частка беларускіх этнічных земляў была далучаная да Польскай рэспублікі, на ўсходняй жа частцы працягвала функцыянаваць усталяваная ў канцы 1918 года беларуская савецкая рэспубліка. Гэты падзел разбурыў не толькі асабістыя сувязі паміж людзьмі, але і грамадска-культурныя і эканамічныя стасункі паміж дзвюма паловамі Беларусі. Аднак самаідэнтыфікацыя беларусаў як адзінай нацыі вытрымала і працягвала актыўна развівацца не толькі ў БССР, але і ў Заходняй Беларусі.
На выставе прадстаўленыя кнігі, газеты і часопісы, выдадзеныя ў БССР і ў Заходняй Беларусі ў 1920-я‒1930-я гады, якія дакладна дэманструюць адчуванне беларусамі свайго нацыянальна-культурнага адзінства. Так на старонках заходнебеларускай прэсы няспынна адсочваліся падзеі ў БССР, з асаблівым захапленнем ўспрымаліся дасягненні ў культурным будаўніцтве. Вельмі шырокі водгук мела пашырэнне тэрыторыі БССР у 1924 годзе.
Беларуская савецкая перыёдыка таксама не губляла цікавасці да Заходняй Беларусі, публікаваліся шматлікія матэрыялы аб нацыянальна-вызвленчым русе беларусаў у Польшчы, артыкулы аб культурных падзеях, у 1920-х гадах ішоў абмен навуковым вопытам.
Асобна трэба вылучыць важнасць беларускай літаратуры ў паглыбленні нацыянальнай еднасці беларусаў. Складанне корпусу класічнай літаратуры з’яўлялася важнай часткай працэсу ўтварэння беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Нягледзячы на складанасці і абмежаваныя магчымасці ў Заходняй Беларусі друкаваліся як кнігі твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, так і новыя творы маладых паэтаў і празаікаў савецкай Беларусі. На выставе заходнебеларускія выданні прадстаўленыя побач з савецкімі, каб навочна паказаць востра актуальную на той момант агульнасць беларускай мастацкай літаратуры.