110 гадоў з дня нараджэння Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча
30 верасня 2024 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча – заслужанага дзеяча культуры Беларусі, вучонага-хіміка, старэйшага сына Я. Коласа, збіральніка і папулярызатара спадчыны песняра, арганізатара і першага дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч пражыў некароткае цікавае жыццё, якое прысвяціў зберажэнню бацькавай спадчыны.
Ён быў сведкам многіх векапомных падзей бурлівага стагоддзя. Нараджэнне Данілы супала з цяжкім для ўсёй Еўропы перыядам – пачаткам Першай сусветнай вайны Менавіта ў 1914 годзе ў маладой сям’і Міцкевічаў з’явілася немаўлятка – першынец Данік. Яго маленства праходзіла ў часы вострых сацыяльных катаклізмаў: акрамя сусветнай вайны, з 1914 па 1921 год адбыліся дзве рэвалюцыі, а таксама вайна грамадзянская.
З 1921 г. сям’я жыла ў Мінску. Даніла вучыўся ў школе-сямігодцы, на курсах англійскай і нямецкай моў. Потым была хімпрафшкола, дзе юнак пазнаёміўся і на ўсё жыццё пасябраваў з хімічнай навукай. У 1936 г. Даніла скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым вучыўся ў аспірантуры і працаваў выкладчыкам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Д. К. Міцкевіч працаваў як вучоны-хімік у Сярэднеазіяцкім універсітэце і хімічнай групе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Ташкенце (Узбекістан), дзе займаўся распрацоўкай хімічных сумесяў для ваеннай прамысловасці. У жніўні – лістападзе 1943 г. кіраваў хімічным факультэтам адноўленага БДУ пад Масквой. З 1944 г. працаваў у Інстытуце хіміі НАН Беларусі на пасадах старшага навуковага супрацоўніка, вучонага сакратара, загадчыка лабараторыі. Быў апантаны сваёй працай і стаў сапраўдным прафесіяналам у галіне хіміі.
Лёс распарадзіўся так, што са смерцю Якуба Коласа Данілу Канстанцінавічу давялося пераўвасобіцца з прафесійнага хіміка ў прафесійнага музейшчыка: адкрыць Літаратурны музей Якуба Коласа, арганізаваць і стварыць экспазіцыю, філіялы на Стаўбцоўшчыне. Менавіта пад яго кіраўніцтвам музей стаў важным асяродкам коласазнаўства. У 1980 ён выйшаў на пенсію, але да канца жыцця заставаўся на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка гэтай установы.
Дасканалы знаўца біяграфіі народнага паэта, ён шчодра задавальняў патрэбы ўсіх цікаўных. Неацэнную паслугу аказаў работнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі пры падрыхтоўцы 12- і 14-томных Збораў твораў Якуба Коласа: вытлумачыў шмат якія моманты гісторыі напісання твораў, пракаменціраваў багатую эпісталярную спадчыну песняра.
Нястомны збіральнік, захавальнік і папулярызатар спадчыны народнага паэта Якуба Коласа. На працягу многіх гадоў ён кіраваў музеем, а потым быў яго старшым навуковым супрацоўнікам. Д. К. Міцкевіч выступаў у друку, на радыё і тэлебачанні, у школах з паведамленнямі і размовамі пра свайго знакамітага бацьку і яго спадчыну. Яго аўтарству належаць шматлікія артыкулы пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, успаміны пра яго, пра Янку Купалу, Сяргея Гарадзецкага і іншых. Даніла Канстанцінавіч браў удзел у складанні альбомаў «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1959, 1974). У выдавецтве «Полымя» ў 2000 г., ужо пасля смерці Д. Міцкевіча, выдадзена яго кніга «Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа».
Апошняе дзесяцігоддзе свайго жыццця Даніла Канстанцінавіч больш актыўна займаўся творчай працай, удзельнічаў у канферэнцыях, выступаў на розных мерапрыемствах, у друку, на радыё і тэлебачанні. У сямейным архіве Данілы Канстанцінавіча захаваліся лісты, запіскі, даверанасці, тэлеграмы ад яго бацькоў – Канстанціна Міхалавіча і Марыі Дзмітраўны Міцкевічаў. Спатрэбіўся пэўны час, каб разабраць і сістэматызаваць гэтыя дакументы. Паралельна амаль на працягу дзесяці гадоў ішла сумесная праца з акадэмічнымі тэкстолагамі над Зборам твораў Якуба Коласа ў 20 тамах, якая была завершана ў 2012 годзе, да 130-годдзя з дня нараджэння песняра.
Даніла Канстанцінавіч быў найактыўнейшым папулярызатарам творчасці свайго бацькі. Ён ахвотна сустракаўся з наведвальнікамі музея, выступаў у навучальных установах, у працоўных калектывах. Усё, што датычылася памяці песняра, турбавала і хвалявала Коласавага сына. Звыш 20 гадоў кіраваў Даніла Канстанцінавіч Літаратурным музеем Якуба Коласа, гэтай святыняй Беларусі, якая, дарэчы, мінулым годам адзначыла свой 60-гадовы юбілей.
Даніла Міцкевіч ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі, Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў культуры, медалямі “За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў”, “Ветэран працы”, медалём Францыска Скарыны.
З успамінаў Янкі Брыля: “Для нас, пісьменнікаў, ён быў братам, для адных старэйшым, для другіх равеснікам, заўсёды шчыра вітанным у Доме літаратара і ў рабочыя будні, і ў дні ўрачыстасцей. Заўсёды прыязны, найчасцей у светлым настроі, ураўнаважаны, заклапочаны лёсам роднай літаратуры, да апошніх дзён у клопаце пра бацькаву спадчыну”.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца прыжыццёвыя выданні Міцкевіча Данілы Канстанцінавіча. З яго працамі можна азнаёміцца ва ўніверсальнай чытальнай зале.