Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь – буйнейшы ў нашай краіне збор старажытнабеларускага, замежнага і сучаснага беларускага мастацтва. У 2024 годзе спаўняецца 85 гадоў з дня яго заснавання: 24 студзеня 1939 года пастановай Савета Народных Камісараў БССР у г. Мінску была арганізавана Дзяржаўная карцінная галерэя, а 5 лістапада 1957 года адбылося ўрачыстае адкрыццё гістарычнага будынку музея па вуліцы Леніна, 20.

Кароткі даваенны перыяд работы Галерэі звязаны з актыўнай дзейнасцю яе першага дырэктара, мастака-кераміста М. П. Міхалапа (1886 – 1979). Гэта быў час інтэнсіўнага фарміравання мастацкіх калекцый Галерэі: экспанаты паступалі з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля.


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Пасля ўз’яднання з БССР заходніх беларускіх зямель у верасні 1939 года ў Карцінную галерэю ў Мінску паступілі творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі, пазней – і частка багацейшай калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Да пачатку 1941 года ў фондах налічвалася каля 3000 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі. Пасля вайны была вернута толькі невялікая частка збораў, сабраных да вайны.

Пасляваеннае адраджэнне Галерэі звязана са шматгадовай падзвіжніцкай дзейнасцю яе другога дырэктара А. В. Аладавай (1907 – 1986). 

У 1957 годзе Карцінная галерэя пераязджае ў новы, спецыяльна пабудаваны для яе будынак (архітэктар М. І. Бакланаў) і атрымлівае назву Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Колькасць набытых экспанатаў да 1957 года дасягнула амаль што даваеннай.

1970 – 1980-я гады адзначаны актыўнай выставачнай дзейнасцю і кантактамі з іншымі музеямі. Пад кіраўніцтвам Ю. А. Карачуна (1931 – 1997), які ўзначальваў музей з 1977 года, актыўна папаўняўся збор сучаснага беларускага мастацтва. Калекцыя хутка расла. У старым будынку стала цесна: адчуваўся востры недахоп выставачных плошчаў. Яны пашыраліся за кошт стварэння сеткі філіялаў музея ў Мінску і гарадах рэспублікі. У 1993 годзе Ўрад Рэспублікі Беларусь надаў музею статус нацыянальнага. Зараз у зборах музея каля 27 тысяч экспанатаў.


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

У ХХI стагоддзе музей уступіў з перспектывамі далейшага развіцця і ператварэння ў буйны музейна-выставачны комплекс са значным даследчым патэнцыялам і рэстаўрацыйнай базай, уласным архівам і бібліятэкай, выдавецкім цэнтрам і сеткай філіялаў.

За апошнія гады зроблены канкрэтныя крокі па актывізацыі дзейнасці музея па ўсіх накірунках, у тым ліку і навукова-выдавецкім. Альбом “Скарбы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” паказвае толькі невялікую частку мастацкіх скарбаў, якія захоўваюцца ў музеі.


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Калекцыя старажытнабеларускага мастацтва налічвае больш за дзве тысячы экспанатаў, сабраных аматарамі даўніны,  археолагамі, музейшчыкамі, мастацтвазнаўцамі ў XXI – XX стст. Пасля рэстаўрацыі помнікаў, раскрыцця абразоў і скульптуры ад больш позніх запісаў, пацямнелаў аліфы, каляровых лакаў з’явілася магчымасць іх вывучэння.

У пластыцы Беларусі добра прасочваецца запазычванне традыцый візантыйскага мастацтва ў XII ст., асноўных еўрапейскіх стыляў – готыкі, Рэнесансу (XIV – XVI стст.) і барока (XVI – XVIII канец ст.). Зацвярджэнне ранняга барока праходзіла ў Беларусі амаль адначасова з вядучым культурным еўрапейскім цэнтрам – Рымам. У сярэдзіне другой палове XVII ст. на беларускіх землях склаўся свой нацыянальны варыянт гэтага стылю, які атрымаў назву сталага барока. Цудоўным прыкладам яго з’яўляюцца “Царскія вароты” з Магілёва (1669 – 1672) – узор “беларускай рэзі скразной”.


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Асноўнай місіяй і прыярытэтнай задачай Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь як галоўнага навукова-асветніцкага цэнтра з’яўляецца збіранне, экспанаванне і папулярызацыя лепшых узораў мастацтва як мінулых стагаддзяў, так і сучаснасці, выхаванне на іх гарманічна развітай асабы, захаванне нацыянальнай культурнай традыцыі для будучых пакаленняў.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца мноства каталогаў з творамі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. З імі можна азнаёміцца ва ўніверсальнай чытальнай зале.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси