Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым

14 лістапада ў Беларусі святкуюць Дзень каваля. Раней прафесія каваля была асабліва запатрабаваная, бо майстры рабілі сярпы, падковы, малаткі і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

Цікава, што у гэты ж дзень у 1813 годзе нарадзіўся паэт і таленавіты каваль, легенда беларускай літаратуры – Паўлюк Багрым.

Узор кавальскага мастацства  XIX стагоддзя – жырандоля працы Паўлюка Багрыма ўпрыгожвае касцёл у Крошыне – роднай вёсцы майстра. Скарб мастацтва прыцягвае ўвагу людзей, якія з розных куткоў Беларусі едуць да яе, каб на ўласныя вочы падзівіца на цуд. 


Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым

Што да паэтычных твораў Багрыма: да нашага часу, на вялікі жаль, захаваўся адзіны верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”

Зайграй, зайграй, хлопча малы.
І ў скрыпачку і ў цымбалы.
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
"Дзе ж ты пойдзеш, небарача?.."
Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
З шчасцем на вас азірнуся.
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не нарадзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасліўшая ты б была!
Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:
У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі…
А я і расці баюся,
Дзе ж я, бедны, абярнуся?
Ой, кажа́не, кажанé!
Чаму ж не сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.


Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым
Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым

Хто ж такі Паўлюк Багрым? Каваль, аўтар аднаго верша ці літаратурная містыфікацыя…

Па большасці звестак, нарадзіўся ён 14 лістапада 1813 годзе ў вёсцы Крошын Наваградскага павета Гарадзенскай губерні (цяпер гэта Баранавіцкі раён) у сям’е рамесніка. Пачатковую адукацыю атрымаў у Крошынскай рыма-каталіцкай парафіяльнай школе, фундатарам якой быў мясцовы ксёнз Магнушэўскі. Яшчэ ў дзяцінстве Паўлюк пазнаёміўся з творамі Гамэра і Ізопа і быў моцна ўражаны прыгажосцю і гуманізмам старажытнагрэцкай паэзіі. Магчыма гэта стала першай нагодай для напісання ўласных вершаў. Вялікую ролю ў станаўленні паэта адыграла знаёмства з фальклёрам, а таксама з паэзіяй сучасніка, напрыклад Юльяна Нямцэвіча. Свабодавлюбства і антыфеадальны настрой гэтых паэтаў натхнілі Баграма на напісанне ўласных твораў, у якіх гучала імкненне да свабоды беларускага народа.


Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым
Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым

Адолейшы доўгі і нялёгкі шлях царскай службы, Багрым вярнуўся ў родную вёску, дзе пачаў працаваць кавалём як і ягоны бацька. У гэтым рамястве Паўлюк дасягнуў мастацкіх вяршыняў, пра што сведчыць зробленая ім металічная каваная жырандоля, якая і сёння захоўваецца ў крошынскім касцёле. Над яе стварэннем Багрым працаваў некалькі гадоў. Для некаторых вернікаў гэтая работа сваеасаблівы цудадзейны абраз, бо ў савецкі час жырандоля ўратавала касцёл ад разбурэння. Кажуць, што касцёл хацелі разабраць на будаўнічы матэрыял,  але пашкадавалі тую самую жырандолю.


Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым
Паэт і таленавіты каваль Паўлюк Багрым

Адзіны і цяпер легендарны верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” дайшоў да нас дзякуючы ўспамінам наваградскага адваката Ігнація Яцкоўскага “Аповесць з майго часу альбо літоўскія прыгоды”, дзе ўпершыню распавядаецца пра трагічную долю непрызнанага таленавітага паэта. А як доказ вялікага таленту прыводзіцца той самы верш. Багрым напісаў свой галоўны твор яшчэ ў юнацкім узросце, яму на той час было каля 10-15 гадоў. Гэты твор лічыцца сапраўдным шэдэўрам беларускай лірыкі ХІХ стагоддзя. Пазней знайшліся дакументы з архіваў, якія пашырілі веды пра паэта. Але ж вершаваных радкоў аўтарства Багрыма больш так і не знайшлося.

Сярод навукоўцаў віруе не мала тэорый пра жыццё і творчасць Паўлюка Багрыма, некаторыя прыпісваюць яму аўтарства шэрагу ананімных вершаў. Напрыклад “Гутарка Данілы са Сцяпанам”. Іншыя ўвогуле даказваюць, што верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” быў напісаны не Багрымам, а вобраз антыпрыгоннага паэта проста літаратурная містыфікацыя.

Як бы то не было, сёння імя Паўлюка Багрыма ведае кожны, хто хоць раз гартаў старонкі школьнай хрыстаматыі па беларускай літаратуры. Імя паэта адзначана і на мапе Беларусі. Адна з вуліц горада Баранавічы носіць імя Паўлюка Багрыма. А ў Крошыне, дзе нарадзіўся, жыў і быў пахаваны паэт у 1985 годзе адчыніў дзверы музей народных мастацтваў і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца кнігі, прысвечаныя цікавай постаці Паўлюка Багрыма. З імі можна азнаёміцца ва ўніверсальнай чытальнай зале.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси