Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Пятро Глебка

Паэт, літаратурны крытык, перакладчык. Вучоны-лінгвіст. Акадэмік НАН Беларусі, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957–1969).

Кабінет-музей пятра Глебкі анлайн

Біяграфія

Пятро Глебка (Пётр Фёдаравіч Глебка) нарадзіўся 6 ліпеня 1905 г. у вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння Уздзенскай сямігодкі ў 1923 г. працаваў сакратаром сельсавета, а ў 1924 г. паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Адначасова быў сакратаром рэдакцыі часопіса ”Узвышша”. Пасля заканчэння БДУ працаваў у рэдакцыях газеты “Калгаснік Беларусі”, часопіса “Полымя рэвалюцыі”. У час Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыях франтавых газет, у выдавецтвах Беларусі. У 1944 г. прызначаны кіраўніком групы па складанню “Руска-беларускага слоўніка”.

З 1945 г. працаваў у АН БССР – у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва. З 1956 г ён – дырэктар Інстытута мовазнаўства, а з 1957 – дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. З 1969 г. – акадэмік-сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР.

У 1955–1967 гг. выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Першыя вершы Пятро Глебка надрукаваў у 1925 г. У даваеннай творчасці ён праявіў прыхільнасць да рамантычнага кірунку ў паказе новай, савецкай явы. Творы часу Вялікай Айчыннай вайны прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, верай у перамогу над ворагам, услаўляюцца гераічныя справы беларускіх партызан, народа-змагара.

Галоўная тэма пасляваеннай творчасці – аднаўленне беларускіх гарадоў і вёсак, памяць вайны, барацьба за мір. Пятро Глебка аўтар паэтычных зборнікаў “Шыпшына”, “Хада падзей”, “Чатыры вятры”, “Размова аб шчасці”, “У тыя дні”, “Вобразы роднай краіны” і інш., літаратурна-крытычных зборнікаў “Паэзія барацьбы і перамогі”, “ Пытанні гісторыі, філалогіі і мастацтва”. Перакладаў на беларускую мову творы А.Пушкіна, М,Лермантава, А.Чэхава, Дж.Байрана, А. Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі.

У 1968–1969 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук».

Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1939), Чырвонай Зоркі (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1955), Леніна (1965), медалямі.

Памер Пятро Глебка 18 снежня 1969 г.

Творы

Паэзія барацьбы і перамогі. Глебка

Паэзія барацьбы і перамогі : Артыкулы / Пятро Глебка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. — 350 с.

Кніга ў бібліятэцы
Пытанні гісторыі, філалогіі, мастацтва. Глебка

Пытанні гісторыі, філалогіі, мастацтва : Зборнік артыкулаў / Пятро Глебка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1975. — 303 с.

Кніга ў бібліятэцы

Творы пісьменніка ў каталоге бібліятэкі.

Пра пісьменніка

Мемарыяльны кабінет Глебкі анлайн.

Пра пісьменніка на сайце НАН Беларусі.

Фотагалерэя

топ-услуги