Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 18:00

Бірыла Мікалай Васілевіч

Мовазнаўца. Заснавальнік беларускай анамастыкі. Акадэмік НАН Беларусі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Біяграфія

Мікалай Васілевіч Бірыла нарадзіўся 10 верасня 1923 года ў весцы Скварцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Яшчэ ў школьныя гады праявіў цікавасць да роднага слова, і таму зусім натуральна, што скончыўшы ў 1940 годзе Станькаўскую сярэднюю школу, ён паступіў на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У гады вайны М. В.Бірыла змагаўся з фашысцкімі захопнікамі ў партызанскім атрадзе. Інстытут закончыў у 1947 годзе і паступіў на працу ў сектар дыялекталогіі Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. З гэтай пары далейшы лес яго быў звязаны з Акадэміяй навук, мовазнаўствам. З прыступкі малодшага навуковага супрацоўніка М. В. Бірыла  вырас да акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук, якое ўзначальваў працяглы час.

М. В. Бірыла  ўзначальваў вядучыя напрамкі беларускага мовазнаўства і ў кожным з іх здолеў сказаць сваё аўтарытэтнае, важкае слова. Міжнароднае прызнанне прынеслі Мікалаю Васілевічу даследаванні ў галіне дыялекталогіі. 3 першых дзён працы ў інстытуце ён зарэкамендаваў сябе як адзін з самых актыўных збіральнікаў дыялектных матэрыялаў, якія леглі ў аснову «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы», з яго ўдзелам была падрыхтавана тэарэтычная праца «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», адзначаныя ў 1971 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР, а таксама «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі».

Дыялекталогія, а дакладней лінгвагеаграфія, была на працягу доўгага часу ў цэнтры навуковай увагі акадэміка. Першым вынікам плённай навуковай працы ў гэтым рэчышчы была абарона кандыдацкай дысертацыі «Гаворкі Чырвонасла-бодскага раёна Бабруйскай вобласці», якая стала ўзорам для далейшых манаграфічных апісанняў асобных дыялектных зон Беларусі. Асабліва яскрава раскрыўся яго талент як дыялектолага ў працэсе працы над «Агульнаславянскім лінгвістычным атласам», якая выконваецца вялікім міжнародным калектывам вучоных. Пры яго актыўным удзеле   закладаліся тэарэтычныя асновы атласа, ствараліся карты і каментарыі да іх, з 1958 года, ён быў членам, а з 1978 года - намеснікам старшыні Міжнароднай камісіі па стварэнню Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа (АЛА), да 1992 года Мікалай Васілевіч з'яўляўся старшынёй беларускай нацыянальнай камісіі АЛА.

Эрудыцыя і высокая культура працы дазвалялі М.В.Бірыле весці шматаспектную навукова-даследчую працу. Ён вядомы як вопытны лексікограф - тэарэтык і практык адначасова, як буйны спецыяліст у галіне сучаснай беларускай мовы, які актыўна распрацоўваў пытанні нармалізацыі літаратурнай мовы. Выпрацаваныя ім навуковыя палажэнні і прынцыпы леглі ў аснову «Беларускай граматыкі»ў двух тамах (т. 1 - 1985, т. 2 - 1986), якая мае нарматыўную скіраванасць і да гэтага часу не страціла сваёй актуальнасці. Адным з вызначальных напрамкаў навуковай дзейнасці М.В. Бірылы да канца жыцця заставалася сучасная літаратурная мова і культура мовы. Ён шмат займаўся даследаваннем арфаэпіі і націску беларускай літаратурнай мовы, па гэтых тэмах апублікаваў шэраг грунтоўных артыкулаў і выдаў дзве кнігі — «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986) і «Слоўнік націску ў беларускай мове» (1992), якія ма юць вялікую не толькі тэарэтычную, але і практычную каштоўнасць.

М.В.Бірылу заўсёды прыцягвала ўсё новае, нязведанае ў мовазнаўстве, важныя для развіцця навукі праблемы, напрамкі, Пачынаючы з 60-х гадоў ён актыўна пачаў распрацоўваць анамастычную праблематыку. Асноўным аб'ектам даследавання ён абраў антрапанімію -  асабовыя ўласныя імёны, працаваў ў гэтай галіне вельмі зацікаўлена і плённа. Антрапанімічная праблематыка легла ў аснову чатырох дакладаў, з якімі ен выступаў на V—VII і IX Міжнародных з'ездах славістаў, шматлікіх навуковых і навукова-папулярных артыкулаў.

Сваімі працамі па імёнах, мянушках і прозвішчах М. В. Бірыла заснаваў новую галіну беларускай лінгвістыкі - анамастыку, стварыў беларускую анамастычную школу і вывеў яе на высокі міжнародны ўзровень. Падрыхтаваныя пад яго кіраўніцтвам навуковыя кадры паспяхова займаліся і працягваюць працаваць над праблемамі беларускай антрапаніміі і тапаніміі.

Заслугі Мікалая Васілевіча Бірылы  ў распрацоўцы праблем уласных імён былі высока ацэнены за мяжой, і ён у 1968 годзе быў уключаны ў склад Міжнароднай камісіі па славянскай анамастыцы. У 1969 годзе за працу «Беларуская антрапанімія» М. В. Бірыле прысуджана навуковая ступень доктара філалагічных навук. Праз два гады ён быў зацверджаны ў званні прафесара і абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1977 годзе -  акадэмікам АН БССР, у тым жа годзе яму было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. 3 гэтага ж года ён быў абраны акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук.

Мікалай Васілевіч Бірыла валодаў бясцэнным дарам кіраўніка, арганізатара навукі і педагога. Ён актыўна рыхтаваў мовазнаўчыя кадры. Пад яго кіраўніцтвам напісана і абаронена 20 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За час сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Васілевіч Бірыла напісаў і апублікаваў звыш 200 навуковых прац. Усе яны вызначаюцца тэарэтычнай глыбінёй і трывалай сувяззю з практыкай. Іх аўтар ніколі не замыкаўся выключна ў коле фундаментальных прац, ён ахвотна адгукаўся на любыя патрэбы часу, у сваіх папулярных публікацыях, выступленнях па радыё і тэлебачанні ў даступнай форме прапагандаваў дасягненні беларускай лінгвістычнай навукі.

Спалучэнне таленту арганізатара навукі і вучонага-даследчыка — з'ява надзвычай рэдкая. Творчая біяграфія Мікалая Васілевіча Бірылы адзін з прыкладаў такога шчаслівага спалучэння. Багатая творчая спадчына вучонага з'яўляецца яркай старонкай у гісторыі беларускага мовазнаўства, важкім укладам у многія галіны лінгвістыкі, а пройдзены ім творчы шлях -  найлепшы прыклад адданага служэння навуцы. Акадэмік Мікалай Васілевіч Бірыла быў і застаецца жывым увасабленнем усяго беларускага, ён жыў і працаваў па законах зямлі, на якой нарадзіўся, быў сапраўдным сынам свайго народа, ашчаджаў, шанаваў родную мову і культуру, усяляк спрыяў іх росквіту.

М. В. Бірыла ўзнагароджаны ардэнамі “Знак Пашаны” (1976), Працоўнага Чырвонага сцяга (1982), Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалём "За Адвагу" і іншымі медалямі.

Мікалай Васілевіч Бірыла памер 1 кастрычніка 1992 года.

Працы

Беларуская антрапанімія. Частка 3, Структура ўласных мужчынскіх імен. Бірыла

Беларуская антрапанімія. Частка 3, Структура ўласных мужчынскіх імен / М. В. Бірыла. — Мінск : Навука і тэхніка, 1982. — 320 с.

Кніга ў бібліятэцы Змест
Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Бірыла

Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак / М. В. Бірыла. — Мінск : Навука і тэхніка, 1969. — 111 с.

Кніга ў бібліятэцы Змест
Слоўнік націску ў беларускай мове. Бірыла

Слоўнік націску ў беларускай мове / М. В. Бірыла. — Мінск : Народная асвета, 1992. — 143 с.

Кніга ў бібліятэцы
Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Бірыла

Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы : Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія / М. В. Бірыла. — Мінск : Вучпедвыд БССР, 1961. — 206 с.

Кніга ў бібліятэцы

Усе працы вучонага ў каталоге бібліятэкі.

топ-услуги