Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Ластоўскі Вацлаў Юсцінавіч

Гісторык, этнограф, пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч. Супрацоўнік Інбелкульта. Акадэмік НАН Беларусі.

Инбелкульт: 100 лет со дня основания

Біяграфія

Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў былым засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння парафіяльнай школы ў 1894 годзе вучыўся ў Дзісенскай павятовай навучальні. У 1902 годзе ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве, потым трапіў у Пецярбург, дзе ўдала ўладкаваўся бібліятэкарам нейкай прыватнай студэнцкай бібліятэкі, адначасова зазіраючы ў аўдыторыі тамашнега універсітэта паслухать лекцыі славутых прафесароў. Нейкі час В. Ластоўскі жыў у Рызе, дзе спрабаваў здаць экзамены на атэстат сталасці, аднак, паводле ўласных слоў, «зрэзаўся» на расейскай мове. Пасля гэтага ён займаецца самаадукацыяй. У гэты час далучаецца да мясцовага беларускага нацыянальна-культурнага руху. З 1906 па 1908 гады В. Ю. Ластоўскі з'яўляецца членам Беларускай сацыялістычнай грамады. 3 сакавіка 1909 г. у Вільні становіцца рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша ніва». 1 студзеня 1910 года газета пачала друкаваць кнігу В. Ю. Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі». «Патрэбу гэткай кніжкі чулі ўсе», — падкрэсліць у 39-м нумары «Нашай Нівы» рэцэнзент, з задавальненнем канстатуючы: «Кніжка напісана жыва і зразумела для кожнага і даволі поўна на 104 страніцах дае абраз нашай мінуўшчыны».

У гісторыю беларускай літаратуры Вацлаў Ластоўскі ўвайшоў не толькі як аўтар першай кнігі пра мінулае Радзімы, напісанай на роднай мове. Ён — ініцыятар першай у XX стагоддзі шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль будучай літаратуры.

Вацлаў Ластоўскі быў таксама рэдактарам часопісаў «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газеты «Гоман» (1916–1917).

У час Першай сусветнай вайны В. Ластоўскі застаўся ў Вільні. У 1915 годзе разам з В. Святаполк-Мірскім і І. і А. Луцкевічамі падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад аб выданні беларускіх газет. Кайзераўскія акупацыйныя ўлады дазволілі выданне перыёдыкі на беларускай мове, а таксама і функцыянаванне пачатковых школ. Віленская беларуская газета «Гоман» апублікавала невядомыя аўтографы Максіма Багдановіча, выцягнула з нябыту імя Альгерда Абуховіча, змяшчаючы з нумара ў нумар ягоныя каларытнейшыя і беспрэцэдэнтныя (бо адзіныя для XIX стагоддзя) беларускамоўныя «Мемуары». В. Ластоўскі быў фактычным уладальнікам віленскай «Беларускай кнігарні» і Беларускага выдавецкага таварыства Ластоўскага, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні.

Гады кайзераўскай акупацыі сталі адмысловай школай для Ластоўскага-палітыка. Як колісь без універсітэтаў, самавукам здабываў веды, так цяпер даводзілася пакладацца на ўласную інтуіцыю і акрэслены светапогляд, уваходзячы ў кіраўніцтва грамадскіх суполак («Хрысціянская злучнасць»), або ствараючы іншыя кіраўнічыя структуры. Першай палітычнай арганізацыяй, дзе вылучыўся талент ідэолага Вацлава Ластоўскага, стала «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі». Гэта і ад яе імя на міжнароднай канферэнцыі ў швейцарскай Лазане прагучаў «Мемарандум прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё. У снежні 1919 года Народная Рада БНР, пацвердзіўшы вернасць трэцяй Устаўной грамаце за 25 сакавіка пра абвяшчэнне поўнай незалежнасці Беларусі, тым самым адкрыта выказаўшы пратэст супраць польскай акупацыі, абрала новы прэзідыум і кабінет. Прэм'ер-міністрам становіцца Вацлаў Ластоўскі. Праз тры дні, 17 снежня, частка ўрада БНР разам з новым прэм'ерам была арыштавана польскімі акупацыйнымі ўладамі. Вызвалены ў лютым 1920 г., В. Ластоўскі пераезжае ў Рыгу, а потым у Коўна.

В. Ю. Ластоўскі ўдзельнічаў у арганізацыі партызанскага руху супраць польскіх акупантаў. 20 кастрычніка 1920 года на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У верасні 1921 г. быў удзельнікам Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе. На гэтай канферэнцыі ўрад Ластоўскага быў прызнаны адзіным законным беларускім урадам. У 1920–23 гады з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю і інш., дзе выступаў за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі.

20.4.1923 года В. Ю. Ластоўскі падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра. Пасля чаго працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве, выдаваў часопіс «Крывіч» (1923–1927), надрукаваў некалькі падручнікаў. Разам з К. С. Дуж-Душэўскім і А. Ружанцовым В. Ю. Ластоўскі ўзначальваў «Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку: 1525–1925». Быў старшынёй Сувязі нац.-дзярж. вызвалення Беларусі, ад імя якой выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэннях. У лістападзе 1926 г. В. Ю. Ластоўскі быў запрошаны Інбелкультам на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі, на якой быў абраны старшынёй Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. Пад націскам неспрыяльных абставін у красавіку 1927 г. пераехаў у БССР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. 3 1927 г. правадзейны член Інбелкульта, акадэмік (1928) і неадменны сакратар Беларускай АН (1928–1929). У гэты час В. Ю. Ластоўскі займаўся рэдагаваннем выдання «Працы кафедры этнаграфіі», працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

20 лістапада 1929 г. пастановамі СНК БССР В. Ю. Ластоўскі быў вызвалены з пасады неадменнага сакратара Беларускай АН і пазбаўлены звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула Я. Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) у «Запісках аддзела гуманітарных навук», выдадзеных Інбелкультам. 21 ліпеня 1930 г. В. Ю. Ластоўскі быў арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска. Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10 красавіка 1931 г. быў высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага універсітэта. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. 23 студзеня 1938 г. «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім — у 1958 г. У званні акадэміка адноўлены ў 1990 годзе.

Працы

Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Ластоўскі

Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / Вацлаў Ластоўскі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. — 776 с.

Кніга ў бібліятэцы
Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Ластоўскі

Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік / Вацлаў Ластоўскі. — Коўна : Выдавецтва Міністэрства Беларускіх спраў у Літве, 1924. — 832 с.

Кніга ў бібліятэцы

Аб вучоным

Біябібліяграфічны паказальнік у рэпазіторыі бібліятэкі.

топ-услуги