Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Барысенка Васіль Васілевіч

Літаратуразнаўца, крытык. Акадэмік НАН Беларусі, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры (1937–1941), Інстытута літаратуры (1946–1974). Доктар філалагічных навук, прафесар.

Біяграфія

Васіль Васілевіч Барысенка нарадзіўся 25 красавіка 1904 года ў г. Барысаў у сям'і чыгуначніка. Да 1924 года жыў разам з бацькамі, працаваў на чыгунцы і, адначасова, вучыўся ў вячэрняй школе. Пасля заканчэння Барысаўскага педагагічнага тэхнікума ў 1924 годзе працаваў у пачатковай сельскай школе. З 1926 года па 1932 год вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні Беларускім дзяржаўным універсітеце, а потым у аспірантуры пры АН БССР. З 1930 года пачаў навукова-даследчую і літаратурна-крытычную дзейнасць, працаваў дэканам літаратурнага факультэта, дацэнтам на кафедры беларускай літаратуры Мінскага педінстытута (1932–1934), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры АН БССР (1934–1937), пасля дырэктарам гэтага інстытута (1937–1941) і па сумяшчальніцтву дацэнтам педінстытута. 3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны быў у дзеючай арміі (Заходні, Стэпавы, 2-гі Украінскі, Беларускі франты) у якасці спецыяльнага карэспандэнта армейскай газеты. Пасля дэмабілізацыі з 1946 па 1974 працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры АН БССР і па сумяшчальніцтву да 1960 года дацэнтам, затым прафесарам Мінскага педінстытута. У 1974 –1984 — навуковы супрацоўнік-кансультант Інстытута літаратуры АН БССР.

Друкавацца Васіль Васілевіч Барысенка пачаў з 1932 года. У 1937 годзе быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў БССР. Пачатак навуковай і літаратурнай дзейнасці Барысенкі прыпаў на складаны час у літаратурным жыцці краіны, на перыяд фарміравання марксісцка-ленінскіх прынцыпаў у савецкім літаратуразнаўстве, якое ішло няпростымі, супярэчлівымі шляхамі.

Яшчэ ў даваенны час склаліся сталыя абрысы творчага аблічча В. В. Барысенкі як вучонага-літаратара. У яго навуковых інтарэсах вельмі арганічна спалучаліся глыбокая зацікаўленасць гісторыяй літаратуры і крытычная страсць даследаваць бягучы літаратурны працэс. Асаблівай яго ўвагай карысталася творчасць народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Яго літаратуразнаўчыя і крытычныя працы - узор настойлівага вывучэння фактычнага матэрыялу, глыбокага навуковага роздуму, тонкай творчай інтуіцыі і высокай даследчыцкай страсці.

У пасляваенны час Васіль Васілевіч шмат увагі аддаваў практычным патрэбам вышэйшай і сярэдняй школы. 3 яго непасрэднай дапамогай, пад яго блізкім кіраўніцтвам і пры асабістым аўтарскім удзеле былі складзены праграмы, створаны хрэстаматыі, напісаны падручнікі па беларускай літаратуры для сярэдняй школы і для педагагічных вучылішчаў.

Сярод усіх клопатаў і турбот, заўсёды важных і надзённых, пераважала даследчыцкая зацікаўленасць праблемамі літаратуры. Асаблівай чытацкай папулярнасцю і навуковым аўтарытэтам карыстаецца манаграфія В. В. Барысенкі «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя», выдадзеная ў 1957 годзе. Без перабольшання можна сказаць, што гэта наватарская ва ўсіх адносінах кніга. У той час, калі гісторыкі беларускай літаратуры абмяжоўваліся нарысным разглядам пераважна творчасці аднаго пісьменніка, Васіль Васілевіч даў цэласны і разгорнуты малюнак літаратурнага жыцця ўсяго XIX стагоддзя, паказаў творчасць Ф. Багушэвіча як арганічнае звяно ў поступе эстэтычнай думкі беларускага краю.

Васіль Васілевіч Барысенка  з'яўляецца прызнаным аўтарытэтам у галіне тэорыі літаратуры і тэксталогіі. Пад яго кіраўніцтвам і асабістым удзеле ў рэспубліцы ажыццёўлены акадэмічныя выданні навукова каменціраваных збораў твораў класікаў беларускай літаратуры - Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча. М. Багдановіча, Кузьмы Чорнага.

В. В. Барысенка ўваходзіў у склад рэдакцыйных саветаў і калегій многіх літаратурных і навуковых выданняў у Мінску і ў Маскве.

У яго былі добрыя настаўнікі - такія відныя вучоныя і крытыкі, як прафесар Замоцін, Барычэўскі, Піятуховіч, і сам ён стаў добрым настаўнікам для маладых літаратараў.

Вялікая заслуга В. В. Барысенкі ў падрыхтоўцы творчых кадраў. Ён заўсёды добра разумеў велізарнае значэнне гэтай справы для ўзбагачэння духоўнай культуры рэспублікі і аддаваў ёй шмат сіл і энергіі. Можна смела сказаць, што менавіта пад яго клапатлівым кіраўніцтвам, з яго прамой ці ўскоснай дапамогай на сённяшні дзень узрошчаны і выпеставаны даволі шматлікі корпус беларускіх літаратуразнаўцаў і крытыкаў, які здольны вырашаць складаныя і адказныя задачы навуковага асвятлення гісторыі нацыянальнай літаратуры і яе сучаснага стану.

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне Васіль Васілевіч Барысенка узнагароджаны трыма ордэнамі і многімі медалямі. Яго шматгадовая паспяховая праца ў галіне літаратурнай навукі і крытыкі адзначана ўрадам ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949), трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Юбілейным медалём у сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння У. I. Леніна.

Васіль Васілевіч Барысенка апублікаваў больш за сто сур'ёзных навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфіі.

Памёр 26 ліпеня 1984 г.

Працы

Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст. Барысенка

Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст. / В. В. Барысенка. — Мінск : Выдавецтвава АН БССР, 1963. — 36 с.

Кніга ў бібліятэцы
Францішак Багушэвіч і праблема рэалізма ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Барысенка

Францішак Багушэвіч і праблема рэалізма ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя / В. В. Барысенка. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1957. — 364 с.

Кніга ў бібліятэцы

Все труды ученого в каталоге библиотеки.

топ-услуги