Навуменка Іван Якаўлевіч
Пісьменнік і літаратуразнаўца. Акадэмік НАН Беларусі, дырэктар Інстытута літаратуры (1973–1982). Доктар філалагічных навук, прафесар.
Біяграфія
Іван Якаўлевіч Навуменка – вядомы беларускі празаік, літаратуразнавец, акадэмік НАН Беларусі, лаурэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа – нарадзіўся 16 лютага 1925 г. у г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. У гады Вялікай Айчыннай вайны прымаў актыўны ўдзел у падпольнай дзейнасці, уваходзіў у армейскую разведвальна-дыверсійную групу, быў партызанам брыгады імя Панамарэнкі. У 1943 прызваны ў армію, ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, на Карэльскім перашыйку, ва Усходняй Прусіі, Сілезіі. Быў дэмабілізаваны ў снежні 1945 г.
Пасля дэмабілізацыі працаваў у газетах і адначасова займаўся на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, па заканчэнні яго паступіў у аспірантуру пры БДУ, якую скончыў у 1954 г. З 1953 г. працаваў загадчыкам рэдакцыі часопіса “Маладосць”, а з 1958 г. – старшы выкладчык, дацэнт, а пасля абароны доктарскай дысертацыі – прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ.
У 1972 г. І.Навуменку выбіраюць членам-карэспандэнтам АН БССР, і з гэтага моманту цэнтр ягонай дзейнасці пераносіцца ў беларускую Акадэмію. З 1973 па 1982 гг. ён узначальвае Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы, у 1980 г. яго выбіраюць акадэмікам АН БССР, а ў 1982 – віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. З 1992 г. ён саветнік пры Прэзідыуме НАН Беларусі. У 1995 г. яму прысвойваецца званне народнага пісьменніка Беларусі. У 1985–1990 гг. І. Я. Навуменка – дэпутат і старшыня Вярхоўнага Савета БССР. У 2000–2006 гг. – Старшыня Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Першыя апавяданні І. Навуменкі былі змешчаны ў часопісе “Маладосць” у 1955 г., а з 1957 г. кніга за кнігай выходзяць зборнікі апавяданняў і аповесцяў – “Семнаццатай вясной”, “Хлопцы-равеснікі”, “Верасы на выжарынах”, “Бульба”, “Таполі юнацтва”, “Тая самая зямля”,”Падарожжа ў юнацтва” і інш. Багатая жыццёвая біяграфія пісьменніка, яго ўнутраныя перажыванні і трывогі, летуценні і мроі сталі асновай для стварэння гэтых твораў. Героі І. Навуменкі бываюць наіўнымі і рамантычнымі, сур’ёзнымі і смешнымі, у многім яны дапаўняюць адзін аднога, а ў цэлым ствараюць вобраз маладога пакалення таго часу, якое прайшло праз суровыя выпрабаванні вайны.
Не адзін раз давялося Івану Навуменку глядзець у твар смерці, шмат загінула баявых таварышаў, таму так дорага пісьменніку памяць пра перажытае, таму так часта вяртаецца ён у мінулае, да вайны. У партызанскай трылогіі “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці” рамантычнае светаадчуванне “семнаццацігадовых” змяняецца душэўным болем, трагізмам. У творах І. Навуменкі 70 – 80-х гадоў (“Смутак белых начэй”, “Летуценнік”, “Асеннія мелодыі”) – роздум над складанымі праблемамі жыцця, усведамленне яго сэнсу, спроба даць адказ на вострыя пытанні рэчаіснасці.
Шырока вядомы І. Навуменка і як даследчык у галіне літаратуразнаўства. Ён аўтар манаграфій і крытычных артыкулаў, прысвечаных творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Творы І. Навуменкі перакладзены на балгарскую, латышскую, нямецкую, польскую, рускую і іншыя мовы.
І. Я. Навуменка ўзнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1967) за зборнік «Таполі юнацтва», Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа (1972) за літаратуразнаўчыя кнігі «Янка Купала: духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: духоўны воблік героя», прэміяй НАН Беларусі (1997) за цыкл манаграфій «Пекла сумарнага, збіральнага героя ды героя індывідуальна-псіхалагічнага ў беларускай літаратуры XIX – пачатку XX стагоддзя".
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1945), Працоўнага Чырвонага сцяга (1975), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1985), Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалём Францыска Скарыны (1990) і іншымі медалямі.
І. Я. Навуменка аўтар каля 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, больш за 80 выдадзеных асобнымі кнігамі мастацкіх твораў.
Памер 17 снежня 2006 г.
Творы
Інтэрнат на Нямізе : выбраныя творы / Іван Навуменка. — Мінск : Попурри, 2016. — 349 с.
Кніга ў бібліятэцыДзяцінства ; Падлетак ; Юнацтва : аповесці / Іван Навуменка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. — 620 с.
Кніга ў бібліятэцыЯкуб Колас : Духоўны воблік героя / Іван Навуменка. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1981. — 240 с.
Кніга ў бібліятэцы ЗместЛюбімы горад / Іван Навуменка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1999. — 222 с.
Кніга ў бібліятэцыДзяцінства : Аповесць / Іван Навуменка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. — 239 с.
Кніга ў бібліятэцыУсе творы пісьменніка ў каталоге бібліятэкі.
Пра пісьменніка
Пра пісьменніка на сайце НАН Беларусі.