Гутараў Іван Васільевіч
Літаратуразнаўца і фалькларыст. Член-карэспандэнт НАН Беларусі. Доктар філалагічных навук, прафесар.
Біяграфія
Іван Васільевіч Гутараў нарадзіўся 15 красавіка 1906 г. у вёсцы Волкаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Яшчэ ў раннім дзяцінстве ён асірацеў. Калі П. Лепяшынскі стварыў вопытную школу-камуну, туды пашчасціла трапіць Івану Гутараву. Пасля навучання ў школе-камуне (1920–1924 гг.) ён паступіў у музыкальны тэхнікум. Там ён атрымаў сярэднюю адукацыю i па пуцёўцы камсамола быў накіраваны на навучанне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Калектыў выкладчыкаў адразу заўважыў здольнасці студэнта, яго пачалі прыцягваць да педагагічнай практыкі.
У 1928 годзе, пасля заканчэння ўніверсітэта, І. Гутарава накіравалі выкладчыкам беларускай мовы i літаратуры ў Магілёўскі педінстытут. Дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта малады выкладчык атрымаў з рук Якуба Коласа, які доўгі час быў старшынёй экзаменацыйнай камісіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта i дапамог многім знайсці сваё месца ў жыцці.
Дзесяць год працы ў Магілёве былі часам творчай працы выкладчыка Івана Гутарава. Ён прапагандаваў літаратуру не толькі з кафедры, але i ca старонак перыядычнага друку, на занятках літаратурных гурткоў i аб'яднанняў. У час працы ў г. Магілёве Іван Гутараў друкуе i першыя свае тэарэтычныя даследаванні: «К. Маркс i Ф. Энгельс аб сутнасці i спецыфіцы мастацкай літаратуры» (1933 г.), «Ленінскі этап у літаратуразнаўстве» (1934 г.), якія потым былі выдадзеныя кніжкамі.
У 1938-1939 гг. І. Гутараў навучаўся ў аспірантуры Маскоўскага інстытута філасофіі i літаратуры. У 1939 годзе ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Паэтычнае майстэрства Уладзіміра Маякоўскага».
У перадваенныя гады Іван Васільевіч Гутараў працаваў ў Акадэміі навук БССР. Перад вучоным адкрыліся больш шырокія гарызонты навуковай дзейнасці. У 1939-1941 гг. ён займаў пасаду вучонага сакратара Аддзялення грамадскіх навук АН БССР.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Гутараў пайшоў добраахвотнікам ў шэрагі абаронцаў Радзімы. У 1941-1943 гг. ен был камісарам партызанскага атраду імя Шчорса, які дзейнічаў на Браншчыне.
Праводзячы шырокую прапагандысцкую i арганізацыйную работу ў партызанскай зоне Браншчыны, , I. В. Гутараў актыўна ўдзельнічаў у падпольным друку. У газеце «Партизанская правда» Арлоўскага абкома ВКП(б) ён змяшчае прапагандысцкія артыкулы, сатырычныя нарысы i гумарэскі. Пасылае свае «Рассказы о войне» у маскоўскі часопіс «Знамя» (№ 2–3, 1943), ні на хвіліну не спыняючы дзейнасць фалькларыста i даследчыка. Працу гэтую вучоны працягнуў i пасля таго, як быў адкліканы Центральным Камітэтам партыі i ваенным камандаваннем у Маскву (1943 г.). Заканамерным было з'яўленне ў друку такіх цікавых даследаванняў І. В. Гутарава, як «Савецкі патрыятызм – вялікая жыватворная сіла» (1948 г.), «Литература в строю» («Октябрь» № 3–4, 1946) i многія іншыя працы, змешчаныя ў «Советской книге» (№ 3–4, 1946) i г. д.
Пасля вайны I. В. Гутараў паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю «Партызанская вайна ў народнай творчасці».
Многія годы I. В. Гутараў сумяшчаў навукова-даследчую i педагагічную дзейнасць з выкананнем адказных партыйных абавязкаў. З 1945-1947 гг. ён быў адказным сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР, а затым (1947-1953 гг.) – загадчыкам аддзела навукі, літаратуры i мастацтва ЦК КПБ. У гэты перыяд ён прызначаны дацэнтам, а потым прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (1946-1954 гг.) i загадчыкам кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. I. Леніна (1947-1957 гг.).
У 1953 г. І. В. Гутараў выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР.
З 1957 г. І. В. Гутараў працаваў загадчыкам сектару Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.
Па яго ініцыятыве i непасрэдным кіраўніцтве выйшла кніга «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны». У 1959 г. выйшла з друку кніга «Вуснапаэтычная творчасць беларускага народа», у 1963 г. – «Беларускі сучасны фальклор».
Аўтар звыш 150 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.
Узнагароджаны ордэнам Леніна (1943), Чырвонага Сцяга (1942), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949), медалямі.
Памёр І. В. Гутараў 8 лютага 1967 года.
Працы

Борьба и творчество народных мстителей / И. В. Гуторов. — Минск : Государственное издательство БССР, 1949. — 304 с.
Книга в библиотеке
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць / І. В. Гутараў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 392 с.
Кніга ў бібліятэцы
Эстетические основы советской литературы / И. В. Гуторов. — Минск : Издательство АН БССР, 1950. — 516 с.
Книга в библиотеке
Основы советского литературоведения / И. В. Гуторов. — Минск : Вышэйшая школа, 1967. — 352 с.
Книга в библиотеке
Философско-эстетические взгляды А. С. Пушкина / И. В. Гуторов. — Минск : Издательство Белорусского университета, 1957. — 88 с.
Книга в библиотекеУсе працы вучонага ў каталоге бібліятэкі.