Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Мацкевіч Юзэфа Фларыянаўна

Мовазнаўца, буйнейшы спецыяліст па беларускай дыялекталогіі. Член-карэспандэнт НАН Беларусі. Доктар філалагічных навук.

Біяграфія

Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч нарадзілася 27 ліпеня 1911 г. ў в. Ухлё Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў Шклове сямігодку, яна паступіла ў Магілёўскі педагагічны тэхнікум. Пасля працавала настаўніцай пачатковай школы ў в. Гулькі Клімавіцкага раёна (1931-1933 гг.).

У 1934 г. Ю. Ф. Мацкевіч паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут на факультэт мовы і літаратуры. Пасля яго заканчэння ў 1938 г. яна пайшла ў аспірантуру Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук БССР (АН БССР), дзе спецыялізавалася па гісторыі беларускай мовы пад кіраўніцтвам праф. Е. С. Істрынай.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Ю. Ф. Мацкевіч жыла ў в. Слабада Смалявіцкага раёна, дзе была сувязной партызанскай брыгады “Смерць фашызму”.

У 1945 г. вярнулася ў Мінск і ўладкавалася на працу ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР ў сектар мовы, якім у той час кіраваў К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва).

У 1950 г. Ю. Ф. Мацкевіч узначаліла сектар дыялекталогіі, а фактычна і ўсю дыялекталагічную работу, што вялася ў рэспубліцы. Нязменным кіраўніком сектара яна была 36 гадоў. У 1986-1991 гг. працавала вядучым навуковым супрацоўнікам-кансультантам у Інстытуце мовазнауства ім. Я. Коласа АН БССР. З 1991 г. знаходзілася на пенсіі.

У 1946 г. Ю. Ф. Мацкевіч абараніла кандыдацкую дысертацыю “Літоўскі статут 1529 г. як помнік беларускай літаратурнай мовы XV – пачатку XVI стагоддзя”. У 1963 г. – доктарскую работу, асновай якой стала раней выдадзеная яе асабістая манаграфія “Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове” (1959 г.). Гэта праца – першая ў беларускім мовазнаўстве спроба апісання сістэмы дзеяслова з усёй складанасцю яго катэгорый і формаў на базе беларускіх гаворак і мовы мастацкай літаратуры.

У 1969 г. Ю. Ф. Мацкевіч была абрана членам-карэспандэнтам АН БССР.

Буйнейшы спецыяліст па беларускай дыялекталогіі. Арганізатар і актыўны ўдзельнік даследванняў беларускай лінгвістычнай геаграфіі. Даследвала дыялекты беларускай мовы, іх паходжанне і гістарычнае развіццё, структуру і суадносіны з гаворкамі славянскіх і балтыйскіх моў.

Пры яе ўдзеле і непасрэдным кіраўніцтве быў падрыхтаваны “Дыялекталагiчны атлас беларускай мовы” (1963 г.) – буйнейшае навуковае даследаванне беларускіх моваведаў у пасляваенны час. Працягам Атласа стала калектыўная праца “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1968-1969 гг.), якая была падрыхтавана па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Р. І. Аванесава і Ю. Ф. Мацкевіч.

У гэтыя ж гады супрацоўнікі сектара дыялекталогіі пад кіраўніцтвам Ю. Ф. Мацкевіч падрыхтавалі “Хрэстаматыю па беларускай дыялекталогіі” (1962 г.), “Нарысы па беларускай дыялекталогіі” (1964 г.) і інш.

Пад кіраўніцтвам Ю.Ф. Мацкевіч беларускія дыялектолагі разам са сваімі літоўскімі і польскімі калегамі падрыхтавалі 5-томны “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” (1979-1986 гг.). У слоўніку ўпершыню прадстаўлена лексіка буйной тэрытарыяльнай адзінкі – дыялектнай зоны, вызначанай на падставе этналінгвістычных дадзеных.

З’яўляецца рэдактарам і адным з аўтараў 5-томнага “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” (1993-1998 гг.) – аднаго з найбольш поўнага лінгвістычнага атласу ў славянскім мовазнаўстве, які прысвечаны картаграфаванню лексікі.

Аўтар звыш 90 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфіі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971 г.) у складзе аўтарскага каллектыву за комплекс прац па беларускай лінгвістычнай геаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000 г.) у складзе аўтарскага каллектыву за “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак”.

У 1978 г. ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР.
Узнагароджана ордэнам Дружбы народаў (1981 г.), медалём “За доблесную працу” (1970 г.), Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР (1970 г.).

Памёрла 24 лістапада 2003 г.

Працы

Дыялекталагічны атлас беларускай мовы / пад рэдакцыяй Ю. Ф. Мацкевіч. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1963. — 338 с.

Кніга ў бібліятэцы

Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : У 5 тамах / пад рэдакцыяй Ю. Ф. Мацкевіч. —Том4, Побыт. — Мінск : Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных дасладаванняў, 1997. — 150 с.

Кніга ў бібліятэцы Змест

Нарысы па беларускай дыялекталогіі : Вучэбны дапаможнік. — Мінск : Навука і тэхніка, 1964. — 415 с.

Кніга ў бібліятэцы

Мікратапанімія Беларусі : Матэрыялы. — Мінск : Навука і тэхніка, 1974. — 326 с.

Кніга ў бібліятэцы

Усе працы вучонага ў каталоге бібліятэкі.

Пра вучонага

Пра вучонага на сайце НАН Беларусі.

топ-услуги