Галоўнае ў жыцці – жыццё. Да 95 гадоў з дня нараджэння Еўдакіі Лось

Еўдакія Якаўлеўна Лось нарадзілася 1 сакавіка 1929 года ў вёсцы Старына Ушацкага раёна. Скончыла педагагічнае вучылішча, філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, працавала рэдактарам вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР, была літработнікам газеты “Звязда”, адказным сакратаром часопіса “Работніца і сялянка”, галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. Але ў гісторыю беларускай літаратуры яна ўвайшла, перш за ўсё, як паэтка, і яе творчасць па праву лічыцца адной з лепшых старонак беларускай жаночай паэзіі ХХ стагоддзя.
Еўдакія Лось пачала пісаць рана, ёй было ўсяго 19, калі быў апублікованы верш “Сэрца дзяўчыны”.

Першы яе зборнік называўся “Сакавік” (1958 г.) – у месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася, таму кніга была святочнай, можа, нават занадта. Усё бачылася ў квецені, у сонцы, ва ўзнёсласці, харастве: “Абудзіўся свет: я вельмі рада, што радзілася ў сакавіку”.
На гэта яе натхніў Пятрусь Броўка, калі ў канцы саракавых наведаў Глыбокае, дзе сустрэў студэнтку Глыбоцкага педвучылішча, паслухаў яе вершы, паверыў у яе творчыя сілы і падтрымаў. І Еўдакія Якаўлена засталася на ўсё жыццё ўдзячнай яму за гэта, вучылася ў яго сумленнаму і добраму погляду на жыццё.
Еўдакія Лось стала членам Саюза пісьменнікаў БССР у 1957. Паэтка адносіцца, да так званага, філалагічнага пакалення беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх Н. Гілевіч, Г. Барадулін, П. Макаль, А. Лойка, М. Арочка, А. Вярцінскі і многія іншыя. Для наступнага пакалення паэтак, такіх як Н. Мацяш, Я. Янішчыц, Т. Бондар, Р. Баравіковай Еўдакія Якаўлеўна стала амаль настаўнікам, прыкладам станаўлення творчай асобы.


Паэзія Е. Лось усё больш насычалася сацыяльнымі, маральна-этычнымі праблемамі, грамадзянскім запалам, што бачна і ў “Палачанцы” (1962 г.), і ў такіх кнігах, як “Людзі добрыя” (1963 г.), “Хараство” (1965 г.), “Галінка з яблыкам” (1973 г.) і іншых.
Дзесьці ў сярэдзіне 60-х гадоў яна адчула, што залішняя «замілаванасць» і «задушэўнасць» шкодзяць некаторым вершам, што напеўнасць традыцыйных паэтычных форм не ўзмацняе выразнасць думкі. Застаючыся паэтэсай – гэта яе галоўнае і адзінае прызванне як літаратара – яна паралельна звярнулася да іншых жанраў, да прозы. З’яўляюцца кнігі апавяданняў, навел “Пацеркі” (1966 г.), “Травіца брат-сястрыца” (1971 г.), шматлікія кнігі для дзяцей. Проза Еўдакіі Лось – проза паэтэсы, вельмі лірычная і асабовая па сваёй стылістыцы, з рысамі “інтыму” і той своеасаблівай жаноцкай тонкасці ў пачуццях, якая сагравае творы, робіць іх адметна шчырымі і прывабнымі.

Апошняя кніга Еўдакіі Якаўлеўны Лось – кніга вершаў і паэм “Лірыка ліпеня” (1977 г.).
У Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца ўсе паэтычныя зборнікі Еўдакіі Лось ад “Сакавіка” да “Лірыкі ліпеня”, а таксама сучасныя перавыданні яе твораў.



У Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў захаваліся кнігі з дарчымі надпісамі Еўдакіі Якаўлеўны, якія яна адрасавала Янку Брылю, Уладзіміру Дубоўку і Анатолю Вялюгіну.
Дарэчы, архівы Янкі Брыля і Уладзіміра Дубоўкі прадстаўлены ў віртуальным праекце бібліятэкі “Рукапісы не гараць”.