ВІРТУАЛЬНАЯ ВЫСТАВА ВЫДАННЯЎ
Цэнтральнае Бюро Краязнаўства
Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК), створанае ў 1924 г., разгарнула шырокую і актыўную дзейнасць па збіранні і апрацоўцы звестак аб беларускіх звычаях, гаворках, фальклоры, беларускім мастацтве і гістарычных помніках, а таксама аб прыродных і ландшафтных асаблівасцях беларускіх земляў. Адначасова ЦБК ставіла мэтай папулярызацыю краязнаўства, прыцягненне да супрацоўніцтва шырокіх колаў насельніцтва.
Тэрытарыяльнае павелічэнне БССР у 1924 г. прывяло да імклівага росту колькасці краязнаўчых арганізацый і іх сяброў, непасрэднае кіраўніцтва якімі выходзіла па-за магчымасці ЦБК. Таму была прызнаная неабходнасць выдання краязнаўчага часопіса, які зрабіўся б арганізацыйна-кіраўнічым інструментам бюро. Такім выданнем стаў штомесячны часопіс «Наш Край». У першым яго нумары, у артыкуле «Ад рэдакцыі», выдаўцы пісалі: “ЦБК спадзяецца, што на старонках нашага часопісу знойдзе свой адбітак праца ўсіх беларускіх краязнаўчых організацый, і заклікае ўсіх культурных працаўнікоў Беларусі ‒ вучоных, настаўнікаў, аграномаў, дактароў, савецкіх працаўнікоў на адміністрацыйнай і гаспадарчай глебе ‒ стаць у шэрагі супрацоўнікаў нашага выданьня і ўнесьці сваю частку ў справу выведваньня нашага краю”.
«Наш Край» пачаў выдавацца ў кастрычніку 1925 г.; часопіс павінен быў выходзіць штомесяц, але напачатку фактычна выходзіў радзей. У 1925 г. выйшла два нумары, адзін з іх падвоены, у 1926 г. свет пабачылі сем нумароў, пяць з якіх таксама былі выпушчаны падвоенымі. З 1927 г. выданне распачалося на поўную сілу. «Наш Край» стаў выпускацца кожны месяц і так друкаваўся да 1930 г., калі ён атрымаў новую назву ‒ «Савецкая краіна». У 1933 г. выхад часопіса спыніўся.
Нязменным рэдактарам «Нашага Краю» да моманта яго перайменавання заставаўся знакаміты беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля. Адзіным выключэннем стаў першы нумар 1926 г., які рэдагаваў сакратар ЦБК Мікалай Васільевіч Азбукін, географ і адзін з вядучых дзеячаў беларускага краязнаўства.
Адным з сяброў рэдакцыі «Нашага Краю» быў выдатны віцебскі этнограф, літаратуразнаўца і мастацтвазнаўца Мікалай Іванавіч Каспяровіч, які даследаваў архітэктуру, мастацтва і літаратуру Віцебска, склаў «Віцебскі краёвы слоўнік». Ён таксама быў арганізатарам Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства і рэдактарам неперыядычнага зборніка «Віцебшчына». На старонках «Нашага Краю» Каспяровіч пераважна выступаў з артыкуламі па арганізацыі краязнаўчай дзейнасці і гісторыі краязнаўства.
Галоўнымі інструментамі арганізацыі і пашырэння краязнаўчага руху праз «Наш Край» сталі надрукаваныя ў часопісе інструкцыі, праграмы, анкеты і апытальныя лісты, прызначаныя для выкарыстання мясцовымі супрацоўнікамі і карэспандэнтамі. Так, краязнаўцы атрымалі праз «Наш Край» інструкцыі па збіранні звестак аб глінах, пясках і камянях, хатніх рамёствах, па назіранні за снежным насцілам і замярзаннем рэк, па феналагічных назіраннях за дрэвамі, а таксама па арганізацыі гідралагічных назіранняў. Друкаваліся анкеты для выяўлення сучаснага народнага мастацтва, анкеты па прыродных фарбавых рэчывах, па стане аховы прыроды, для вывучэння рыбных багаццяў. Былі складзеныя праграмы па вывучэнні мястэчкаў, збіранні вуснай народнай творчасці, праграма вывучэння падземных вод, а таксама медычна-санітарнага вывучэння вёскі; падаваліся тлумачэнні па складанні гербарыяў. Краязнаўцам таксама прапаноўвалася прыняць удзел у зборы матэрыялаў для моўных і тэрміналагічных слоўнікаў.
Адначасова «Наш Край» стымуляваў далейшую працу краязнаўцаў на месцах, публікуючы атрыманыя звесткі. Друкаваліся дасланыя ў часопіс апісанні археалагічных і гістарычных помнікаў, архітэктуры, вёсак, мястэчак і гарадоў, звычаяў, абрадаў і паданняў, мясцовай флоры і фаўны, вадаёмаў, карысных выкапняў, эканамічнага стану асобных мясцовасцяў і прысутных там прадпрыемстваў.
На 1926 г. краязнаўчы рух ужо дасягнуў значных маштабаў: у ЦБК было зарэгістравана 167 гурткоў і таварыстваў, агульная колькасць сяброў якіх складала 5 000 чалавек. У лютым 1926 г. ЦБК правёў Першы ўсебеларускі краязнаўчы з’езд, які сабраў 143 дэлегатаў з розных мясцін Беларусі. На працягу пяці дзён былі агучаныя справаздачы аб дзейнасці цэнтральных і рэгіянальных арганізацый ЦБК, прачытаныя даклады аб асноўных напрамках краязнаўчага руху і на аснове дакладаў была прынятая рэзалюцыя. Па выніках дзейнасці з’езда былі апублікаваныя «Працы Першага ўсебеларускага краязнаўчага з’езду».
Згодна з рэзалюцыяй з’езда аб першачарговай важнасці навуковага апісання беларускіх тэрыторый, у 1927 г. ЦБК сумесна з кафедрай геаграфіі Інбелкульта выпусцілі зборнік «Асіпавіцкі раён Бабруйскае акругі. Краязнаўчае апісаньне» – першы з чатырох запланаваных па гэтым раёне выпускаў. У яго ўвайшлі матэрыялы па геалогіі, клімаце, фаўне і флоры Асіповіцкага раёна.
Праз год пасля першага з’езда, у лютым 1927 г., быў праведзены Другі ўсебеларускі краязнаўчы з’езд. 180 дэлегатаў удзельнічалі ў працы чатырох секцый: прыродна-геаграфічнай, культурна-гістарычнай, школьна-краязнаўчай і яўрэйскай. Вынікі працы з’езда былі абнародаваныя ў зборніку «Працы Другога ўсебеларускага з’езду».
Выданні ЦБК яскрава дэманструюць велізарную працу бюро дзеля ажыццяўлення велізарных планаў па ўсебаковым вывучэнні Беларусі.
- Каспяровіч, М. І. Віцебскі краявы слоўнік / Пад рэд. М Я. Байкова і інш.; Ін-т беларус. культуры. Ч. 1, А-М. – Віцебск : Б. в., 1926. – 192 с.
- Працы Першага Усебеларускага Краязнаўчага з'езду, 7-11 лютага 1926 году / Ін-т Беларус. Культуры, Центр, бюро краязнаўства ; адк. рэд. А. Смоліч. - Менск : ІБК, 1926. - 83 с. - (Аддзел 5, серыя 5 ; кн. 1).
- Працы Другога Ўсебеларускага Краязнаўчага Зьезду, 10-13 лют. 1927 г. / Ін-т Беларус. Культуры, Цэнтр. Бюро Краязнаўства ; адк. рэд. А. Смоліч. - Менск : ІБК, 1927. - 123 с. - (Аддзел 5, сэрыя 5 ; кн. 2).
- Асіпавіцкі раён Бабруйскае акругі: краязнаўчае апісанне / Ін-т Беларус. Культуры, Катэдра географіі, Цэнтр. бюро краязнаўства. - Менск : Выд. Ін-ту Беларус. Культуры, 1927. - Вып. 1 : Прырода. - 152 с.
- Віцебшчына : [зборнік] : неперыядычны орган Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства / пад кіраўніцтвам і рэдакцыяй М. І. Каспяровіча. – Т. 1. Віцебск : выданне Таварыства, 1925. 216, [2] с.
- Наш край : штомесячнік Цэнтр. Бюро Краязнаўства пры Ін-це Беларус. Культуры ; [рэд. М. Азбукін]. - Менск : ІБК, 1925. - № 1.
- Наш край : штомесячнік Цэнтр. Бюро Краязнаўства пры Ін-це Беларус. Культуры ; [рэд. М. Азбукін]. - Менск : ІБК, 1925. - № 2.
- Наш край : штомесячнік Цэнтр. Бюро Краязнаўства пры Ін-це Беларус. Культуры ; [рэд. 3. Бядуля ; чл. рэд.: М. Бялуга, А. Казак, М. Касьпяровіч]. - Менск : ІБК, 1927. - № 1 (16).
- Наш край : штомесячнік Цэнтр. Бюро Краязнаўства пры Ін-це Беларус. Культуры ; [рэд. С. Плаўнік
(3. Бядуля)]. - Менск : ІБК, 1926. - № 12.