ІНБЕЛКУЛЬТ 100

100 гадоў таму быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) – першая навуковая ўстанова Беларусі ў найноўшы перыяд яе гісторыі. Інбелкульт адкрыў беларусам і ўсяму свету народ з яго мовай, культурай, гісторыяй, краіну з яе прыродай і нетрамі. У 1928 г. на базе Інстытута была заснавана Беларуская акадэмія навук.

ГІСТОРЫЯ І ДАСЯГНЕННІ ІНБЕЛКУЛЬТА

Дасягненні Інстытута нельга зводзіць толькі да адной навукі. Інбелкульт узначаліў шырокі інтэлектуальны, культурны і нацыянальны рух і запусціў працэс самапазнання беларускай нацыі. Ён стаў сістэмаўтваральнай інстанцыяй, генератарам і выразнікам ідэй, актыўны, жывы і творчы водгук на якія вызначаў новыя канфігурацыі беларускай культуры і фарміраваў нацыянальную ідэалогію. Аб дзейнасці ўстановы, яе дасягненнях, а таксама аб шляху ў напрамку да рэарганізацыі Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук раскажа дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Аляксандр Груша.

ЛІЧБАВАЯ КАЛЕКЦЫЯ ВЫДАННЯЎ ІНБЕЛКУЛЬТА

Дзейнасць і дасягненні ўстановы адлюстраваліся ў розных гістарычных крыніцах. Але галоўнымі з іх з'яўляюцца навуковыя працы супрацоўнікаў Інбелькульта, многія з якіх не страцілі свайго навуковага значэння і сёння. Наша Бібліятэка, як правапераемніца Бібліятэкі Інбелкульта, валодае самай вялікай калекцыяй гэтых прац. Усю гэту калекцыю мы перавялі ў лічбавы фармат і прадстаўляем яе нашым чытачам. Дадзеная лічбавая калекцыя з'яўляецца галоўнай часткай нашага праекта.

ВІРТУАЛЬНАЯ ВЫСТАВА
ВЫДАННЯЎ ІНБЕЛКУЛЬТА

Выданні Інбелкульта каштоўныя не толькі як навуковая, але і як культурная спадчына, як помнікі эпохі. За кожнай кнігай, за кожным яе асобнікам стаіць гісторыя, якую яны могуць распавесці цярпліваму чытачу. Пазнаёмяць вас з гэтымі гісторыямі супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.

ФОТАГАЛЕРЭЯ ІНБЕЛКУЛЬТА

Тэмп дзейнасці Інбелкульта задаваўся высакароднымі марамі, прафесійным служэннем, крытычным розумам, актыўнасцю і аўтарытэтам беларускай інтэлігенцыі, якая мела ясную мэту, выразную пазіцыю ў пытанні нацыянальна-культурнага будаўніцтва і развіцця навукі ў Беларусі. Са здымкамі, якія адлюстравалі вобразы супрацоўнікаў Інбелкульта, а таксама месцы памяці, звязаныя з дзейнасцю гэтых супрацоўнікаў, можна азнаёміцца ў нашай фотагалерэі. Каб гэтыя здымкі сталі больш красамоўнымі, мы дадалі да іх вытрымкі з архіўных дакументаў, успамінаў і афіцыйных выданняў.

АРХІЎНЫЯ ДАКУМЕНТЫ
АБ БІБЛІЯТЭЦЫ ІНБЕЛКУЛЬТА

Немагчыма ўявіць сабе Інбелкульт без яго Бібліятэкі. Разам з Інстытутам яна расла і развівалася, пераадольваючы цяжкасці. Гэтыя рост і развіццё можна прасачыць па архіўных дакументах, ласкава прадастаўленых Цэнтральным навуковым архівам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта на базе Бібліятэкі Інбелкульта была створана тая Бібліятэка – Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая і прапаноўвае гэты праект.