Інстытут беларускай культуры (1922–1928).
Нараджэнне нацыі і нацыянальнай навукі
Стварэнне
Дзейнасць Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) з'явілася адным з асноватворных фактаў найноўшай гісторыі Беларусі. Інстытут узнік і дзейнічаў ва ўмовах рэалізацыі нацыянальнай палітыкі, якая праводзілася савецкай уладай. Для гэтай улады ўказаная палітыка была толькі палітычным манеўрам па кіраванні лаяльнасцю народа, які засяляў адну з савецкіх прыгранічных ускраін. Для беларусаў жа яна стала вялікім адкрыццём, якое дало ім гістарычны шанец вярнуцца ў сям'ю еўрапейскіх народаў.
Сведка падзей таго часу, у будучым вядомы гісторык, М.М. Улашчык пісаў: «Беларускі рух рос у геаметрычнай прагрэсіі. Беларусы, нацыянальна свядомыя людзі, перасталі быць навіною, дзівам. Колькасць іх узрастала амаль з кожным месяцам… Быў вялізны ўздым нацыянальнай свядомасці, людзі нечым хацелі праявіць сябе, нешта рабіць не чыноўнае, не абавязковае, але тое, што завецца “для душы”».
Ідэя заснавання Інбелкульта ўпершыню была агучана С.М. Некрашэвічам (ён прапанаваў і назву ўстановы) на сходзе беларускіх работнікаў асветы і культуры ў студзені 1921 г., скліканым народным камісарыятам асветы БССР. У гэты час Інстытут заснаваць не ўдалося – не хапала супрацоўнікаў, грошай, не было будынка і грунтоўнага плана. Ідэя рэалізавалася толькі часткова. У лютым 1921 г. пры наркамасвеце была ўтворана Навукова-тэрміналагічная камісія. Яна займалася актуальным і важным пытаннем стварэння беларускай навуковай тэрміналогіі, неабходнай для падрыхтоўкі школьных падручнікаў. На аснове гэтай камісіі і быў створаны Інбелкульт.
Звесткі аб Інстытуце беларускай культуры як структурным падраздзяленні Акадэмічнага цэнтра наркамата асветы ідуць з восені 1921 г. Але аб тым Інбелкульце, які заявіў пра сабе ў наступныя гады, можна гаварыць толькі з зімы 1922 г. Гэты Інбелкульт узначаліў С. М. Некрашэвіч.


Інстытут беларускай культуры (1922–1928).
Нараджэнне нацыі і нацыянальнай навукі
Структура. Дзейнасць
Унікальнасць установы заключалася ў тым, што як па задуме яго бацькоў-заснавальнікаў, так і па яе рэалізацыі ён спалучаў у сабе дзве іпастасі. Інстытут з'яўляўся адначасова навукова-даследчай і культурна-грамадскай установай. Ён быў прызваны служыць не толькі навуцы, але і культурнаму і нацыянальнаму выхаванню шырокіх мас працоўных.
Гэтай мэце былі падпарадкаваны як кадравы склад, так і структура ўстановы. У складзе Інбелкульта да 1927 г. працавалі і члены-карэспандэнты – не прафесійныя супрацоўнікі з ліку грамадскіх актывістаў, «жывыя свядомыя сілы беларускай правінцыі».
Аснову структуры Інстытута складалі секцыі і камісіі, перад якімі стаялі пэўныя навуковыя і грамадскія задачы. Пры гэтым абавязкі правядзення навуковых даследаванняў былі ўскладзены на пастаянныя камісіі, а секцыі мелі характар навуковых таварыстваў, якія павінны былі вызначаць напрамкі навуковай працы, стымуляваць даследаванні, абмяркоўваць іх вынікі, умацоўваць сувязь вучоных з грамадскасцю, у прыватнасці, з дапамогай правядзення адкрытых навуковых пасяджэнняў. У якасці кіраўнікоў і членаў секцый часта выступалі выкладчыкі ВНУ, у прыватнасці Беларускага дзяржаўнага універсітэта, супрацоўнікі іншых устаноў.
На правах пастаяннай камісіі ў 1924 г. пры Інстытуце было створана Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). Пра яго варта сказаць асобна. ЦБК было тым плацдармам, пры дапамозе якога Інбелкульт падтрымліваў сувязь з шырокай грамадскасцю.
Краязнаўчая дзейнасць мела не столькі акадэмічны, колькі практычны, ужытковы характар і павінна была садзейнічаць эканамічнаму і культурнаму будаўніцтву краіны.
Інбелкульт актыўна далучаў краязнаўцаў да працы па зборы фальклору, матэрыялаў жывой беларускай мовы, звестак аб сезонных з’явах прыроды, сельскіх промыслах і хатніх рамёствах і г. д. Пры гэтым праводзілася выразная мяжа паміж працай прафесійных вучоных і краязнаўцаў.
ЦБК стымулявала дзейнасць краязнаўчых арганізацый і ў справе абслугоўвання вытворчых сіл мясцовых адміністрацыйна-гаспадарчых і культурна-асветніцкіх устаноў з дапамогай прадастаўлення ім матэрыялу, які характарызуе асаблівасці дадзенай тэрыторыі, яе прыродныя і эканамічныя рэсурсы.
Густой сеткай гэтых арганізацый, у якіх бачылі магутную, творчую і дзейсную сілу, меркавалася ахапіць усю тэрыторыю БССР.
Важнай асаблівасцю Інбелкульта з’яўлялася тое, што ў яго структуры існавалі арганізацыі, якія вывучалі культуру нацыянальных меншасцяў – Яўрэйскі і Польскі нацыянальныя аддзелы. Гэта былі адзіныя ў сваім родзе арганізацыі ў СССР, а Яўрэйскі аддзел – адзіная падобная арганізацыя ў Еўропе. У далейшым пры Інбелкульце сталі дзейнічаць структурныя падраздзяленні па вывучэнні латышскай культуры і гісторыі Літвы.
З пункту гледжання гэтай мэты, кадравага складу і структуры Інбелкульт быў фенаменальнай установай.
На правах секцый пры Інбелкульце існавалі: Асацыяцыя навуковай арганізацыі працы і пры ёй псіхатэхнічная лабараторыя (з 1924), Навуковае таварыства па вывучэнні Беларусі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках (з 1925), а таксама ўсебеларускае аб'яднанне беларускіх паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», якое толькі пазней стала самастойнай літаратурнай арганізацыяй.


У 1922–1924 гг. Інбелкульт працягваў працу па стварэнні навуковай тэрміналогіі, прымаючы ўдзел таксама ў падрыхтоўцы падручнікаў, правядзенні настаўніцкіх курсаў па беларусазнаўстве, распрацоўцы і экспертызе школьных праграм, падрыхтоўцы навучальных планаў. Няпісанае права Інстытута зацвярджаць школьныя праграмы, а таксама рэкамендаваць кандыдатаў для ВНУ захоўвалася за ім і пазней.
Паступова ўстанова разгортвала навуковую дзейнасць, пашыраючы яе напрамкі, паставіўшы перад сабой задачу аб'яднання ўсёй навуковай дзейнасці ў Беларусі.
Поспехі Інбелкульта да 1924 г. былі гэтак важкімі, што ён стаў цалкам адпавядаць вобразу «гадунца Кастрычніцкай рэвалюцыі» (А. Р. Чарвякоў) і пераўтварыўся для партыйных і савецкіх уладаў Беларусі і СССР у значны палітычны сімвал дзяржаўнага ўздыму, сацыялістычнага і культурнага будаўніцтва, стаў часткай іміджавага актыву гэтых уладаў.
Згодна з Палажэннем, зацверджаным ЦВК і СНК БССР у ліпені 1924 г., Інбелкульт аб'вяшчаўся вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай Беларусі, у задачы якога ўваходзіла планавае даследаванне Беларусі ў галіне мовы, літаратуры, этнаграфіі, гісторыі, прыроды, эканомікі, сацыяльна-грамадскага руху і г. д., а таксама аб'яднанне ў гэтых галінах усёй працы, якая вялася як навуковымі ўстановамі і ўстановамі культуры, так і асобнымі даследчыкамі.
На працягу 1924–1927 гг. можна назіраць рост і развіццё Інстытута. Павялічваўся аб'ём дзяржаўных асігнаванняў на ўстанову. Расла колькасць членаў Інбелкульта. Калі ў канцы 1924 г. яна складала 56 чалавек, то на 1 кастрычніка 1926 г. – 224 чалавекі, з іх 83 – правадзейныя члены, 74 – супрацоўнікі, 67 – члены-карэспандэнты. Пашыралася тэматыка і напрамкі навуковай дзейнасці, павышаўся ўзровень даследаванняў.
Ішоў пошук найбольш аптымальнай структуры. У першай палове 1925 г. завершылася рэарганізацыя Інстытута. У гэты час да актыўнай працы прыступілі гісторыка-археалагічная, літаратурная, медыцынская, прыродазнаўчая, сельскагаспадарчая секцыі; камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, мастацтва і прыроды; па складанні слоўніка жывой беларускай мовы (слоўнікавая); па вывучэнні рэвалюцыйнага руху; правапісна-тэрміналагічная; па вывучэнні прыродных вытворчых сіл.
Да жніўня 1925 г. колькасць секцый дасягнула 10, а камісій – 15. У тым жа годзе ў Інбелкульта з'явілася свая бібліятэка, а ў 1926 г. – выдавецкі аддзел і друкарня (дарэчы, гэта менавіта той выдавецкі аддзел, дзякуючы, у тым ліку, дзейнасці якога выйшлі кнігі, прадстаўленыя ў лічбавай калекцыі выданняў Інбелкульта; і гэта менавіта тая бібліятэка, якая дадзеныя выданні захавала).
У падпарадкаванне Інстытута ў 1925 г. перайшоў батанічны сад у Вялікіх Лётцах, а ў 1926 г., а фактычна ў 1927 г. пры Інбелкульце быў створаны Заалагічны музей.


У 1926 г. вядомы расійскі і савецкі мовазнаўца, прафесар П.А. Растаргуеў так ацаніў дзейнасць адной з камісій Інстытута: «Праца слоўнікавай камісіі перасягнула ўсе мае чаканні і выклікалі пачуццё глыбокага пакланення перад энергіяй, з якой вядзецца складанне слоўніка».
Інстытуцыянальная сталасць Інбелкульта выявілася ў тым, што ён стаў фармуляваць задачы дзяржаўнага значэння і важнасці. Па ініцыятыве Інстытута ў студзені 1926 г. адбыўся Першы з'езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі. Ён прыняў рэзалюцыю, у прыватнасці, аб мэтазгоднасці перамяшчэння архіўнага фонду Літоўскай метрыкі як гістарычнай уласнасці працоўных Беларусі з Масквы ў БССР і яго выдання, што было б санкцыянавана асобнай пастановай заканадаўчых органаў БССР як прадмет дзяржаўнай справы; аб пастаноўцы перад урадам БССР пытання аб вяртанні ў музеі Беларусі прадметаў археалогіі і мастацтва, якія былі вывезены ў розны час за межы краіны і знаходзіліся ў музеях РСФСР; аб звароце да ўрада па пытанні аб вяртанні ў БССР бібліятэк, што былі вывезеныя з Беларусі.
Да пачатку 1926 г. аўтарытэт і пазіцыі Інбелкульта гэтак умацаваліся, што ў лютым ён быў вылучаны са складу наркамата асветы і, «адзначаючы важнасць Інстытута беларускай культуры ў галіне навуковых даследаванняў прыродных багаццяў рэспублікі, распрацоўкі навукі і пытанняў беларускай, яўрэйскай і польскай культур, а таксама прымаючы пад увагу працу, якая ўсё пашыраецца вакол яго, уплыў на культурную працу краю, які ўзмацняецца...», пераўтвораны ў самастойную ўстанову і перападпарадкаваны непасрэдна СНК БССР, а Старшыня Прэзідыума Інбелкульта – ім стаў У. М. Ігнатоўскі, увайшоў у склад СНК.


У асобе Інстытута беларуская навука дасягнула першых поспехаў у яе міжнародным прызнанні. У лістападзе 1926 г. ім была праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У ёй прынялі ўдзел вучоныя не толькі з Беларусі, але таксама з РСФСР, УССР, Германіі (Макс Фасмер), Польшчы (Юзэф Галомбек), Літвы (Міколас Біржышка) і Латвіі (Ян Райніс, Эрнэст Блэсэ), прадстаўнікі беларускіх нацыянальных меншасцяў з Літвы, Латвіі і Чэхаславакіі. Гэтая канферэнцыя, паводле прызнання аднаго з яе ўдзельнікаў, стала першым навуковым выхадам Беларусі на міжнародную арэну; Беларусь паказала, што яна падрыхтавана да навуковых выступленняў міжнароднага характару.


Поспехі Інбелкульта ў значнай ступені былі абумоўлены працай і аўтарытэтам выдатных арганізатараў і адміністратараў навукі, кіраўнікоў Інбелкульта, якія не пакідалі навуковую дзейнасць – С.М. Некрашэвіча, У.М. Ігнатоўскага, А.А. Смоліча, Я.Л. Дылы, В.Ю. Ластоўскага; кіраўнікоў ЦБК М.І. Бялугі, А.З. Казака, М.І. Каспяровіча; актыўнай навуковай пазіцыяй, талентам і энергіяй сталых, маладых і пачынаючых вучоных Я.М. Афанасьева, М.В. Азбукіна, М.Я. Байкова, М.Ф. Бліядухі, Я.І. Барычэўскага, П.А. Бузука, І.В. Воўк-Левановіча, М.І. Гарэцкага, А.А. Грыневіча, Д.І. Даўгялы, М.В. Доўнар-Запольскага, В.Д. Дружчыца, С.А. Дубінскага, І.І. Замоціна, М. А. Збіткоўскага, Я.Ю. Лёсіка, І.Д. Луцэвіча (Янкі Купалы), А.М. Ляўданскага, К.М. Міцкевіча (Якуба Коласа), Р.Я. Парэчына, М.М. Піятуховіча, К.М. Палікарповіча, І.А. Сербава, Б.К. Цярлецкага, А.У. Фядзюшына, А.І. Цвікевіча, А.А. Шлюбскага, М.М. Шчакаціхіна і многіх іншых.
Інстытут беларускай культуры (1922–1928).
Нараджэнне нацыі і нацыянальнай навукі
У кірунку да рэарганізацыі ў Беларускую акадэмію навук
Быў і яшчэ адзін фактар, які спрыяў росту і развіццю Інбелкульта. У планах кіраўніцтва краіны ён павінен быў стаць базавай установай, на аснове якой меркавалася стварыць Беларускую акадэмію навук – адну з першых у СССР.
Ланцуг падзей, звязаны са стварэннем гэтай акадэміі, быў запушчаны 8 кастрычніка 1924 г., калі ўпершыню ў дакладзе намесніка народнага камісара асветы А.В. Баліцкага на пасяджэнні СНК БССР было сказана, што Інбелкульт «разгортваецца ў пастаянна дзеючую навуковую ўстанову з тэндэнцыяй паступовага ператварэння ў Беларускую акадэмію навук», і што такой аўтарытэтнай навуковай установай, да голасу якой прыслухоўваліся б усе навуковыя арганізацыі не толькі ў Савецкай Беларусі, але і ў Заходняй «павінен стаць Інбелкульт, рэарганізаваўшыся ў пастаянна дзеючую навуковую ўстанову Акадэміі навук». СНК БССР даручыў наркамату асветы рэарганізаваць Інбелкульт «у пастаянную вышэйшую навукова-даследчую па тыпу Акадэміі навук установу, якая павінна заняцца сістэматычнай і плянавай апрацоўкай пытанняў навукі і культуры, датычных БССР».

Ідэя стварэння акадэміі, з'яўлялася месцам кансенсусу інтэлектуальнай, нацыянальнай і культурнай эліты Беларусі, партыйных і савецкіх уладаў рэспубліканскага і саюзнага ўзроўню. Для гэтых уладаў, якія надавалі вялікае значэнне сімвалатворчасці, яна валодала значным палітычным рэсурсам, сімвалічным капіталам, паколькі акадэмія навук стваралася на хвалі дзяржаўнага ўздыму, сацыялістычнага і культурнага будаўніцтва, якое ўзначальвала кампартыя і савецкая ўлада. Меркавалася, што беларуская акадэмія навук будзе першай і адзінай акадэміяй, створанай «рукамі Кампартыі і савецкай улады», якая да таго ж не мела традыцыі дакастрычніцкага часу. Гэта канчаткова падкрэсліць дасягненні кампартыі і савецкай улады ў галіне навук і мастацтва.
У чэрвені 1926 г. старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў у дакладзе Прэзідыуму ЦВК СССР адзначыў больш значнае месца Інбелкульту ва ўсёй сістэме ўстаноў БССР. Паводле яго слоў, «уся дзейнасьць Інстытуту даводзіць, што ён пусьціў глыбокія карэньні ў Беларусі і што грунтоўны характар і зьмест яго працы вядзе да далейшага яго разгортваньня і аформленьня ў выглядзе Беларускай Акадэміі Навук». У рэзалюцыі, прынятай Прэзідыумам ЦВК СССР па гэтым дакладзе, адзначалася, што Інбелкульт у сваім далейшым развіцці павінен пераўтварыцца ў беларускую акадэмію навук. У ліпені 1926 г. СНК БССР, кіруючыся ўказаннем вярхоўнага органа ўлады пастанавіў: «У звязку з агульнадзяржаўным уздымам Беларусі і буйным развіццём яе эканамічнага і культурнага будаўніцтва, лічыць неабходным з 1926–27 акадэмічнага года надаць Інстытуту беларускай культуры напрамак да паступовага ператварэння яго ў Беларускую акадэмію навук, не пакідаючы пры гэтым прынцыпу сувязі яго праз Нацыянальныя аддзелы, секцыі, навуковыя таварыствы і Бюро краязнаўства з шырокімі працоўнымі масамі».

Кіраўніцтва краіны садзейнічала поспехам Інбелкульта ў рэалізацыі ідэі яго рэарганізацыі ў акадэмію. Але калі справа даходзіла да практычных мер і да фактычнай змены статусу, то выходзіла, што Інстытут яшчэ не быў падрыхтаваны да рэарганізацыі. Не хапала кваліфікаваных кадраў, навуковыя распрацоўкі многіх з супрацоўнікаў не адпавядалі высокім навуковым стандартам, не было прыдатнай структуры, адсутнічала неабходная для прадуктыўнай працы матэрыяльна-тэхнічная база.
З 1926 г. пытанне аб рэарганізацыі Інбелкульта стаў вызначацца і ўнутрыпалітычнымі задачамі, у прыватнасці, ступенню кантролю за дзейнасцю ўстановы з боку кампартыі. А гэты кантроль быў яшчэ слабы. У штаце Інстытута актыўных камуністаў было мала, іх уплыў з'яўляўся нязначным. У той жа час істотная частка беспартыйных супрацоўнікаў знаходзілася пад «значным уплывам нацыянал-дэмакратычных настрояў». Яны праводзілі значную навуковую працу і карысталіся вялікім аўтарытэтам сярод супрацоўнікаў. Кампартыя засцерагалася, што гэтыя беспартыйныя супрацоўнікі могуць апынуцца на чале варожага ёй палітычнага руху інтэлігенцыі. Калі кіруючая партыя ў будучым пяройдзе да рэпрэсіўных метадаў барацьбы з ідэйнымі і палітычнымі апанентамі, некаторыя з гэтых беспартыйных дзеячаў створанай Беларускай акадэміі навук, будуць зняты з пасад і высланы з Беларусі. Пакуль жа кампартыі даводзілася змірацца з іх існаваннем і дзейнасцю, паколькі менавіта гэтая беспартыйная частка Інбелкульта задавала тон дзейнасці ўстановы, якая сімвалізавала поспехі рэвалюцыі і савецкай улады.
Партыя прымала меры да заняцця пануючых пазіцый у ідэйным і палітычным планах. Але сітуацыя з кантролем за дзейнасцю Інбелкульта з яе боку да канца 1926 г. змянілася нязначна.
З 1926 г. у Інстытуце быў зроблены асаблівы ўпор на навукова-даследчую дзейнасць, была ўзмоцнена праца па вывучэнні прыроды краіны.
Згодна з планам на 1926/1927 акадэмічны год 11 штатных супрацоўнікаў Інбелкульта павінны былі прыступіць «да акадэмічнай навукова-даследчай работы на новых прынцыпах. Група гэтых супрацоўнікаў, па мыслі Прэзідыума, павінна з'явіцца першай ячэйкай будучай Акадэміі». Што ўяўлялі гэтыя прынцыпы, не да канца ясна. Але з гэтага выказвання вынікае, што кіраўніцтва Інстытута праводзіла выразную мяжу паміж прынцыпамі працы існуючай установы і будучай акадэміі. Інбелкульт жыў чаканнямі рэарганізацыі, прымерваў на сябе вобраз і ролю Беларускай акадэміі навук.
У 1927 г. з мэтай ператварэння Інбелкульта ў акадэмічную ўстанову было праведзена некалькі важных мерапрыемстваў. Быў прыняты новы статут, які шмат у чым быў падобны да статутаў АН СССР і Усеўкраінскай акадэміі навук (заснавана ў 1918 г.). Ён разглядаўся як «акадэмічны». Дадзены статут быў зацверджаны СНК БССР 29 чэрвеня 1927 г. Утворана арганізацыйная структура і рэфармаваны ўстановы Інбелкульта ў адпаведнасці з прынцыпамі і задачамі новага статута. Створаны два аддзелы – аддзел гуманітарных навук і аддзел прыроды і гаспадаркі, два нацыянальныя сектары – польскі і яўрэйскі; аддзелы аб'ядноўвалі ў сабе класы, класы – кафедры; кафедры – камісіі, інстытуты, кабінеты, музеі, лабараторыі і інш.; нацыянальныя сектары (ярэйскі, польскі) дзяліліся на камісіі. Утвораны Акадэмічны савет, уведзены пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта. У непасрэднае падпарадкаванне
Прэзідыуму былі пастаўлены ЦБК, бібліяграфічная камісія, камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, вайскова-тэрміналагічная камісія, камісія па вывучэнні прыродных вытворчых сіл, бібліятэка і друкарня. Былі павышаны кваліфікацыйныя патрабаванні ў дачыненні да правадзейных членаў і супрацоўнікаў.
Але, нягледзячы на ўсе гэтыя змены, стварэнне Беларускай акадэміі навук у найбліжэйшы час так і не адбылося.
Вырашальнае значэнне для разумення таго, чаму і ў 1927 г. не адбылося пераўтварэнне Інбелкульта, мае адзін дакумент. Гэта перспектыўны план дзейнасці Інстытута на 1928/1929–1932/1933 акадэмічныя гады, які можна датаваць вясной 1928 г. Ацэнка стану ўстановы ў сувязі з перспектывай яго пераўтварэння ў беларускую акадэмію, пададзеная ва ўступе да адзначанага плана, з'яўляецца даволі крытычнай. З дакумента вынікае, што Інстытут меў недастатковае бюджэтнае фінансаванне; не хапала высокакваліфікаваных навуковых кадраў; адсутнічалі першасныя ўмовы для развіцця навукі (не было памяшкання, буйных бібліятэк, архіваў і г. д.); існавалі цяжкасці, звязаныя з падрыхтоўкай навуковых кадраў, аснашчанасцю абсталяваннем, неабходным для навуковых даследаванняў.
З гэтага дакумента таксама вынікае, што кіраўніцтва Інбелкульта мела яснае ўяўленне пра тое, прыняцце якіх мер павінна было абумовіць фактычнае здабыццё статусу акадэміі навук, і, што частка гэтых мер павінна была быць рэалізавана ў 1928 г.
Такім чынам, улады спрыялі развіццю Інбелкульта і садзейнічалі ўвасабленню ідэі яго пераўтварэння ў акадэмію навук. Але гэта пераўтварэнне стала доўгатэрміновым праектам. У кантэксце сур'ёзных сацыяльных і эканамічных пераўтварэнняў даводзілася лічыцца з немагчымасцю пераразмеркавання матэрыяльных сродкаў так, каб максімальна фарсіраваць стварэнне магутнага і аўтарытэтнага навуковага інстытута.
Храналогія юрыдычнага афармлення Беларускай акадэміі навук і яе адкрыцця такая: 4 кастрычніка 1928 г. Бюро ЦК КП(б)Б вырашае паставіць у ЦК УсеКП(б) пытанне аб перайменаванні Інбелкульта ў Акадэмію навук «да часу святкавання дзесяцігоддзя існавання БССР – у снежні месяцы 1928 года»; 8 кастрычніка Палітбюро ЦК УсеКП(б) прымае рашэнне аб задавальненні гэтай просьбы; 12 кастрычніка Бюро ЦК КП(б)Б даручае скласці праект пастановы аб перайменаванні Інбелкульта ў Акадэмію навук; 13 кастрычніка Бюро ЦК КП(б)Б ухваляе праект пастановы ЦВК і СНК БССР; 26 снежня СНК БССР зацвярджае статут Беларускай акадэміі навук і першы склад яго сапраўдных членаў; 1 студзеня 1929 г., у дзень дзесяцігадовага юбілею БССР, адбываецца ўрачыстае адкрыццё Беларускай акадэміі навук.
Інстытут беларускай культуры (1922–1928).
Нараджэнне нацыі і нацыянальнай навукі
Дасягненні
Што ж было зроблена Інбелкультам як першай навуковай установай краіны ў справе рэалізацыі нацыянальна арыентаванай палітыкі, у кантэксце ўсіх умоў, фактараў і стымулаў яго росту і развіцця, намаганняў яго кіраўніцтва і супрацоўнікаў у справе інстытуцыяналізацыі нацыянальнай навукі? Якія былі яго дасягненні? Якія навуковыя напрамкі ён адкрыў?
Інстытут правёў беспрэцэдэнтную па маштабе працу, якая тычыцца нармалізацыі лексічнага складу і граматычнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы, па вывучэнні яе дыялектаў і гісторыі. Ён легітымізаваў гэту мову ў сям'і самастойных моў.

Інбелкульт увёў беларускі народ у шматвяковую гісторыю, якая мела ў мінулым формы дзяржаўнай арганізацыі і высокай культуры.
Дзякуючы Інстытуту пачалася сістэматычная праца па выяўленні і даследаванні археалагічных помнікаў Беларусі. Менавіта супрацоўнікам Інбелкульта К.М. Палікарповічам была адкрыта першая на тэрыторыі Беларусі палеалітычная стаянка (каля в. Бердыж, цяпер – Чачэрскі р-н Гомельскай вобл.), а ўдзельнікамі краязнаўчага руху С.С. Шутавым і М.М. Улашчыкам – гарадзішча Банцараўшчына, якое стала эталонным помнікам адной з археалагічных культур жалезнага веку. Цікава адзначыць, што адны з першых археалагічных раскопак былі праведзены ў ваколіцах Мінска (каля вёсак Рылаўшчына і Пятроўшчына, у 1925 г., цяпер гэта тэрыторыя знаходзіцца ў межах г. Мінска, адпаведна, раён вул. Чурлёніса і вул. Пятроўшчына; каля в. Банцараўшчына, у 1926–1928 гг., і ў Заслаўі, у 1926 г.).


Інбелкульту належыць вялікі ўклад у справу аховы помнікаў археалогіі, культуры і прыроды. Нельга не адзначыць, што намаганнямі Інстытута было часова прыпынена разбурэнне рэшткаў старажытных храмаў Бельчыцкага манастыра ў Полацку, якія захоўвалі фрагменты фрэскавага роспісу. За гэты час стала магчымым правесці даследаванне адзначаных фрагментаў, пакуль у далейшым яны не былі знішчаны цалкам. Дзякуючы менавіта Інбелкульту ўдалося зрабіць здабыткам навуковай грамадскасці шэдэўр старажытнапалоцкага мастацтва – знакаміты крыж Ефрасінні Полацкай.
Інбелкульт перафарматаваў культурную памяць беларускай нацыі. Каштоўнасць і значэнне некаторых са створаных вобразаў гэтай памяці, як напрыклад, Францыска Скарыны, у нашы дні не проста захоўваецца, але і павялічваецца.
Шырокі маштаб набыла дзейнасць Інбелкульта ў галіне вывучэння этнаграфіі і фальклору Беларусі.
Інстытут стаў цэнтрам збірання, засваення, перапрацоўкі і выкарыстання спадчыны беларускага народнага мастацтва, стварэння нацыянальных форм драматургіі, музычнай творчасці і выяўленчага мастацтва. У гэтай установе бярэ свой пачатак беларускае мастацтвазнаўства з яе крытыкай, тэорыяй і гісторыяй мастацтва.
Трэба адзначыць, што пры самым актыўным удзеле Інстытута была арганізавана Першая ўсебеларуская мастацкая выстава, якая прайшла ў Мінску ў снежні 1925 – студзені 1926 г. На ёй экспанавалася больш за 1000 твораў беларускіх мастакоў. Гэта выстава паказала вялікі патэнцыял беларускага выяўленчага і прыкладнога мастацтва.


У асяроддзі літаратуразнаўцаў Інстытута, ва ўмовах свабоднага абмену меркаваннямі, ішоў актыўны і плённы пошук метадалагічных падыходаў у беларускім літаратуразнаўстве, у прыватнасці, тых, якія пераадольвалі спрошчанасць літаратуразнаўчых канцэпцый, што не даацэньвалі творчую ролю пісьменніка, адмаўлялі яму ў праве на творчую і светапоглядную эвалюцыю. Была пачата праца па падрыхтоўцы класічнай літаратурнай спадчыны і помнікаў старажытнай пісьменнасці, якая заклала асновы беларускай тэксталогіі.
З дзейнасцю Інбелкульта звязана станаўленне напрамка, у рамках якога вывучаўся стан здароўя насельніцтва краіны і фактары, што аказвалі ўплыў на яго паказчыкі.
У Інбелкульце былі закладзены асновы беларускай фларыстыкі і геабатанікі, навуковай тыпалагічнай класіфікацыі лясоў Беларусі, прыродаахоўнай дзейнасці. Атрыманыя ў Інстытуце вынікі паслужылі умовай стварэння такіх навуковых напрамкаў, як сістэматычны, геаграфічны, храналагічны аналіз флоры, батаніка-геаграфічнага раянаванне тэрыторыі, геабатанічнае картаграфаванне, лесатыпалогія і класіфікацыя лясной расліннасці.


Вынікам выканання даследаванняў у галіне геалогіі стала выяўленне на тэрыторыі Беларусі пакладаў вапняку, даламіту, мелу, дыятаміту і апокі, светла-зялёных глін, кварцава-глауканітавых пяскоў, фасфарытаў, бурага жалязняку. На участках, дзе былі выяўлены даламіты і даламітавы вапняк, цяпер дзейнічае прадпрыемства «Даламіт» (г. Віцебск), дзе быў выяўлены мел – «Крычаўцэментнашыфер» (Крычаўскі цэментавы завод).
Інстытут апярэдзіў многія навуковыя планы, якія былі рэалізаваны або сталі рэалізоўвацца толькі праз многія дзесяцігоддзі, а некаторыя толькі ў апошнія гады, напрыклад, стварэнне гістарычнага слоўніка беларускай мовы, падрыхтоўка шматтомнага выдання па гісторыі беларускага мастацтва, публікацыя кніг Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, правядзенне антрапалагічных даследаванняў.
Інбелкульт адкрыў беларусам і ўсяму свету народ з яго мовай, культурай, гісторыяй, краіну з яе прыродай і нетрамі. Ён сфармаваў навуковыя веды пра яе, ператварыўшы Беларусь у адзін з цэнтраў навуковага жыцця са сваёй інтэлектуальнай элітай.
Але дасягненні Інстытута нельга зводзіць толькі да адной навукі. Інбелкульт стаў на чале шырокага інтэлектуальнага, культурнага і нацыянальнага руху.
Планамерная і сістэматычная праца Інбелкульта галоўным чынам праз арганізацыю і каардынацыю краязнаўчай дзейнасці дала імпульс небываламу да гэтага культурнаму ўздыму ў асноўным у асяроддзі настаўнікаў і навучэнцаў, якія складалі аснову краязнаўчых арганізацый. Да сярэдзіны 1928 г. краязнаўцы аб'ядноўвалі ў сваіх шэрагах больш за 10 тыс. чалавек.
Краязнаўства стала ў краіне адной з вышэйшых формаў грамадскай стваральнай дзейнасці. Праводзячы пазнавальную і асветніцкую працу, папулярызуючы навуку, прыцягваючы да дапамогі ў навуковых распрацоўках, абуджаючы цікавасць да гісторыі і культуры, навакольнага прыроднага асяроддзя, заклікаючы да аховы помнікаў гісторыі, археалогіі і прыроды, стымулюючы правядзенне ўласных назіранняў і даследаванняў, Інстытут вучыў шанаваць здабыткі краіны, яе мінулае і сучаснасць, верыць у будучыню Беларусі. Бо тое, што раней было толькі сродкам камунікацыі і паўсядзённым асяроддзем (мова, побыт, прырода і г. д.), набыло навуковую значнасць і каштоўнасць, стала прадметам пільнай увагі і вывучэння, ператварылася ў знакі і сімвалы культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. Інстытут запусціў працэс самапазнання нацыі.
Ролю Інбелкульта ў культурагенезе і нацыягенезе нельга недаацэньваць. Ён стаў сістэмаўтваральнай інстанцыяй, генератарам і выразнікам ідэй, актыўны, жывы і творчы водгук на якія вызначаў новыя канфігурацыі культуры і фарміраваў нацыянальную ідэалогію. Гэта культура і ідэалогія выпрацоўвалі новую сістэму каштоўнасцей, новыя мадэлі мыслення і паводзін, новыя спосабы самавызначэння грамадзян, змянялі іх светабачанне, культурныя арыенціры, фарміравалі пачуццё гістарычнай і культурнай супольнасці, новыя гарызонты чакання, матывавалі да актыўнай і стваральнай дзейнасці. Дадзеная культура і ідэалогія да канца 1920 – пачатку 1930-х гг. настолькі ўзмацніліся, што сталі ўяўляць сур'ёзную пагрозу для ідэалогіі кіруючай партыі.


У 1930-я гг. жыццё многіх вядомых дзеячаў Інбелкульта скончылася трагічна. Ім былі прад'яўлены абвінавачванні ў палітычных злачынствах супраць савецкай улады. Многія з іх былі рэпрэсаваны. Сам жа Інбелкульт, які стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай навукі, быў абвешчаны цэнтрам варожых, нацдэмаўскіх, контррэвалюцыйных сіл і на многія дзесяцігоддзі адданы забыццю.
Але гісторыя рассудзіць. Яна ўжо выносіць справядлівы прысуд. У добрай, годнай і вечнай памяці, якая дазваляе грамадзяніну і нацыі прайсці складаны шлях самапазнання, знайсці галоўныя каштоўнасці і сэнсы, аддзяліць сапраўднае ад фальшывага і мінучага, узвысіць народ і стварыць будучыню краіны, застануцца толькі тыя, хто, кіруючыся высокім пакліканнем, у пазнанні таямніц сусвету і пошуку вечнай ісціны і гармоніі, прапаведаваў жыццё, творчасць, пошук і стварэнне. Сказанае адносіцца і да дзеячаў Інбелкульта.