Прэзентацыя выданняў, падрыхтаваных супрацоўнікамі ЦНБ НАН Беларусі
13 верасня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя выданняў, падрыхтаваных супрацоўнікамі ЦНБ НАН Беларусі і выдавецкім домам «Беларуская навука»: «Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына», «Кириллические издания XVI века: каталог изданий из коллекции ЦНБ НАН Беларуси», «Евангелле 1575 года – помнік славянскага кнігадруку XVI стагоддзя: з электронным дадаткам», а таксама адкрыццё выстаў, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: «Бібліі Рускай Францыска Скарыны – 500 гадоў» і «Са спадчыны паслядоўнікаў Скарыны».
Удзел у мерапрыемстве прынялі як беларускія даследчыкі, так і госці з Расіі, Літвы, Украіны, прысутнічалі таксама прадстаўнікі СМІ, студэнты гуманітраных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў Мінска.
На пачатку імпрэзы дырэктар акадэмічнай бібліятэкі Аляксандр Груша павітаў аўдыторыю, адзначыў пачэсных гасцей і павіншаваў калег з выхадам выданняў.
Зборнік артыкулаў, прысвечаных Францыску Скарыне, аб’яднаў пад сваёй вокладкай 15 аўтараў з розных краін. Падчас мерапрыемства тыя з іх, хто прысутнічаў у зале, распавялі аб сваім удзеле ў падрыхтоўцы выдання, падзяліліся думкамі наконт далейшых перспектыў даследавання тэмы асобы і дзейнасці Францыска Скарыны.
З боку літоўскіх даследчыкаў выступіў доктар гуманітарных навук, дацэнт, дырэктар Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Сігітас Нарбутас. Ён адзначыў, што асноўнай тэмай публікацый супрацоўнікаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх стаў аналіз перадумоў узнікнення кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Ад беларускіх аўтараў слова ўзяў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алесь Бразгуноў. Ён звярнуўся да асаблівасцей тэксту Бібліі, перакладзенай і надрукаванай Францыскам Скарынам у 1517–1519 гг. у Празе.
Украінскіх даследчыкаў прадставілі доктар гістарычных навук, прафесар, дырэктар Інстытута кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У.І. Вярнадскага Галіна Кавальчук і кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У.І. Вярнадскага Наталля Бондар.
Абедзве даследчыцы распавялі аб тым, як удзел у працы над зборнікам, стаў стымулам для далейшай працы ў амаль новай, не вельмі характэрнай для іх ранейшых даследаванняў тэме – скарыназнаўстве.
Напрыканцы свайго выступлення Галіна Кавальчук перадала ў фонд акадэмічнай бібліятэкі 2 апошніх нумары часопіса “Бібліотечний вісник”, а таксама кнігі, якія выйшлі ў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны і прысвечаны кнігазнаўчай тэме.
Ад імя аўтараў, якія даследавалі архіўныя дакументы, прысвечаныя гісторыі фарміравання традыцыі ўшанавання памяці Францыска Скарыны, выступіў малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Кірыл Сыцько. Ён расказаў аб ролі Інстытута беларускай культуры ва ўсталяванні традыцый шанавання памяці першадрукара, аб тым, якія складанасці прыйшлося пераадолець ініцыятарам гэтай справы.
Уражаннямі ад свайго знаёмства з выданнем падзяліўся доктар гістарычных навук, дацэнт, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Г.Я. Галенчанка. Сам зборнік і яго аўтарскі калектыў атрымалі высокую ацэнку даследчыка.
Пасля абмеркавання зборніка, прысвечанага Скарыне, Сігітас Нарбутас распавёў пра выставу «Бібліі Рускай Францыска Скарыны – 500 гадоў», падрыхтаваную Бібліятэкай імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. Узгадаў пра тое, што ўпершыню ў Беларусі яна прэзентавалася ў Полацку, у маі гэтага года, падчас Беркаўскіх чытанняў, паведаміў, што магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі выставы будзе прадастаўлена наведвальнікам акадэмічнай бібліятэкі на працягу месяца.
Другая частка мерапрыемства была прысвечана каталогу кірылічных выданняў XVI ст. і працы па даследаванню Евангелля 1575 г.
Кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Алена Цітавец павітала ўсіх прысутных, прадставіла іншых складальнікаў каталога, падзякавала ўсім, хто аказваў падтрымку ў працы і дапамагаў слушнымі парадамі. Пасля чаго Алена Цітавец пазнаёміла з выставай «Са спадчыны паслядоўнікаў Скарыны», на якой можна было ўбачыць экзэмпляры віленскага Евангелля 1575 г., даследаваныя ў асобным выданні «Евангелле 1575 года – помнік славянскага кнігадруку XVI стагоддзя», а таксама некаторыя з асобнікаў, апісаных у каталозе: Евангелле ананімнай маскоўскай друкарні (1558/1559), Астрожскую Біблію (1581), маскоўскі Апостал (1597) і іншыя.
Кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Джаміля Рамазанава, якая ўвайшла ў склад рэдакцыйнай калегіі каталога, павіншавала калег з яго выхадам і пажадала далейшых поспехаў.
Падзялілася сваімі прыемнымі ўражаннямі ад выніка працы беларускіх калег і Наталля Бондар, якая выступіла ў ліку рэцэнзентаў выдання.
Шмат цёплых слоў на адрас складальнікаў каталога прагучала з вуснаў пачэснай госці мерапрыемства доктара гістарычных навук, прафесара, супрацоўніцы гістарычнага факультета Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітета імя М.В. Ламаносава Ірыны Паздзеевай.