ВІРТУАЛЬНАЯ ВЫСТАВА ВЫДАННЯЎ

Праца па стварэнні навуковай тэрміналогіі і слоўніка беларускай мовы

Хоць афіцыйна Інбелкульт быў арганізаваны ў студзені 1922 г., аднак пачаткам яго зараджэння можна лічыць люты 1921 г., калі на сходзе беларускіх культурных працаўнікоў, скліканым Народным камісарыятам асветы, была выказана прапанова аб утварэнні грамадска-культурнай установы, якая б згуртавала вакол сябе лепшыя сілы беларускага грамадства дзеля культурнага адраджэння краіны. Паколькі на той момант не было магчымасці стварыць паўнавартасны інстытут, дадзеная прапанова знайшла ўвасабленне ў выглядзе Навукова-тэрміналагічнай камісіі, якая пачала працаваць пры Камісарыяце асветы з 10 лютага 1921 г. Мэтай камісіі стала выпрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі для далейшага напісання школьных падручнікаў і выкарыстання ў даследчай працы. 

Сябрамі камісіі былі такія выдатныя дзеячы беларускай навукі і культуры, як Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала), Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), Язэп Лявонавіч Дыла, Самуіл Яфімавіч Плаўнік (Змітрок Бядуля), матэматыкі Аляксандр Прохаравіч Круталевіч і Канстанцін Мардар’евіч Гадыцкі-Цвірка, хімік Часлаў Іванавіч Родзевіч, мовазнавец Мікалай Якаўлевіч Байкоў. 

Сакратаром Гуманітарнай секцыі камісіі стаў Язэп Юр’евіч Лёсік, мовазнавец, пісьменнік, былы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920-х гг. ён займаўся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю, апублікаваў некалькі падручнікаў па беларускай мове і некалькі прац па беларускай граматыцы, стаў адным з ініцыятараў і актыўных удзельнікаў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), праведзенай Інбелкультам. З 1925 г. Лёсік узначальваў Правапісна-тэрміналагічную камісію ў Інбелкульце.

Кіраўніком  Навукова-тэрміналагічнай камісіі быў Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч, які менавіта і з’яўляўся ініцыятарам заснавання як самой камісіі, так і Інстытута беларускай культуры. Мовазнавец Некрашэвіч займаўся лексікаграфіяй і дыялекталогіяй беларускай мовы, падрыхтаваў разам з Байковым «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928), а таксама распачаў працу па складанні першага слоўніка жывой беларускай мовы. У 1922 г. ён стаў першым старшынёй Інбелкульта, з 1927 г. узначальваў Аддзел гуманітарных навук.

З 1925 г. праца па складанні навуковай тэрміналогіі працягнулася ўжо ў асобных падраздзяленнях Інстытута, якія змянялі адзін аднаго ‒ у Правапісна-тэрміналагічнай, Галоўнай тэрміналагічнай камісіях, Інстытуце навуковай мовы.

Да канца 1928 г. Інбелкульт выдаў дзевятнаццаць выпускаў навуковай тэрміналогіі: па матэматыцы, літаратуры, геаграфіі і касмаграфіі, логіцы, псіхалогіі, геалогіі, батаніцы, музычнай тэорыі, лясной гаспадарцы, анатоміі чалавека, юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, біялогіі, лінгвістыцы, глебазнаўстве, бухгалтарскай справе, хіміі і сельскай гаспадарцы. Таксама разам з Вайсковай камісіяй пры Інбелкульце быў падрыхтаваны і выдадзены ў 1927 г. «Прыктычны беларускі вайсковы слоўнік».

Праца камісіі па тэрміналогіі стала адным з магістральных напрамкаў дзейнасці Інбелкульта, плённыя вынікі якой актуальныя і запатрабаваныя ў сучаснай Беларусі.

  1. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1922. – Вып. 1 : Элементарная матэматыка (арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, асновы аналітычнай геаметрыі i вышэйшага аналіза) : [рас.-беларус. сл.] / Мат. секцыя Беларус. навук.- тэрмінал. кам., Прыродазнаўчы аддз. Ін-та Беларус. Культуры. - 50 с.
  2. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1922. – Вып. 2 : Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва : [рас.- беларус. сл.] / Тэрмінал. Кам. гуманітар. секцыі Ін-та Беларус. Культуры. - 73 с.
  3. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1923. - Вып. 3 : Геаграфічныя і космаграфічныя тэрміны і назвы нябесных цел : [рас.-беларус. сл. / апрац.: М. В. Азбукін, Л. Л. Більдзюкевіч]. - 89 с.
  4. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1923 - Вып. 4 : Тэрмінолёгія лёгікі і псыхолёгіі : [рас.-беларус. сл. / прадмова М. Байкова]. - 61 с.
  5. Беларуская навуковая тэрмінолёгія: La terminologie scientifique Blanche- Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1924. - Вып. 5 : Геолёгія, мінэралёгія, крышталёграфія : [рас.-беларус. сл. / апрац. М. А. Грамыка]. - 43 с.
  6. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1924. – Вып. 6 : Ботаніка: агульная і спэцыяльная : [рас.-беларус. і лацін.-рас.-беларус. сл. / Ін-т Беларус. Культуры, Прыродазнаўчая секцыя. - 83 с.
  7. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] I Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1926. - Вып. 7 : Музычныя тэрміны : [рус.-беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Секцыя беларус. мастацтва ; [адк. рэд. А. Смоліч]. - 40 с.
  8. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1926. - Вып. 8 : Слоўнік лясных тэрмінаў : [рас.-беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, С.-г. секцыя ; [адк. рэд. А. Смоліч]. - 79 с.
  9. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1926. - [Вып. 9] : Nomina anatomica alboruthenica, вып. 1 : Анатамічныя назвы : агульныя назвы, касцяведанне, вязаведанне : [лацін.-рус.- беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Мед. секцыя. - 112 с.
  10. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1926. - Вып. 10 : Тэрмінолёгія права : [рас.-беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Праўная секцыя. - 104 с.
  11. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1926. - Вып. 11 : Тэрмінолёгія грамадазнаўства : [рас.-беларус. сл.] / Ін- т Беларус. Культуры [Гіс.-арх. секцыя], Аддз. Беларус. мовы і літ., Гал. тэрмінал. кам. ; [адк. рэд. А. Смоліч]. - 95 с.
  12. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1927. - Вып. 12 : Назвы жывёл : [лацін.-рас.-беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Прыродазнаўчая секцыя. - 71 с.
  13. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1927. - Вып. 13 : Nomina anatomica alboruthenica, вып. 2 : Myologia, splanchnologia, angiologia : [лацін.-рас.-беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Мед. секцыя. -175 с.
  14. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1927. - Вып. 14 : Слоўнік матэматычнай тэрміналогіі (праект) : [рас,- беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Аддз. мовы і літ., Гал. тэрмінал. кам. - 144 с.
  15. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] I Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1927. - Вып. 15 : Слоўнік граматычна-лінгвістычнай тэрміналогіі : (праект) : [рас.-беларус. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Аддз. мовы і літ., Гал. тэрмінал. кам. - 77 с.
  16. Беларуская навуковая тэрмінолёгія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1927. - Вып. 16 : Слоўнік глебазнаўчай тэрміналогіі (праект) : [рас.- беларус.-ням. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Аддз. мовы і літ., Гал. тэрмінал. кам. - 62 с.
  17. Беларуская навуковая тэрмінолёгія = La terminologie scientifique blanche-ruthénienne. Dix-Septiéme livraison : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры, Аддз. гуманітар. навук ; [выд. з дазволу В. Ластоўскага]. - Менск : ІБК, 1927. - Вып. 17 : Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі (проект). - 71 c.
  18. Беларуская навуковая тэрміналогія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1928.- Вып. 18 : Слоўнік хімічнай тэрміналогіі, ч. 1 : (Агульная хімія) : (праект) : [рас.-беларус.-яўрэй. сл.] / Ін-т Беларус. Культуры, Аддз. мовы і літ., Гал. тэрмінал. кам. - 179 с.
  19. Беларуская навуковая тэрміналогія : La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік] / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1928. - Вып. 19 : Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі : [рас.- беларус. сл.] : (праект) / Ін-т Беларус. Культуры, Аддз. мовы і літ., Ін-т навук. мовы. - 1928. - 76 с.