ВІРТУАЛЬНАЯ ВЫСТАВА ВЫДАННЯЎ

Даследаванні ў галіне прыроды і гаспадаркі

У канцы 1923 г. была арганізавана і ў пачатку 1924 г. зацверджана Агранамічная секцыя (Аграсекцыя), якая паслужыла мадэллю для іншых секцый, што ўзніклі вясной 1924 г. і ў першай палове 1925 г.  Яна павінна была рэалізоўваць задачы па ўсіх галінах сельскай гаспадаркі (культура раслін, меліярацыя, жывёлагадоўля, эканоміка земляробства і г. д.). Сельскагаспадарчай секцыяй (яна працягнула працу Аграсекцыі, дзейнічала ў Інбелкульце з 1925 да 1927 г., пазней ператварылася ў самастойны Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя У. І. Леніна), кіраваў Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў, тагачасны наркам земляробства БССР. Секцыя выдала падчас свайго існавання дзве кніжкі “Прац Сельска-гаспадарчай секцыі Інстытуту беларускай культуры” і шэраг асобных даследаванняў, сярод якіх працы Сяргея Вячаслававіча Скандракова «Матар’ялы абсьледаваньня тэхнікі сялянскай гаспадаркі» (1925) і «Вэгетацыйныя досьледы з беларускімі фосфарытамі (у 1926 і 1927 г.)» (1928). 

Адным з выдатных дзеячаў Інбелкульта быў намеснік старшыні Інбелкульта Аркадзь Антонавіч Смоліч – географ, картограф і эканаміст, аўтар некалькіх падручнікаў па геаграфіі Беларусі, былы міністр Беларускай Народнай Рэспублікі.  Акрамя адміністрацыйнай дзейнасці, Смоліч актыўна займаўся навуковымі даследаваннямі. Падчас сваёй працы ў Інбелкульце ён апублікаваў манаграфію «Організацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі» (1927), а ў 1928 г. стаў рэдактарам і адным з аўтараў першага тома «Матар’ялаў да географіі і статыстыкі Беларусі». 

Пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках Інбелкульт арганізаваў Навуковае таварыства па вывучэнні Беларусі, вынікі дзейнасці якога былі адлюстраваныя ў пяці тамах зборніка «Праца Навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі»: першы том выйшаў у 1926 г., другі, трэці і чацвётры – у 1927 г., а пяты – у 1928 г. 

Увага Прыродазнаўчай секцыі Інбелкульта засяроджвалася на вельмі надзённых для БССР даследаваннях глеб і карысных выкапняў на тэрыторыі краіны. У дадзенай вобласці актыўна працавалі геолагі Барыс Кляменцьевіч Тэрлецкі (Цярлецкі), Мікалай Фёдаравіч Бліядуха, Якаў Мікітавіч Афанасьеў. У 1924 г. была праведзена Першая Усебеларуская глебазнаўчая канферэнцыя, па выніках якой быў выдадзены зборнік «Працы Першае ўсебеларускае глебазнаўчае конфэрэнцыі». 

Выбітным навукоўцам-геолагам быў Міхаіл Аляксандравіч Грамыка, які займаўся ў Інбелкульце не толькі глебазнаўствам, але і хімічнымі даследаваннямі. Ён выдаў ў 1926 г. працы «Крысталаграфія» і «Мінералогія». Грамыка вызначаўся разнастайнасцю творчых інтарэсаў – пісаў паэмы і п’есы, займаўся літаратурнай крытыкай, рабіў пераклады мастацкай літаратуры на беларускую мову.

У Інбелкульце таксама актыўна праводзіліся біялагічныя і батанічныя даследаванні, былі выдадзены два тамы «Матар’ялаў да вывучэньня флёры і фауны Беларусі» (1927, 1928). 

Акрамя вывучэння беларускай прыроды Інбелкульт старанна вывучаў і насельніцтва краіны – праводзіліся даследаванні ў галінах антрапалогіі, псіхалогіі, медыцыны і санітарыі. У 1927 г. выйшлі «Працы мэдычнае сэкцыі»; шэраг антрапалагічных і псіхалагічных прац быў уключаны ў «Зборнік артыкулаў» Інбелкульта 1928 г. Асаблівая ўвага надавалася даследаванню і арганізацыі працоўнай дзейнасці, дзеля чаго ў 1924 г. было створана спецыяльнае падраздзяленне інстытута – Асацыяцыя навуковай арганізацыі працы. У 1926 г. Асацыяцыя выпусціла свой «Зборнік Асоцыяцыі навуковае організацыі працы за 1925–1926 акадэмічны год». Праблемам псіхалогіі працы была прысвечана праца Аляксандра Аляксандравіча Гайвароўскага «Нарыс мэтодолёгіі профэсыографіі» (1927).

Друкаваныя выданні структурных адзінак Інбелкульта, якія вывучалі прыроду і гаспадарку Беларусі, дэманструюць шырокі спектр даследчых кірункаў Інбелкульта, перадавыя навуковыя падыходы беларускіх навукоўцаў і іх плённую працу на карысць маладой беларускай дзяржавы.

  1. Запіскі Аддзелу прыроды і гаспадаркі / Ін-т Беларус. Культуры ; пад агул. рэд. А. Смоліча. - Менск : [Інбелкульт], 1928. - T. 1. - 293 с.
  2.   Матар’ялы да географіі і статыстыкі Беларусі : [у 2 т.] / Ін-т Беларус. Культуры, Аддз. прыроды і нар. гаспадаркі ; пад рэд. А. Смоліча. - Менск [ІБК], 1928. - Т. 1. - 216 с.
  3. Матэрыялы да вывучэння флёры і фауны Беларусі : [у 2 т.] / Ін-т Беларус. Культуры, Ін-т біял. навук, Аддз. прыроды і гаспадаркі. - Менск : [ІБК], 1928. - Т. 2. - 173 с.
  4. Матэрыялы да вывучэння флёры і фауны Беларусі : [у 2 т.] / Ін-т Беларус. Культуры, Ін-т біял. навук, Аддз. прыроды і гаспадаркі. - Менск : [б. в.], 1927. - T. 1. - 144 c.
  5. Грамыка, М. Крысталаграфія. Ч. 1. – Мінск : Белдзяржвыд, 1926. – 55 с., 16 с.
  6. Грамыка, М. Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе. Ч. 2: Мінералогія. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1926. – 82 с. : іл.
  7. Матэр’ялы да геолёгічнага і глебазнаўчага вывучэння Беларусі : [у 5 кн.] / Ін-т Беларус. Культуры, Каміс. для вывучэння прырод. вытворчых сіл Беларусі. — Менск : [ІБК], 1926. — Кн. 1 : Працы Першае Ўсебеларускае глебазнаўчае конфэрэнцыі, 16-17 крас. 1924 г. / адк. рэд. А. Смоліч. - 129 с. - (Аддзел 3, сэрыя 2 ; кн. 1).
  8. Фядзюшын, А. У. Кароткая інструкцыя да зьбіраньня і аховы зоолёгічных колекцый : (для краязнаўчых гурткоў, вясковых настаўнікаў, паляўнічых і інш. асоб, якія жадаюць прыняць удзел у збіранні матэрыялаў для Цэнтральнага Музея мясцовай фаўны) / А. У. Фядзюшын ; Прыродазнаўчая сэкцыя Ін-та Белорус. Культуры. - Менск : Выд-не Цэнтр. бюро Краязнаўства, 1925. - 36 с.
  9. Матэр’ялы абсьледваньня тэхнікі сялянскай гаспадаркі / Ін-т Беларус. Культуры ; пад рэд. С. Скандракова. - Менск : [ІБК], 1925. - 31 с.
  10. Праца Навуковага Таварыства па вывучэньню Беларусі пры Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі Сельскае гаспадаркі у Горках = Arbeiten der Gelehrten Gesellschaft zur Erforschung Weissrusslands bei der Weissrussischen staatlichen Akademie für landwirtschaft in Gorky / Ін-т Беларус. Культуры. - Горкі : Друк, і Камнядрук Акад., 1926 - T. 1. - 186 c. - (Аддзел 3, серыя 1/4 ; кн. 1).
  11. Праца Навуковага таварыства па вывучэньню Беларусі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскае гаспадаркі ў Горках = Arbeiten der Gelehrten Gesellschaft zur Erforschung Weissrusslands bei der Weissrussischen staatlichen Akademie für landwirtschaft in Gorky / Ін-т Беларус. Культуры. - Горы-Горкі : Друк, і Камнядрук Акад., 1927. - T. 2. - 224 c. - (Аддзел 3, серыя 1/4 ; кн. 2).
  12. Праца Навуковага Таварыства па вывучэньню Беларусі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскае гаспадаркі з удзелам Горацкага Раённага Таварыства Краязнаўства. / Горы-Гарэцкае Навук. т-ва, Ін-т Беларус. Культуры. - Горкі : Друк. Акад., 1927. - Т. 3. Апісаньне Горацкага раёну (прырода, гаспадарка, гісторыя і быт). - 284 с. - (Аддзел 3, сэрыя 1/5 ; кн. 3).
  13. Праца Навуковага таварыства па вывучэньню Беларусі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскае гаспадаркі ў Горках = Arbeiten der Gelehrten Gesellschaft zur Erforschung Weissrusslands bei der Weissrussischen staatlichen Akademie fur landwirtschaft in Gorky / Ін-т Беларус. Культуры. - Горкі : Друк. Акад., 1927. - T. 4. - 198 c. - (Аддзел 3, серыя 1/4 ; кн. 4).
  14. Скандракоў, С. В. Вегетацыйныя доследы з беларускімі фасфарытамі (у 1926-1927 гг.) / С. В. Скандракоў ; Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : [б. в.], 1928.- 137 с.
  15. Смоліч, А. Організацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі : паводле даных бюджэтна-агрономічнага дасьледвання 1923 году / А. Смоліч ; Народ. Кам. земляробства БССР, Аддз. с.-г. эканоміі. - Менск : [ІБК], 1927. - 152 с. - (Працы сельскагаспадарчай секцыі ; аддз. 3 ; сер. 4 ; кн. 3).
  16. Гайвароўскі, А. А. Нарыс метадалогіі прафесіяграфіі / Псіхатэхнічная лаб. ІБК. – Б. м. : Б. в., 1927. – 35 с. – Адб. з "Зб. Асацыяцыі Навук. арганіз. працы"
  17. Зборнік Асоцыяцыі Навуковае Організацыі Працы за 1925-1926 акадэмічны год / Ін-т Беларус. Культуры, Асоц. Навук. організацы працы (НОП) ; адк. рэд. А. Смоліч. - Менск : ІБК, 1926. - 72 с. - (Аддзел 4, серыя 3 ; кн. 1).
  18. Этнаграфія. Антрапалогія. Псіхалогія. Псіхатэхніка і навуковая арганізацыя працы. Гісторыя мастацтва: зб. арт. / Ін-т Беларус. Культуры. - Менск : ІБК, 1928. - 307 с.
  19. Працы сельска-гаспадарчай секцыі Інстытута Беларускай Культуры = Traveaux de la section agronomique / Народ. Кам. земляробства БССР, Аддз. с.-г. эканоміі. - Менск : Выд. Н.К.З. Беларусі, 1926. - Вып. 1, сш. 1 : Характарыстыка сельскай гаспадаркі Беларусі на падставе данных аб чугуначнай і вадзяной перавозцы / С. А. Ждановіч, С. А. Ярашчук ; пад рэд. Я. Кісьлякова. - 76 с.
  20. Працы медычнай сэкцыі:1925-1927 / Ін-т Беларус.культуры.Аддзел прыроды і гаспадаркі. - Мінск : Б.в., 1927. - 100 с.