Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

105 гадоў з дня ўтварэння Віленскай беларускай гімназіі

Віленская беларуская гімназія была створана ў 1919 г. па ініцыятыве Івана Луцкевіча, вядомага археолага, этнографа і публіцыста. 

Фармальна заснавальнікам гэтай установы з’яўлялася Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Дазвол быў атрыманы восенню 1918 г. – напярэдадні адступлення нямецкіх войск з Вільні. Пасля пераходу ўлады да Літоўскай тарыбы (рады) паводле загада міністра асветы Мікаласа Біржышкі ад 1 студзеня 1919 г. у Вільні было выдзелена памяшканне для гімназіі – так званыя базыльянскія муры. З прыходам у горад на пачатку студзеня 1919 г. Чырвонай Арміі і абвяшчэннем Літоўска-Беларускай ССР (ЛітБел) у гімназіі з 1 лютага 1919 г. пачаліся рэгулярныя заняткі. 

Як узгадвае Янка Шутовіч: “Прыехалі мы ў Вільню ў прыгожы лістападаўскі дзень, з прамяністым цёплым сонцам. Памясціліся ў Базыліянскіх мурах, у якіх знаходзілася шмат беларускіх грамадскіх i асветных устаноў, у тым ліку i беларуская гімназія, i пры ёй – пачатковая школа. Паступіў я адразу ў чацвёрты клас гімназіі. Гімназія была заложана ў пачатку гэтага ж 1919 года, i першым дырэктарам гімназіі быў гісторык Міхал Кахановіч”.

У гэты час там налічвалася больш за 340 вучняў, педагагічны калектыў складаўся з 18 настаўнікаў. У розны час Віленскую беларускую гімназію ўзначальвалі М. Анцукевіч, Ф. Грышкевіч, В. Кавалевіч, А. Міхалевіч, А. Нэканда-Трэпка, С. Паўловіч, Б. Тарашкевіч, Б. Кіт і інш. Гімназія з’яўлялася 8‑класнай навучальнай установай змешанага тыпу (для хлопчыкаў і дзяўчынак) з выкладаннем на беларускай мове. Частка гімназістаў, пераважна сіроты і дзеці незаможных бацькоў, атрымлівалі адукацыю бясплатна. Вялікая роля ў фарміраванні светапогляду вучняў належала Івану Луцкевічу, які выкладаў беларусазнаўства і краязнаўства, звяртаючы асаблівую ўвагу на патрыятычнае выхаванне. Доўгі час гімназія заставалася прыватнай і фінансавалася рознымі грамадскімі арганізацыямі, у ліку якіх былі Школьная рада ў Вільні, Таварыства беларускай школы, бацькоўскі камітэт і інш. Па ініцыятыве ксяндза А. Станкевіча пры ёй быў арганізаваны прытулак для сірот, у які траплялі дзеці з‑пад Вільні, Ашмяншчыны, Гродзеншчыны, Навагрудчыны.

Сярод настаўнікаў былі М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі і іншыя. Яны працягвалі выкладаць па-беларуску, асобна вывучаліся польская, лацінская і нямецкая мовы. “Мне асабліва помняцца лекцыі на беларускай літаратуры” – піша Янка Шутовіч, – “Максіма Гарэцкага i Антона Луцкевіча – лекцыі павучальныя, мілагучныя, эмацыянальныя, патрыятычныя i часамі арыгінальныя па метадзе выкладання. Так, напрыклад, Максім Гарэцкі гаварыў вучням, каб найлепш запомніць метрычную сыстэму верша, то патрэбна толькі адно слова, праўда, даволі складанае. I гэта «Хо-я-дам-ан‑а» («Хоядамана»). У гэтым слове ўсё: i харэй, i ямб, i дактыль, i амфібрахій, i анапест. Мне і сягоння гэтае слова помніцца, а з ім i ўся класічная сыстэма верша”.

У гімназіі былі арганізаваны разнастайныя вучнёўскія гурткі (літаратурны, драматычны, музычны, па вывучэнні мовы эсперанта). Працавалі мастацкая студыя, арганізаваная Я. Драздовічам, хор і духавы аркестр, якім кіраваў Р. Шырма, бібліятэка, дзе налічвалася больш за 10 тысяч кніг. У гімназіі выдаваліся друкаваныя і рукапісныя часопісы. 

Усе тыя, хто быў звязаны з дзейнасцю беларускай Віленскай гімназіі выступалі супраць паланізацыі і за аб’яднанне тэрыторый Заходняй Беларусі з БССР.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі знаходзіцца асабісты архіў Янкі (Івана Іосіфавіча) Шутовіча і Максіма Іванавіча Гарэцкага. У іх асабістых архівах захаваліся ўспаміны пра Віленскую беларускую гімназію. 

На пачатку года ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў была арганізавана выстава, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Янкі Шутовіча (1904–1973).

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля