170 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Янкі Лучыны
Ян Неслухоўскі (так гучыць сапраўднае імя літаратара) нарадзіўся ў Мінску, дзе і пражыў большую частку жыцця. Яго бацька быў прысяжным павераным (адвакатам). Род Неслухоўскіх з’яўляўся шляхецкім і гэта накладвала адбітак і на выхаванне маленькага Яна. Першапачаткова хлопчык атрымаў хатнюю адукацыю, пазней быў прыняты ў трэці клас Мінскай гімназіі.
Ужо ў дзяцінстве Ян пачаў цікавіцца літаратурай і нават пісаць першыя вершы. Пры гэтым здавалася, што лёс рыхтаваў яго для зусім іншай мэты. У 1870 годзе ён накіроўваецца ў сталіцу Расійскай імперыі Санкт-Пецярбург. Там паступае на матэматычны факультэт універсітэта, дзе яму давялося правучыцца толькі год. Неслухоўскі застаўся ў Пецярбургу і працягнуў адукацыю. Прафесійна яго цікавіла тэхніка, ён скончыў Пецярбурскі тэхналагічны інстытут і паехаў працаваць у Тыфліс. Тады там назіраўся попыт на працаўнікоў чыгункі. Так Янка Лучына трапіў у мясцовыя чыгуначныя майстэрні.
Неслухоўскі, вядома, часам наведваў Мінск. Аднойчы на радзіме яго разбіў параліч. Вярнуцца ў Тыфліс ужо не было ніякай магчымасці. Пачаўся доўгі і складаны шлях рэабілітацыі. Праз пэўны час Неслухоўскаму давялося уладкавацца на працу ў Мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі (якая звязвала Мінск з Гомелем). Да канца жыцця ён застаўся інвалідам, хадзіў, абапіраючыся на мыліцы. Цяжкія выпрабаванні, якія дае чалавеку лёс, дазваляюць яму ацаніць ступень уласнай сілы волі і жыццялюбства. Паспяховае змаганне з цяжкасцямі замацоўвае лепшыя якасці, якія толькі ёсць у чалавеку.
Якраз у гэтыя часы і пачалі актыўна развівацца паэтычныя здольнасці Лучыны. Як паэт ён дэбютаваў у 1886 годзе творам “Не ради славы иль расчета…”, якое надрукавалі ў першым нумары газеты “Мінскі лісток». Літаратурным псеўданімам Янка Лучына падпісаў свой першы верш, апублікаваны на беларускай мове ў 1887 годзе. Дарэчы, Лучына цудоўна пісаў і на польскай мове. Яго пяру належаць паэмы “Паляўнічыя акварэлі з Палесся”, “Віялета”, “Гануся”, “Андрэй”. Большасць твораў – пра сялянскае жыццё, а вершы лічацца адным з першых прыкладаў беларускай філасофскай лірыкі.
На польскай мове выдадзена кніга вершаў Я. Лучыны “Паэтычныя творы” (1898), таксама некалькі вершаў уключана ў польскамоўны зборнік “Вершы” (1898), на рускай мове апублікавана некалькі вершаў і аповесць “Верочка” (1900), у Пецярбургу на беларускай – зборнік “Вязанка” (1903, падрыхтаваны да друку суполкай «Круг беларускай народнай прасветы і культуры»).
Творчасць Янкі Лучыны – своеасаблівае злучэнне рэалістычнага і рамантычнага паэтычнага бачання. Яму ўдалося праўдзіва адлюстраваць рэальны быт тагачаснага беларуса, але пры гэтым апаэтызаваць ягоны вобраз. Праўдзівае адлюстраванне побыту і жыцця народа ў шэрагу яго твораў суправаджаецца рамантычнай ідэалізацыяй вобраза беларуса, яго ўнутраных жаданняў і памкненняў («На затапельцаў», «Вясна» і інш.). Творчы метад Янкі Лучыны карэлюе з агульнай арыентацыяй літаратуры ХІХ стагоддзя на адлюстраванне жыццёвага і працоўнага ўкладу народа, яго маральных і духоўных асноў, на беларускі этнаграфізм, народную творчасць і інш.
Памёр паэт 16 ліпеня 1897 года. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках Мінска.
Адзначаючы ўнёсак Неслухоўскага ў беларускую літаратуру, Кандыдат філалагічных навук Вольга Круглова пісала: “Янка Лучына плённа распрацоўваў вершаваныя жанры, сваёй творчасцю спрыяў развіццю і ўзбагачэнню жанравай сістэмы паэзіі Беларусі ХІХ стагоддзя.
Адметнасцю яго лірыкі з’яўляецца спалучэнне ў вершаваных творах розных жанравых прыкмет. Янка Лучына адыграў значную ролю ў станаўленні пейзажнай і філасофскай лірыкі.
Творчасці паэта ўласцівы прыёмы псіхалагізму, мастацкага паралелізму (арганічная сувязь паміж душэўным светам лірычнага героя і прыродай), алегарызм і сімволіка пейзажных вобразаў, з дапамогай якіх аўтар па-мастацку адметна ўвасабляў актуальныя, грамадска значныя ідэі, важныя сэнсы і пытанні быцця”.