460 гадоў выданню “Orationes, dialogi, epistolae, carmina tam lat…
460 год таму пабачыла свет Базэльскае выданне “Orationes, dialogi, epistolae, carmina tam latima quam graeca” (“Прамовы, дыялогі, лісты, вершы на лацінскай і грэцкай мовах”) аўтарства Алімпіі Фульвіі Мората.
Цікавасць гэтага выдання шмат у чым звязана з цікавасцю постаці самой аўтаркі кнігі, якая пры жыцці здолела ўразіць еўрапейскі свет сваімі фенаменальнымі інтэлектуальнымі магчымасцямі.
Алімпія Фульвія Мората нарадзілася ў 1526 годзе ў Ферары ў сям’і Фульвіё Пэлегрына Мората і Люкрэцыі. Бацька, былы настаўнік маладых прынцаў з герцагскага дома Эстэ, быў у блізкіх адносінах з самымі адукаванымі людзьмі Італіі, дзякуючы чаму Алімпія з самага ранняга ўзросту ўвабрала навуковыя веды, а ўжо ў 12 гадоў валодала грэцкай і лацінскай мовамі. Прыкладна ў гэты ж час яе заклікалі ў палац у якасці кампаньёнкі і настаўніцы малодшай, але не менш адоранай Ганны д’Эстэ, дачкі Рэнэ, герцагіні Ферарскай. Многія людзі, якія мелі літаратурную славу альбо былі схільныя да ідэй пратэстантызму, такія як Жан Кальвін, Віторыа Калона і Клеман Маро, наведвалі двор герцагіні. Тут Мората пазнаёмілася з вядомымі гуманістамі, такімі як браты Ёханэс і Кіліян Сінапіус з Швайнфурта. У падлеткавым узросце Алімпія ўжо чытала вершы ўласнага сачынення пра парадоксы Цыцэрона і лекцыі пра творчасць Кальвіна.
Смерць бацькі, якога не стала ў 1548 годзе, прыводзіць Алімпію ў глыбокі адчай, і яна, нарэшце, знаходзіць падтрымку ў веры. За некалькі гадоў да гэтага яе бацька стаў перакананым пратэстантам, натхнёны сябрам-гуманістам Чэліа Курыёнэ. Пры двары герцагіні Рэнаты рэлігійныя бежанцы знаходзіліся пад аховай і абараняліся ад гвалту ды пераследу. Але сітуацыя пры двары змянілася і інквізіцыя стала больш узмоцненай. Гэтыя абставіны вымусіла Алімпію збегчы і павярнуцца да маці, дзе занялася выхаваннем сваіх братоў і сясцёр. Яна праводзіла час за вывучэннем філасофіі і перапісвалася з Гаспаро Сарды, які прысвяціў ёй сваю “De Triplici Philosophia” (“Аб траістай філасофіі”).
Прыкладна ў канцы 1550 года яна выйшла замуж за маладога студэнта, які навучаўся медыцыне і філасофіі, Андрэаса Грундлера з Швайнфурта (Баварыя). У 1554 годзе яна адправілася разам з мужам на яго радзіму, дзе той быў прызначаны лекарам у гарнізон іспанскіх войскаў. У 1553 годзе маркграф Альбрэхт Брандэнбургскі падчас аднаго са сваіх рабаўніцкіх паходаў захапіў Швайнфурт і быў у сваю чаргу абложаны пратэстантамі. У рэшце рэшт Альбрэхт Брандэнбургскі быў вымушаны пакінуць Швайнфурт і ратавацца ўцёкамі разам з жонкай. Неўзабаве пасля прыбыцця ў Гейдэльберг Грундлер атрымаў пасаду прафесара медыцыны ва ўніверсітэце, а Алімпія Мората стала вучыць студэнтаў грэцкаму і латыні. Аднак маладую жанчыну адалела ліхаманка, якую Алімпія падхапіла ў Швайнфурце і праз некалькі месяцаў яна памерла.
У выніку гэтых перыпетый большая частка рукапісаў Алімпіі Мората была страчаны. Аднак Грундлеру ўдалося выратаваць некаторыя з іх і адправіць Чэліа Курыёнэ, прафесару Базельскага універсітэта і блізкаму сябру бацькі Морато, які апублікаваў тры выданні яе працы (1558, 1562, 1570). У 1580 годзе рушыла ўслед яшчэ адно выданне.
Месца жанчыны ў царкве і грамадстве ўжо даўно з’яўляецца прадметам гарачых спрэчак. Нават у ранняй царкве жанчыны актыўна ўдзельнічалі ў сходах. У часы Рэфармацыі Марцін Лютар падкрэсліваў, што ўсе вернікі роўныя перад Богам, але жанчын па-ранейшаму выключалі з парафіяльнай канцылярыі. Рэфармацыя таксама жыла за кошт жанчын, якія распаўсюджвалі пратэстанцкую вестку пра ласку Божую і мужна адстойвалі свае перакананні. Жыццё гуманісткі Алімпіі Мораты паказвае, як вера падахвочвала і натхняла жанчын да ўдзелу ў Рэфармацыі.
Дадзены экзэмпляр (1562 года выдання) мае прыгожую мастацкую вокладку з выявамі сярэднявечных асоб і хрысціянскімі сюжэтамі. Кніга ўяўляе сабой аўтарскія пераклады Мораты твораў з лацінскай, грэцкай і іўрыта, лістоў антычных аўтараў.
Першае выданне, якое было апублікавана ў 1558 годзе, утрымлівала трыццаць лістоў Мораты, а таксама некалькі лістоў іншых асоб. У выданні 1562 года колькасць лістоў павялічана да 74, з якіх 50 былі ад Мораты, 14 – да яе і 10 – ад іншых. Акрамя таго, у кнізе размешчана дэкламацыя пра “Парадоксы стоікаў” Цыцэрона і іншая – “У пахвалу Муцыя Сцэволы”, лацінскі пераклад першых двух гісторый “Дэкамерона” Бакача, два дыялогі на лацінскай мове, адзінаццаць вершаў (восем – на грэцкай і тры – на лацінскай) і пераклад на грэцкую мову сямі псалмоў, а таксама некалькі вершаў на грэцкай і лацінскай мовах у яе хвалу і некалькі эпітафій. У канцы тома надрукаваны знакаміты ліст у форме элегіі, які па-рознаму прыпісваецца Іпаліце Тарэлі, жонцы Бальдасара Кастыльёне, аднаго з самых уплывовых прадстаўнікоў куртуазнай культуры ў Італіі. Гэты верш быў упершыню ўключаны ў яго лацінскую паэзію як яго ўласны.