Спадкаеміцы Галантнага века
Французскія пісьменніцы канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя.
XVIII стагоддзе – гэта не толькі эпоха высокіх парыкоў, бялілаў і мушак, завіткоў ракако і веераў, гэта яшчэ і эпоха Асветніцтва, час вялікіх інтэлектуальных зрухаў у Еўропе. Адным са зрухаў стала больш заўважная прысутнасць жанчын у такіх абласцях, як прыгожае пісьменства, мастацтва, музыка. У гонар 8 сакавіка, Міжнароднага жаночага дня, падаем невялічкі аповяд пра французскіх пісьменніц канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя, чыі творы захоўваюцца ў кніжнай калекцыі Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў (ЦДСіР).

Ранейшыя з гэтых твораў належаць пяру Жанны-Мары Лепрэнс дэ Бамон (1711– 1780), пісьменніцы, вядомай сваімі зборамі казак, раманамі і педагагічнымі працамі. Яна была больш сціплага паходжання ў параўнанні з арыстакраткамі, аб якіх пойзде гаворка далей, усяго толькі дачка мастака, якая правяла ўсё дзяцінства і юнацтва ў каталіцкім манастыры, дзе атрымала адукацыю і потым сама працавала настаўніцай. Але вырашыўшы не звязваць свой лёс з манаствам, дэ Бамон пакінула манастыр і пачала працаваць гувернанткай. Тут нельга не адзначыць цікавы факт – яе першай працай стала навучанне спевам дзяцей пры двары Станіслава Ляшчынскага, былога караля польскага і вялікага князя літоўскага, а ў той час герцага Латарынгіі і Бара. Затым яна перабралася ў Лондан, дзе пражыла болей за дзесяць гадоў; там яна працягнула сваю настаўніцкую працу і пазней распачала пісаць кнігі. Першымі яе творамі сталі зборы казак, якія яна апрацавала, дадаўшы павучальныя і маралізатарскія элементы. На той час гэта быў наватарскі крок, які зрабіў яе выданні вельмі папулярнымі. І сёння дэ Бамон памятаюць у першую чаргу як аўтарку казкі пра Прыгажуню і Пачвару, прынамсі найбольш знакамітага яе варыянта. Але пры жыцці яна была вядомая як аўтарка шэрагу раманаў, а таксама як выдавец часопіса “Новы французскі часопіс, ці павучальная і забаўная бібліятэка”. Дэ Бамон мела шырокае кола знаёмстваў сярод выдатных еўрапейскіх мысліцеляў і аўтараў, так, яна вяла актыўную перапіску з Вальтэрам, ён дасылаў эсэ і вершы ў яе часопіс.

Сярод старадрукаў з фонда ЦДСіР ёсць прыжыццёвыя выданні дэ Бамон: “Лісты мадам дэ Манцье” (Франкфурт, 1757), “Мемуары баранэсы Батвіль, ці бездакорная ўдава” (Лейпціг, 1766), “Лісты Эмеранс да Люсі” (Лейпціг, 1765) і “Новая Кларыса” (Амстэрдам, 1768).


Самая знакамітая сярод гераінь гэтага аповяда – Анна-Луіза Жэрмэна дэ Сталь-Гальштэйн (1766–1817), вядомая даўнейшым і сучасным чытачам проста як мадам дэ Сталь. Яна паходзіла з вельмі ўплывовай сям’і: бацька быў міністрам фінансаў пры каралі Людовіку XVI, маці ж была свецкая ільвіца, гаспадыня самага папулярнага ў той час літаратурнага салона ў Парыжы. Дэ Сталь атрымала выдатную адукацыю і з дзяцінства мела магчымасць сустракацца і гутарыць з самымі выбітнымі інтэлектуаламі Францыі. Дзякуючы свайму высокаму сацыяльнаму становішчу і бліскучаму пісьменніцкаму таленту яна з самай маладосці набыла вялікую вагу не толькі ў літаратурных і навуковых колах Францыі, але і на палітычнай сцэне. Дэ Сталь была палымянай прыхільніцай роўных правоў для ўсіх людзей, і мужчын, і жанчын, таксама выступала за канстытуцыйную манархію, падтрымлівала ідэю абаліцыянізма (забароны рабаўладальніцтва). Яе своеасаблівыя погляды на грамадскі лад, гісторыю і мастацтва, прасякнутыя духам рамантызму, разыходзіліся з пануючымі ўяўленнямі таго часу. Дэ Сталь паставілася адмоўна і да дыктатуры Напалеона Банапарта, і да наступнай рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў. У сваю чаргу Напалеон разглядаў яе як палітычнага ворага, ён загадаў адправіць яе ў эміграцыю, а таксама знішчыць усе асобнікі трактата “Аб Германіі”.

У фондзе нашай бібліятэкі захоўваецца шэраг прыжыццёвых выданняў мадам дэ Сталь. Самыя вядомыя з іх – раманы “Дзельфіна” (Парыж, 1803) і “Карынна, ці Італія” (Парыж, 1807), а таксама трактат “Аб Германіі” (Парыж, 1813), прысвечаны нямецкай культуры і звычаям.


Наступная гераіня – Стэфані-Фелісітэ Брюлар, графіня дэ Жанліс (1746–1830), сучасніца і палітычная апанентка мадам дэ Сталь. Яна прытрымлівалася кансерватыўных, манархічных поглядаў, належала да блізкага кола Жазефіны Багарнэ, жонкі Напалеона, затым горача падтрымала рэстаўрацыю Бурбонаў. Але для сваіх сучаснікаў графіня дэ Жанліс з’яўлялася прадстаўніцай прагрэсіўных ідэй у вобласці адукацыі і выхавання. Яна прасоўвала ідэі актыўнага выхавання, калі ў адукацыю ўключаліся забаўляльныя элементы, выкарыстоўваліся дапаможныя матэрыялы (напрыклад, карткі з літарамі, словамі ці сказамі), а таксама вывучэнне тэарэтычных ведаў спалучалася з практычнымі заняткамі (вывучэнне батанікі падчас шпацыраў на прыродзе). У 1777 годзе яна атрымала пасаду гувернанткі дачок герцага Арлеанскага, а ўжо ў 1781 годзе герцаг прызначыў яе адказнай за адукацыю яго сыноў, вельмі незвычайны для таго часу крок. Дэ Жанліс была вельмі плённай аўтаркай, напісаўшы за свае жыццё болей за сто твораў розных жанраў. Яе сентыментальныя раманы, маральныя настаўленні, гістарычныя і педагагічныя працы мелі вялікую папулярнасць у Еўропе ў першай палове XIX стагоддзя. Зараз вялікую каштоўнасць маюць у першую чаргу яе мемуары.

У калекцыях ЦДСіР ёсць такія прыжыццёвыя выданні дэ Жанліс, як “Адэль і Тэадор, ці Лісты аб адукацыі” (Парыж, 1783), “Хронікі дабрачыннасці, ці курс гісторыі для моладзі” (Парыж, 1781), “Батаніка ў гісторыі і літаратуры” (Парыж, 1810), “Міфічныя арабескі” (Парыж, 1810), “Жанна Французская” (Парыж, 1816), адзін з тамоў яе мемуараў (Парыж, 1825), а таксама прыжыццёвы пераклад на рускую мову яе гістарычнага рамана “Спадарыня Ментэнон” (Арол, 1825).


Чацвёртая ў нашым спісе – гэта французскамоўная пісьменніца са Швейцарыіі Ізабэль Жанна Паліна дэ Мантальё (1751–1832), сяброўка графіні дэ Жанліс. Дачка прафесара багаслоўя з Лазанны, яна ажанілася з баронам Луі дэ Мантальё ў 1786 гаду (гэта быў яе другі шлюб), і менавіта тады распачалася яе пісьменніцкая кар’ера. Першы ж раман дэ Мантальё “Караліна дэ Ліхтфілд” набыў вялікі поспех. Але яе літаратурная дзейнасць пераважна была засяроджаная на перакладах: усяго яна пераклала на французскую мову каля ста розных твораў англійскіх і нямецкіх аўтараў. Напрыклад, яна першая пераклала для французскай публікі раманы Джэйн Осцін “Розум і пачуцці” і “Перакананне”.

У калекцыі старадрукаў захоўваецца яе пераклад рамана “Агафокл” (Парыж, 1813), які дарэчы напісала таксама жанчына-пісьменніца, Караліна Піхлер (1769–1843), аўстрыйская аўтарка гістарычных раманаў.

Нарэшце хочацца коратка распавесці пра загадкавую аўтарку мадам Бекары. З 1769 па 1780 год пад гэтым імем выйшлі чатыры сентыментальныя раманы на французскай мове, тры ў Францыі, адзін у Швейцарыі. Усе яны былі быццам бы перакладамі з англійскай мовы, але насамрэч з’яўляліся арыгінальнымі творамі. Ніякіх слушных меркаванняў аб рэальнай асобе, якая стварыла гэтыя раманы, не існуе да сённяшняга часу. Самі творы, не вельмі арыгінальныя, поўныя захапленняў і клішэ, былі ўсё ж даволі папулярныя ў час выхаду, але зараз аб іх ведаюць толькі даследчыкі-літаратуразнаўцы. У фондзе ЦДСіР захоўваецца выданне “Мемуары Фанні Спінглер” (Неўшатэль, 1781), эпісталярны раман аб прыгажуне-сіраце, якая зазнае вялікую колькасць няшчасцяў і несправядлівасцяў і ў фінале гіне, але не страчвае гонару і годнасці.

Вось толькі пяць імёнаў з вялікай плеяды цудоўных і цікавых пісьменніц канца XVIII стагоддзя. Сёння, калі жанчыны пішуць папулярныя на ўвесь свет творы і нараўне з мужчынамі атрымліваюць ганарары, славу і пашану, у тым ліку і Нобелеўскую прэмію па літаратуры, мае сэнс азірнуцца і ўспомніць пра тых папярэдніц, якія тварылі два з паловай стагоддзі таму.