Следаваная Псалтыр (Астрог, 1598)
Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня адкрыцця нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.
Перад вамі Следаваная Псалтыр (Астрог, 1598).
Следаваная Псалтыр – універсальная богаслужэбная кніга, якая складаецца з Псалтыры і Часаслова (богаслужэбная кніга, якая змяшчае тэксты нязменных малітваслоўяў сутачнага богаслужэбнага круга), а таксама вячэрніх і ранішніх малітваў.
Арнаментыка ўяўляе сабой ініцыялы, засадкі, канцоўкі, наборныя ўпрыгожванні, вязь. У афармленні выдання выкарастаны дошкі Францыска Скарыны (ініцыялы) і Івана Фёдарава (застаўкі).








Вокладка адносіцца да XVII–XVIII стст., дошкі ў карычневай скуры з блінтавым цісненнем, вечкі з кантамі. Захавалася ніжняя зашпілька жоўтага металу «ў зачэп»: пробай, замацаваны пад скурай пакрыцця верхняга вечка літая з чаканкай фігурная спражка з кручком, упрыгожаная раслінным арнаментам і прыбітая цвікамі да скуранога рамня, з тыльнага боку замацаваная бляшанай пласцінай. Форзацы з паперы канца XIX – пачатку XX ст.
Асобнік паступіў у 1965 г. з Музея кнігі Дзяржаўнай бібліятэкі СССР ім. В. І. Леніна.
Следаваная Псалтыр 1598 года выдання захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў.
Падрабязней з асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым выданні «Кириллические издания XVI века: каталог изданий из коллекции Центр. науч. б-ки им. Якуба Коласа Нац. акад. наук Беларуси».