Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Суднік Міхаіл Раманавіч

Матэрыялы асабістага архіва М. Р. Судніка паступілі ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа НАН Беларусі 27 кастрычніка 2005 г. Па выніках навукова-тэхнічнай апрацоўкі фонд налічвае 77 адзінак захавання і змяшчае дакументы за 1870‑я гг., 1928 г., 1962–1993 гг. і без даты.

Міхаіл Раманавіч Суднік (1910–1995) – беларускі мовазнаўца, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1970), кандыдат філалагічных навук (1954), заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).

Кароткая біяграфія

Нарадзіўся 8 (21) лістапада 1910 г. у в. Пяцюлева Ветрынскай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні (былая вёска на тэрыторыі сучаснага Полацкага раёна Віцебскай вобласці). Пасля навучання ў Полацкім педагагічным тэхнікуме працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай частцы ў дзіцячым гарадку ў в. Быкаўшчына былога Ветрынскага раёна (цяпер вёска ў Ветрынскім сельсавеце Полацкага раёна).

У 1938 г. скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага. Быў прызначаны загадчыкам навучальнай часткі і выкладчыкам мовы і літаратуры Віцебскага педагагічнага вучылішча. У гады Вялікай Айчыннай вайны – настаўнік на Тамбоўшчыне (РСФСР) і ў Кіргізіі, з 1943 г. – начальнік упраўлення кадраў Наркамасветы БССР.

У 1944 г. Міхаіл Раманавіч быў накіраваны на навуковую працу ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук БССР. З 1952 г. – у адноўленым асобным Інстытуце мовазнаўства Акадэміі Навук БССР. Займаў пасады вучонага сакратара (1948–1951), загадчыка сектара тэрміналогіі (кастрычнік 1951–1956), дырэктара Інстытута (1957–1983) і адначасова (з 1975) загадчыка сектара лексікалогіі і лексікаграфіі, саветніка пры дырэкцыі інстытута (1992–1994). З’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта славістаў (1959–1985), сябрам Міжнароднага камітэта славістаў (1973–1985) і Камісіі па славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі.

У 1953 г. ім была абаронена кандыдацкая дысертацыя «Да гісторыі беларускай лексікаграфіі XVI–XVII ст.».

М. Р. Суднік адзін з аўтараў «Арфаграфічнага слоўніка беларускай мовы» (1948), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962) і «Тлумачальнага слоўнiка беларускай мовы» (1977–1983). Адзін з укладальнікаў поўнага зводу «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959).

Складальнік «Слоўніка асабовых уласных імён» (1965).

Ініцыятар і адзін з асноўных стваральнікаў аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (1996). Удзельнічаў у распрацоўцы «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), «Руска-беларускага слоўніка па механіцы грунтоў і фундаментабудаванню», «Атласа БССР (беларуска-руская геаграфічная наменклатура)» і іншых выданняў, а таксама ў падрыхтоўцы 14-моўнага «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (Прага, 1977–1979).

Аўтар больш за 100 навуковых прац, узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», медалямі. Памёр М. Р. Суднік 19 снежня 1995 г.

Склад фонду

Матэрыялы асабістага фонду М. Р. Судніка былі размеркаваны ў некалькі асноўных груп: творчыя дакументы, перапіска, дакументы да біяграфіі, а таксама дакументы, сабраныя даследчыкам для навуковай працы і па цікавых для яго тэмах. Аснову фонду складаюць матэрыялы 1962–1993 гг., якія непасрэдна звязаны з навуковай і службовай дзейнасцю Міхаіла Раманавіча. Наяўны дакументальны комплекс адлюстроўвае разнастайныя кірункі дзейнасці М. Р. Судніка як вучонага, настаўніка, арганізатара навукі.

Раздзел «Творчыя дакументы фондаўтваральніка» змяшчае водзывы М. Р. Судніка на мовазнаўчыя працы, успаміны, прамовы.

Сціслая аўтабіяграфія, заўвагі і парады вучонага па напісанні гістарычнай працы, успаміны пра былых аднакласнікаў і настаўнікаў прадстаўлены ў разгорнутым адказе М. Р. Судніка на зварот Камісіі па стварэнні гісторыі школы ў г. п. Ветрына.

У раздзеле знаходзяцца іншыя матэрыялы, якія адклаліся ў працэсе навуковай дзейнасці фондаўтваральніка. Гэта чарнавікі прадмоў да мовазнаўчых выданняў, спісы, выпіскі, нататкі і інш.

Перапіска – найбольш аб’ёмны раздзел фонду. Складаецца з віншавальных паштовак, пісьмаў па навукова-арганізацыйных пытаннях або з інфармацыяй віншавальнага і біяграфічнага характару ад сяброў, знаёмых, замежных і беларускіх калег вучонага.

Сярод матэрыялаў раздзелу – перапіска вучонага з рускім і савецкім філолагам, педагогам, этнографам М. І. Зорыным і сям’ёй беларускага мовазнаўцы І. В. Воўк-Левановіча. Пісьмы змяшчаюць інфармацыю біяграфічнага характару пра І. В. Воўк-Левановіча і адрасантаў, а таксама матэрыялы іх сямейнага архіва.

Звяртае на сябе ўвагу пісьмо фінскага студэнта Марку Туомінена з просьбай даслаць яму руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнікі і граматыку беларускай мовы. Адрасант, вывучаючы рускую мову ва ўніверсітэце ў Швецыі, зацікавіўся мовай, гісторыяй і культурай іншых рэспублік СССР.

Раздзел уключае карэспандэнцыю на імя М. Р. Судніка ад навуковых устаноў і арганізацый, структурных падраздзяленняў Акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі з мая 1997), выдавецтваў, беларускіх музеяў.

У невялікі раздзел «Дакументы да біяграфіі М. Р. Судніка» былі згрупаваны матэрыялы, звязаныя з навуковай дзейнасцю фондаўтваральніка і святкаваннем юбілейных дат, асабістыя дакументы. Прадстаўлены запрашэнні ад розных асоб і навуковых устаноў на ўрачыстыя мерапрыемствы і навуковыя канферэнцыі.

У ліку біяграфічных матэрыялаў – віншавальныя адрасы з нагоды 70-годдзя М. Р. Судніка, яго прафсаюзны білет і інш.

Сярод дакументаў, сабраных М. Р. Суднікам для навуковай працы і па цікавых для яго тэмах, знаходзіцца «Расійска-беларускі слоўнік», складзены беларускімі мовазнаўцамі С. М. Некрашэвічам і М. Я. Байковым і выдадзены ў 1928 г. Экзэмпляр з экслібрысам уладальніка і рукапіснымі паметамі.

Асаблівае месца ў зборы вучонага належыць рукапіснай гісторыка-мемуарнай працы «Воспоминания моей жизни» беларускага мовазнаўцы, фалькларыста і этнографа XIX ст. І. І. Насовіча.

Падрабязней з асабістым архівам Міхаіла Раманавіча Судніка (фонд 72, вопіс 1) можна азнаёміцца, аформіўшы заказ у чытальнай зале Аддзела абслугоўвання і арганізацыі фонду рэдкіх кніг і рукапісаў.

Матэрыял падрыхтаваны малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела даследавання рукапісаў К. А. Пярфільевай.

Вопіс фонду

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля