Круглый стол «Нам засталася спадчына»
15 лютага 2012 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала “Нам засталася спадчына” (да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы) з удзелам вядомых даследчыкаў, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў Адзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, рэдактараў часопісаў “Полымя”, “Нёман”, газеты “Звязда”. На пасяджэнні разглядаліся пытанні актуальнасці для сённяшняга дня творчасці Янкі Купалы – адной з самых яркіх і вечных старонак беларускай літаратуры. Навукоўцы дзяліліся цікавымі фактамі з жыцця і творчасці Янкі Купалы, уносілі прапановы наконт выяўлення цікавасці беларусаў, асабліва моладзі, да беларускай класікі і наогул да чытання твораў на беларускай мове.
У рабоце круглага стала прынялі ўдзел акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.А. Каваленя, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадеэміі навук Беларусі Н.Ю. Бярозкіна, акадэмік НАН Беларусі М.П. Касцюк, член-карэспандэнт НАН Беларусі М.І. Мушынскі, член-карэспандэнт НАН Беларусі С.С. Лаўшук і інш.
Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі была падрыхтавана выстава “Нам засталася спадчына”. На ёй прадстаўлены прыжыццёвыя выданні твораў, у тым ліку першыя зборнікі Янкі Купалы “Жалейка” (1908), “Huślar” (1910), асобна выдадзеныя паэмы, драматургічныя творы, сярод якіх знакамітыя “Адвечная песьня” (1910), “Паўлінка” (2‑е выд., 1927), “Раскіданае гняздо” (1919) і іншыя. Адно з цэнтральных месцаў у экспазіцыі займае першы збор твораў славутага беларускага паэта, драматурга, публіцыста, выдадзены ў 6 тамах на працягу 1925–1932 гг.
На выставе таксама прадстаўлены шматлікія пераклады твораў Янкі Купалы на іншыя мовы. Цікавым прадстаўляецца выданне “А хто там ідзе?” (1983), у якім адпаведны верш Янкі Купалы перакладзены на 87 моў свету. У гэтым раздзеле выставы экспануецца першы зборнік перакладаў вершаў паэта на рускую мову “Избранные произведения в переводах русских поэтов» (1919).
Асобным раздзелам выступае сучаснае вывучэнне спадчыны Янкі Купалы, аўтарскія даследаванні і шматлікія матэрыялы навуковых канферэнцый.
Поўны спіс выданняў, якія экспануюцца на выставе, прадстаўлен у буклеце.
Удзельнікам сустрэчы быў прапанаваны відэафільм “Духоўны прарок і зямны чалавек”, які падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі.
Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, адкрываючы “круглы стол”, адзначыў, што ў кожнага чалавека – свой Янка Купала. Хтосьці пасціг яго праз школьны курс, іншыя прафесійна займаюцца яго творчасцю. Ён падзяліўся першым асабістым знаёмствам з Янкам Купалам праз Буквар, у якім быў надрукаваны верш “Хлопчык і лётчык”, а таксама ўспамінамі аб сваёй працы ў архіве, дзе вывучаў дакументы 1942 года аб жыцці песняра. А. Каваленя заўважыў, што сярод плеяды слынных сыноў Беларусі Янка Купала лічыцца крамянём.
Спадчына, якая нам засталася, адзначыў дакладчык, – гэта можа быць куфар, які дастаўся нам ад бабулі, але больш каштоўны, – куфар духоўнасці. М. Мятліцкі расказаў пра свае ўражанні ад паездак у Вязынку, дзе ў якую б пару не паехаў, заўсёды адчуваеш беларускую веліч. Свае выступленне ён скончыў паэтычна:
Нам Купала сказаў, думна гледзячы ў свет:
— Беражыце свой край, мову матчыну!
І прымаю душой песняра запавет,
Берагу, прымнажаючы спадчыну.
Тэма, якую прапанаваў галоўны рэдактар газеты “Звязда” Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, – “Янка Купала і Кітай”. Ён паведаміў пра цікавыя факты аб тым, што, напрыклад, першы зборнік Янкі Купалы “Жалейка” быў выдадзены ў Кітаі ў 1946 годзе, пазней выдаваліся творы беларускага песняра на кітайскай мове ў 1953 г., 1957 г. і г. д. Гэта работа працягваецца і ў наш час. Павінен выйсці зборнік твораў Янкі Купалы на кітайскай мове і ў бягучым годзе.
Загадчык сектара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Уладзіміравіч Унучак расказаў пра радавод Янкі Купалы, пра значэнне псеўданіма беларускага песняра. Асвятліў пытанне аб тым, як Янка Купала стаў пісаць па-беларуску.
Намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы Сяргей Лявонцьевіч Гаранін адзначыў, што актуалізацыя творчасці Янкі Купалы – задача грамадскасці. Ён прывёў прыклад праектаў, якія ладзяцца ў іншых краінах – у Расіі, Францыі, Англіі. У прыватнасці С. Гаранін супыніўся на праекце “Імя Расіі”, які заключаецца ў стварэнні дакументальных фільмаў аб выдатных постацях расійскай гісторыі – царах, палкаводцах, дзеячах культуры, навукі і г. д. Выкарыстоўваючы падобныя прыклады, адзначыў вучоны, можна прэзентаваць беларускіх дзеячоў, запрашаючы да супрацоўніцтва сцэнарыстаў, рэжысёраў, акцёраў.
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі расказаў аб сваёй працы навуковага кіраўніка над поўным зборнікам твораў Янкі Купалы. Прапанаваў стварыць у Інстытуце мовы і літаратуры НАН Беларусі аддзел Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Паўлавіч Касцюк паведаміў аб некаторых фактах з жыцця Янкі Купалы, якія датуюцца 1942‑м годам.
Загадчык аддзела Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі Вераніка Мікалаеўна Ярмалінская адзначыла значэнне Янкі Купалы для тэатра. П’есы, якія ставяцца паводле твораў песняра (“Паўлінка”, “Прымакі”, “Раскіданае гняздо”), карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод гледачоў. В. Ярмалінская расказала цікавую гісторыю аб прам’еры “Паўлінкі” ў выкананні тэатра імя Янкі Купалы, якая адбылася ў Томску падчас вайны, у 1944 г. Гэтая п’еса з поспехам ідзе да нашага часу.
Падводзячы вынікі работы “круглага стала”, А.А. Каваленя агучыў тыя пытанні, якія пастаюць перад вучонымі, літаратуразнаўцамі ў справе захавання творчай спадчыны Я. Купалы дзеля наступных пакаленняў.
Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі выразіў шчырую падзяку супрацоўнікам бібліятэкі за актыўны ўдзел у арганізацыі круглага стала.