Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

«У аснове ўсюды – слова»

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Памятная дата была абвешчана рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1999 годзе з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці, а таксама каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак свету.

У рамках святкавання гэтага дня 19 лютага 2015 года Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі традыцыйна запрасіла на літаратурна-пазнавальную праграму навучэнцаў мінскіх школ. Вучні 3‑га і 4‑га класаў прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве «У аснове ўсюды – слова», арганізаваным Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэкай.

Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легендаў, паданняў, а таксама з твораў беларускіх пісьменнікаў.

Сёння, напэўна, няма пісьменнікаў, якія не выказалі б сваіх адносін да роднай мовы. У шматлікіх радках песняроў падкрэсліваецца яе значэнне ў жыцці грамадства, багацце і адметнасць, паказваецца сувязь мовы народа, культуры і гістарычнай памяці.

Каб дапамагчы ўдзельнікам імпрэзы адчуць смак сакавітай роднай мовы, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры былі запрошаны вядомыя госці. Сярод іх беларускі паэт, дзіцячы пісьменнік, празаік, публіцыст, гумарыст і сатырык Анатоль Зэкаў. Ён правёў забаўляльныя гульні, конкурсы на веданне беларускай мовы. Дзеці з задавальненнем разгадвалі вершаваныя матэматычныя задачы, слухалі казкі, вучылі вершы на беларускай мове. Прымалі ўдзел у гутарцы з вядомым аўтарам, які актыўна працуе на ніве беларушчыны і піша творы як для дарослых, так і для дзяцей.

З захапленнем гледачы сустрэлі і артыста Аляксандра Ждановіча, больш вядомага як Маляваныч. Дзеці сталі актыўнымі ўдзельнікамі тэатралізаваных гульняў любімага тэлевізійнага героя. З задавальненнем яны разгадвалі загадкі Маляваныча. Самыя актыўныя аматары беларускай мовы атрымалі памятныя падарункі.

Да мерапрыемства супрацоўнікамі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі была падрыхтавана кніжная выстава «Чытанка для дзяцей і не толькі». Загадчык аддзела абслугоўвання чытачоў Ніна Камарова пазнаёміла маленькіх чытачоў з лепшымі прыкладамі перакладаў дзіцячай літаратуры з розных моў свету на беларускую мову. У экспазіцыі былі прадстаўлены і казкі, вершы, аповесці беларускіх класікаў, створаныя для дзяцей рознага ўзросту. Дзеці змаглі ўбачыць тыя кніжкі, на якіх гадаваліся іх бацькі, бабулі і дзядулі, параўнаць кнігі для дзяцей. якія былі надрукаваны больш за сто гадоў назад, і сучасныя, а таксама перагарнуць старонкі дзіцячых кніг на беларускай мове.

Па заканчэнні імпрэзы яе ўдзельнікі мелі магчымасць зрабіць фота з запрошанымі гасцямі і атрымаць аўтограф.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля