Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Да юбілея Аляксея Васільевіча Пысіна

22 сакавіка адзначаўся 95-гадовы юбілей з дня нараджэння паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксея Васільевіча Пысіна.

З гэтай нагоды 20 сакавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі ладзілася вечарына, прысвечаная Аляксею Пысіну – «Мы свет нанова адкрывалі…».

Да мерапрыемства супрацоўнікамі навуковай бібліятэкі была падрыхтавана выстава «Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта... », на якой прадстаўлены асноўныя творы А. Пысіна. Пяру паэта належыць больш за дваццаць кніг паэзіі. Першы зборнік «Наш дзень» выйшаў у 1951 г., у 1959 з’явіўся зборнік «Сіні ранак», затым былі зборнікі «Сонечная паводка» (1962), «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967), «Пойма» (выбранае, 1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978), «Палёт» (1982), «Яшчэ не скончана дарога» (1983). Яго творы перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы, і гэтыя пераклады таксама дэманструюцца на выставе. А. Пысін і сам быў цікавым перакладчыкам. У асобным раздзеле выставы прадстаўлены літаратурна-крытычныя працы, а таксама літаратура аб жыцці і творчасці паэта.

У вечарыне прынялі ўдзел землякі і калегі Аляксея Васільевіча, тыя, хто ведаў яго пры жыцці і працаваў разам з таленавітым творцам, а таксама навукоўцы, літаратуразнаўцы, прыхільнікі яго паэтычнага таленту.

Па словах загадчыцы культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзіі Паўлаўны Шагойка, выдатны паэт А.Пысін быў вельмі ўважлівым да маладых літаратараў. На Магілёўшчыне з яго непасрэдным удзелам штогод праводзілася вучоба для пачынаючых паэтаў і празаікаў. Многія з тых, хто вучыўся паэтычнаму майстэрству ў Аляксея Пысіна, занялі сваё пачэснае месца на паэтычным алімпе. Сярод іх лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, паэтэса Раіса Баравікова.

Раіса Андрэеўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра настаўніка, першае знаёмства з якім адбылося ў рэдакцыі Быхаўскай раённай газеты. На думку вучаніцы А. Пысіна, яе настаўнік – глыбінны паэт, паэт–філосаф. Яна заўважыла, што Аляксей Васільевіч быў зусім не публічным чалавекам, вельмі сціплым, дабразычлівым да моладзі, заўсёды імкнуўся дапамагчы і падтрымаць. У выкананні Раісы Баравіковай прагучалі радкі з аўтарскага верша памяці А.Пысіна:

Вайна яшчэ не адышла.
Для адыходу — веку мала.
Краіне прозвішчы дала,—
а тых, хто іх насіў,—забрала.
Сцяна завей, сцяна дажджоў
так ненадзейна прыкрывала,—
ў сваю дывізію пайшоў,
бы куля з той вайны дагнала.

«Дзякуючы Аляксею Пысіну сёння ёсць Баравікова», — адзначыла паэтэса.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Каліноўскага, пісьменнік Віктар Карамазаў, зямляк Аляксея Пысіна ведаў яго з 1958 года. Віктар Філімонавіч расказаў, што у той час А. Пысін працаваў у Чэрыкаве ў раённай газеце. Будучы чалавекам, які не цярпеў хлусні, падхалімажу, заўсёды казаў праўду ў вочы, Аляксей Васільевіч аднойчы напісаў фельетон пра аднаго не вельмі сумленнага кіраўніка. Калі фельетон забаранілі друкаваць у газеце, ён, не пабаяўшыся, вырашыў напісаць аб гэтым ва Ураду.

Віктар Карамазаў падзяліўся са слухачамі звесткамі аб тым, як сціпла жыў А.Пысін, як пісаў вершы у ванным пакоі, бо сям’я з трыма дачкамі тулілася ў аднапакаёвай кватэры. А яшчэ былі ўспаміны пра вайну. Віктар Філімонавіч прыгадаў, як уразіў яго расказ Аляксея Пысіна пра тое, як сустракалі перамогу, як радаваліся разам і нямецкія, і савецкія салдаты, што скончылася вайна, а з ёй і чалавечыя ахвяры.

Аляксей Пысін належыць да франтавога пакалення пісьменнікаў такіх, як М. Аўрамчык, А. Вялюгін, К. Кірэенка, В. Быкаў і інш. Вайна пакінула незабыўны след у памяці паэта, стала цэнтрам яго творчасці . Матыў памяці «пабрацімства мёртвых і жывых» гучыць у лепшых паэтычных творах мастака слова.

Сярод творчых напрацовак артысткі Зінаіды Феакціставай ёсць спектакль па творах паэта-зямляка Аляксея Пысіна. У выкананні Зінаіды Уладзіміраўны прагучаў урывак з монаспеклакля «Белы камень».

Творчы вечар працягнуў выкладчык сярэдняй школы №1 па класу гітары Дзмітрый Сенькін. У яго выкананні прагучалі вядомыя ваенныя песні.

Творчасць Аляксея Пысіна аказвае магутны ўплыў на чытача. Прыхільнікі яго паэтычнага таленту, даследчыкі і студэнты ў розны час звяртаюцца да вывучэння яго творчасці. Яшчэ пры жыцці Аляксея Васільевіча дыпломную работу па яго творах пісаў Генадзь Пашкоў. Маладая даследчыца Таццяна Хоміч, выкладчыца БГПУ імя М. Танка, абараніла кандыдацкую па творчасці А.Пысіна.

У сваім выступе Таццяна Пятроўна выказала меркаванне, што паэзія А. Пысіна – гэта не толькі суровая лірыка салдата. У свой час, перачытаўшы двухтомнік Аляксея Васільевічаа, яна ўпэўнілася, што яго вершы – гэта вершы кахання.

Яна шчыра падзякавала выступоўцам, хто асабіста ведаў Аляксея Пысіна і змог падзяліцца каштоўнымі ўспамінамі пра яго. Таццяна Хоміч з сумам адзначыла, што не захавалася архіва Пысіна, таму што сам ён не хацеў «каб нехта корпаўся ў маіх чарнавіках». А ўспаміны, якія прагучалі, даюць магчымасць разважаць пра светапогляд А.Пысіна. Сваё выступленне даследчыца творчасці Аляксея Васільевіча. Пысіна скончыла радкамі з яго верша:

Забыта многае ў жыцці,
З дарогі змецена і змыта.
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.

Беларускі паэт, мовазнавец Кастусь Цвірка, галоўны рэдактар вядомай кніжнай серыі «Беларускі кнігазбор», расказаў аб тым, што ў гэтай серыі рыхтуеца выданне, прысвечанае А.В. Пысіну. Канстанцін Аляксеевіч адзначыў, што на яго погляд, у беларускай літаратуры пра вайну расказалі два чалавекі: у прозе – Васіль Быкаў, а ў паэзіі – Аляксей Пысін. Падтрымаў ідэю такога выдання беларускі літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка.

Вечарына завершылася паэтычнымі радкамі Аляксея Пысіна ў выкананні Зінаіды Феакціставай:

Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет...

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля