Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі “Традыцыі жывёлагадоўлі Беларусі”
20 чэрвеня ў 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя калектыўнай манаграфіі “Традыцыі жывёлагадоўлі Беларусі”, прымеркаванай да года выхаду кнігі.
Прэзентацыя пачалася з русальных і купальскіх песен розных рэгіёнаў Беларусі ў выкананні фальклорнай групы “Guda”.
Аўтар ідэі і навуковы рэдактар вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар гістарычных навук Галіна Іванаўна Каспяровіч адзначыла, што працавала над манаграфіяй больш за 15 год. У кнізе таксама прадстаўлены інфарматыўныя раздзелы, напісаныя Л. П. Сівуравай, А. Ю. Бабіч, Л. Ш. Марковіч, У. І. Кастаусавым.
Галоўнай мэтай манаграфіі з’яўляецца патрэбнасць паказаць эвалюцыю традыцый багатай і самабытнай культуры жывёлагадоўлі Беларусі, выявіць змены ў структуры галіны, прасачыць захаванне і мадэрнізацыю традыцый па ўтрыманні і доглядзе, узнаўленні і селекцыі свойскіх жывёл, ахарактарызаваць светапоглядныя ўяўленні аб свойскіх жывёлах, святы, звычаі, народныя веды, звязаныя з жывёлагадоўляй.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка. «Тэма жывёлагадоўлі і народнай культуры заўсёды актуальная, а кніга ўяўляе шырокую цікавасць не толькі для навуковых работнікаў і этнографаў, але і для аграрыяў», – адзначыў кіраўнік Цэнтра.
Удзел у прэзентацыі прынялі першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры НАН Беларусі Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка, загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Тадэвуш Антонавіч Навагродскі, дырэктар Выдавецкага дома “Беларуская навука” Аляксандр Міхайлавіч Дудзік, акадэмік НАН Беларусі Пятрусь Георгіевіч Нікіценка, загадчык аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандра Уладзіміраўна Гурко, дацэнт кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Сцяпан Артуравіч Захаркевіч, старшы выкладчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Генадзеўна Бачыла.
Да мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі аднайменную выставу, на якой дэманстраваліся выданні па праблемах вывучэння аднаго з самых важных заняткаў беларусаў – жывёлагадоўлі. Да гэтай тэмы звярталіся ў розныя часы вандроўнікі-краязнаўцы, этнографы. Так, напрыклад, і сёння цікавымі будуць матэрыялы, якія пакінулі П.М. Шпілеўскі, М. Я. Нікіфароўскі, І. А. Сербаў, Е. Р. Раманаў, М.В. Доўнар-Запольскі і іншыя.
Вялікую цікавасць у прысутных выклікалі публікацыі пра народныя веды, прыкметы, абрады, павер’і, звязаныя з гадаваннем, купляй і продажам, лячэннем свойскай жывёлы, цыклы песень, казак, прыказак, якія змяшчаюць багацейшы этнаграфічны матэрыял і характаразуюць светапогляд беларусаў. Пазнавальным было і прасачыць развіццё пастухоўства і жывёлагадоўлі, рыбалоўства, пчалярства, розных відаў гаспадарчых пабудоў для жывёл і працы, сродкаў транспарта (гужавы транспарт, вупраж і г.д.).
На выставе дэманстраваліся і сучасныя публікацыі – даследаванні супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы і іншых акадэмічных устаноў. Гэтыя тэмы даследаванняў застаюцца актуальнымі і сёння: культура жывёлагадоўлі у сярэдзіне ХХ ст, у канцы ХХ – пачатку ХХІ ст., захаванне і мадэрнізацыя традыцый жывёлагадоўлі ў аграпрамысловых прадпрыемставах Рэспублікі Беларусь, у падсобных сялянскіх, фермерскіх гаспадарках, традыцыі канегадоўлі, рыбнай гаспадаркі і г.д.