Выстава «Да 120-годдзя з дня нараджэння акадэміка Г. І. Гарэцкага»
10 красавіка 2020 года споўнілася 120 год з дня нараджэння выдатнага беларускага вучонага, геолага, географа, эканаміста, археолага, грамадскага дзеяча акадэміка НАН Беларусі, доктара геолага-мінералагічных навук, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага (1900-1988).
Да юбілейнай даты вучонага былі падрыхтаваныя відэа- і бія-бібліяграфічныя матэрыялы, якія мы і прапануем для азнаямлення.
Відэапрэзентацыя выставы на youtube
Сярод першых публікацый Г. І. Гарэцкага, якія захоўваюцца ў фондзе ЦНБ НАН Беларусі, згадваюцца наступныя: «Маскоўска-беларускі слоўнік», (у суаўтарстве з братам М. Гарэцкім, 2-е выданне, 1920 г.), «Народны прыбытак Беларусі» (1926), «Даследчая справа па сельскай i лясной гаспадарцы БССР : (у сувязi з мерапрыемствамi па ўздыму вытворчых сiл сельскай гаспадаркi)» (1929), «Нацыянальныя асаблівасці насельніцтва БССР і беларускага насельніцтва СССР паводле перапісу 1926 г.» (1929) і інш.. Гэтыя працы цесна звязаныя з дзейнасцю Г. І. Гарэцкага па вырашэнні гаспадарча-эканамічных, дэмаграфічных і культурна-асветніцкіх задач Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя.
У творчым і працоўным жыцці Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага былі два галоўных этапы. Мяжа паміж імі – 1930 год, калі малады акадэмік, спецыяліст у галіне эканомікі, геаграфіі, дэмаграфіі трапіў у ГУЛАГ, дзе засвоіў новую для сябе прафесію інжынера-геолага.
Наступныя манаграфіі вучонага пачынаюць выходзіць толькі ў 60-70-х гг. Такія манаграфіі Гарэцкага, як «Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины : прареки Камского бассейна» (1964), «Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги» (1966), «Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра» (1970) былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР і, паводле сведчання спецыялістаў, ужо пры жыцці аўтара сталі класічнымі.
Да выставы былі падрыхтаваныя і звесткі аб навуковых публікацыях Гарэцкага ў часопісах, зборніках навуковых прац, дакладах на з’ездах і канференцыях. Аналізуючы гэты матэрыял, можна адзначыць першыя геалагічныя публікацыі ў зборніку «Труды Советской секции Международной ассоциации по изучению четвертичного периода (INQUA)», у часопісе «Природа» за 30-40-е гг., якія прысвечаны вывучэнню неалітычных стаянак Кольскага паўвострава, археалагічным даследаванням, геалогіі чацвярцічных адкладаў еўрапейскай частцы СССР.
У коле навуковых даследаванняў Гарэцкага дакладна акрэсленыя наступныя тэмы, якія знайшлі адлюстраванне ў багацейшай спадчыне вучонага: палеапатамалогія (новая галіна геалогіі аб палеагеаграфічных законах алювіяльнага асадканамнажэння і літагенезу); гісторыя развіцця вялікіх рэк еўрапейскай часткі СССР; сучаснае вучэнне аб генетычных тыпах і фармацыях кантынентальных адкладаў антрапагену; геалагічныя карэляцыі кантынентальных адкладаў Рускай раўніны і Каўказа з асадкавымі ўтварэннямі Барэнцава, Белага, Балтыйскага, Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў; вывучэнне утварэнняў антрапагенавага перыяду як асаблівага адрэзка геалагічнай гісторыі нашай планеты.
За гады працы ў роднай Беларусі пад кіраўніцтвам Г. І. Гарэцкага былі праведзены комплексныя даследаванні антрапагенавых адкладаў даліны Дняпра, Беларускага Панямоння, распрацавана канцэпцыя спадчыннай прыстасаваннасці развіцця даліны Нёмана і рэк яго басейна і г.д.
Агульная рэтраспектыва прыжыццёвых навуковых публікацый вучонага, уключаючы і публіцыстычныя артыкулы, складае перыяд з 1920 да 1988 года. Вялікі разддзел публікацый аб жыцці і дзейнасці Г. І. Гарэцкага пазнаёміць з цікавымі біяграфічнымі фактамі, гісторыямі, успамінамі аб жыцці славутага вучонага, які праславіў беларускую навуку і унёс вялікі ўклад у адраджэнне нацыянальнай культуры.
Да юбілейнай даты Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага падрыхтаваныя буклеты: