Круглы стол «Беларуская мова ў кітабах»
У раскладзе мерапрыемстваў у рамках Тыдня роднай мовы зацікаўленасць гасцей выклікаў круглы стол «Беларуская мова ў кітабах», у якім прынялі ўдзел даследчыкі-кітабісты: кандыдат філасофскіх навук Ірына Анатольеўна Сынкова, кандыдат філалагічных навук Міхаіл Іванавіч Тарэлка (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа), Муфтый Духоўнага ўправлення мусульман Беларусі Алі Варановіч, Старшыня Рады імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мустафавіч Радкевіч (Інстытут мовазнаўства імя Якуба), кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Эдуардавіч Сеўрук (Інстытут тэалогіі імя св. Мяфодзія і Кірыла), Разалія Адамаўна Александровіч-Туфкрэа (Нацыянальны інстытут адукацыі), Яніна Аляксандраўна Коршунава (Беларускі дзяржаўны універсытэт, факультэт філасофіі і сацыяльных навук).
Удзельнікі сустрэчы паведамілі пра цікавыя знаходкі, якія адкрыліся ім падчас вывучэння рукапісных дакументаў, створанымі татарамі на беларускіх землях, падзяліліся сваімі высновамі.
Круглы стол суправаджаўся выставай «Беларуская мова арабскім пісьмом», падрыхтаванай супрацоўнікамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў. На ёй можна пабачыць рукапісы татараў Беларусі з фондаў ЦНБ НАН Беларусі.
У бібліятэцы захоўваецца 17 рукапісаў канца XVII–пачатку XX стагоддзяў, 6 з іх прадстаўлены на выстаўцы.
Другі раздзел экспазіцыі прысвечаны даследаванням айчынных і замежных навукоўцаў XIX–XXI стагоддзяў пра татарскую кніжнасць. Сярод найбольш ранніх – праца першаадкрывальніка пісьменства беларускіх татараў, ураджэнца Беларусі, прафесара ўсходніх моў Пецярбургскага універсітэта А. Мухлінскага «Изследованіе о происхожденіи литовскихъ татаръ» (СПб, 1857).
Часопісы 20‑х–30‑х гадоў мінулага стагоддзя «Узвышша», «Наш край», «Rocznik Tatarski» разгорнуты на артыкулах В. Вольскага, Л. Цвяткова, А. Шлюбскага, С. Крычынскага, прысвечаных кніжнай спадчыне татараў Беларусі. У гэты ж час было надрукавана даследаванне Я. Станкевіча «Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом» (Вільня, 1933).
Даследаванні другой паловы XX стагоддзя адкрывае фундаментальная праца А. Антановіча «Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система» (Вильнюс, 1968).
Завяршаюць экспазіцыю каталогі рукапісаў татараў Беларусі. Дарэчы, першы каталог з падрябязным апісаннем рукапісаў з дзяржаўных калекцый Беларусі быў падрыхтаваны ў ЦНБ НАН Беларусі, ён выйшаў у 2011 г.