150-гадовы юбілей Лесі Украінкі
25 лютага адзначаўся 150-гадовы юбілей Лесі Украінкі — вялікай украінскай паэткі і асветніцы, якая зусім не чужая беларусам.
Артыкул можна прачытаць і на рускай мове.
Сапраўднае прозвішча Лесі Украінкі — Ларыса Пятроўна Косач, нарадзілася яна ў горадзе Наваград-Валынскім. Бацька быў вядомы грамадскі дзеяч, маці праславілася як пісьменніца пад псеўданімам Алена Пчылка. А родны дзядзька, брат маці, Міхаіл Драгаманаў здабыў усееўрапейскую вядомасць як таленавіты публіцыст, гісторык, філосаф, эканаміст, літаратуразнавец, фалькларыст, грамадскі дзеяч.
Дзве гісторыі
Першая — пра вакзал «Брэст-Цэнтральны»
У 1888 годзе Леся з мамай праязджалі праз толькі што пабудаваны брэсцкі вакзал. Гэта было першае далёкае падарожжа 17-гадовай Лесі. Маці везла дачку ў Варшаву на кансультацыю — дзяўчына хварэла на туберкулёз костак. Напэўна, чуллівую Лесю, ды і маці, пісьменніцу Алену Пчылку, уразіў вакзал у маўрытанскім стылі, што нагадваў крэпасць з сярэднявечнага Усходу. Магчыма, жанчынам пашанцавала ўбачыць і ўнікальнае асвятленне — менавіта ў год Лесінай вандроўкі «Брэст-Цэнтральны» быў электрыфікаваны 160 лямпачкамі. Гэта выглядала чароўна. Такога не ведаў ні адзін іншы вакзал у Расійскай імперыі, усюды яшчэ карысталіся газавымі лямпамі.
А другая гісторыя пра Мінск
У 1901 годзе на скрыжаванні вуліц Куйбышава і Камуністычнай (а тады Шырокай і Міхайлаўскай) некалькі месяцаў жыла 29-гадовая Леся Украінка, якая прыехала ў Беларусь да свайго невылечна хворага хлопца, 30-гадовага Сяргея Мяржынскага. Яны пазнаёміліся ў 1897 годзе ў Крыме, а потым сустрэліся на падпольнай сацыял-дэмакратычнай сходцы ў Кіеве, дзе мінчанін Мяржынскі заканчваў універсітэт. Абодва цікавіліся палітыкай і грамадскім жыццём. Праз год падчас сустрэчы ў Ялце між імі нешта ўзнікла: «Мій друже, любий мій друже, створений для мене, як можна, щоб я жила сама, тепер, коли я знаю інше життя?» — пісала Леся.
Здаецца, з яе боку было каханне, з яго — прыязнасць. Хаця ён і прыязджаў, і доўга гасцяваў у яе бацькоў. Адтуль і адзінае сумеснае фота — вельмі забаўнае, у сене.
З 1900 года сухоты Мяржынскага сталі прагрэсаваць. Пасля безвыніковай паездкі ў Ялту ён пасяліўся ў Мінску, у доме цётак, дзе і пражыў апошні год. Леся даглядала яго дні і ночы, а калі ён засынаў, пісала. Менавіта тут, у цэнтры беларускай сталіцы, напісана выдатная паэма «Апантаная».
Тут жа яна сустрэла свае 30 гадоў. Сяргею заставалася менш за месяц.
Леся арганізоўвала пахаванне. Мяржынскі надзвычайна любіў кветкі і, паводле легенды, перад смерцю папрасіў упрыгожыць кветкамі яго магілу. На развітанні яе пыталі, чым дапамагчы. Леся адказвала: нічога не трэба, але пастарайцеся дастаць кветак на магілу, Сяргей Канстанцінавіч так іх любіў!
Раніцай 18 сакавіка 1901 па вуліцы Старажоўскай (цяпер гэта Кісялёва) коні везлі труну, за труной ішла жалобная працэсія. З царкоўнай брамы храма Марыі Магдалены (брама існуе дагэтуль) выйшаў святар. Да працэсіі далучыліся і жанчыны з царкоўнага прытулку (ён быў на месцы хлебзавода). Рака свечак і мора кветак на свежай магіле.
Гэты верш у прозе яна напісала ўвосень 1900-га, даведаўшыся з намёкаў мінскага доктара Эліасберга, што Сяргей ужо не паправіцца:
«Твої листи завжди пахнуть зів’ялими трояндами, ти, мій бідний, зів’ялий квіте!.. Се нічого, що ти не обіймав мене ніколи, се нічого, що між нами не було і спогаду про поцілунки, о, я піду до тебе з найщільніших обіймів, від найсолодших поцілунків! Тільки з тобою я не сама, тільки з тобою я не на чужині. Тільки ти вмієш рятувати мене від самої себе. Все, що мене томить, все, що мене мучить, я знаю, ти здіймеш своєю тонкою, тремтячою рукою, вона тремтить, як струна, — все, що тьмарить мені душу, ти проженеш променем твоїх блискучих очей, — ох, у тривких до життя людей таких очей не буває! Се очі з іншої країни...
Мій друже, мій друже, нащо твої листи так пахнуть, як зів’ялі троянди?
Мій друже, мій друже, чому ж я не можу, коли так, облити рук твоїх, рук твоїх, що, мов струни, тремтять, своїми гарячими слізьми?
Мій друже, мій друже, невже я одинока згину? О візьми мене з собою, і нехай над нами в’януть білі троянди!.. Візьми, візьми мене з собою, ми підемо тихо посеред цілого лісу мрій і згубимось обоє помалу, вдалині. А на тім місці, де ми були в житті, нехай троянди в’януть, в’януть і пахнуть, як твої любі листи, мій друже...».
У Мінску ёсць вуліцы, названыя ў гонар украінскай паэткі і мінскага сацыял-дэмакрата. Яны знаходзяцца ў розных частках горада: першая — у Вяснянцы, другая — у раёне Парка Чалюскінцаў і бульвара Талбухіна.
У ЦНБ НАН Беларусі творчая спадчына Лесі Украінкі прадстаўлена на ўкраінскай, беларускай, рускай і польскай мовах.
Гэта выданні, якім больш за 90 гадоў, а таксама сучасныя перавыданні твораў вядомай паэткі.
Сустракаюцца вельмі цікавыя экзэмпляры з дарчымі надпісамі.