Друкар беларускага слова – Марцін Кухта
У гэтым годзе адзначаецца 115 гадавіна з дня заснавання ў Вільні яго друкарні.
У сакавіку 1906 года Марцін Кухта адкрывае выдавецтва з правам выпускаць кнігі, газеты і часопісы, а ў лістападзе таго ж года ў Вільні выйшаў першы нумар газеты «Наша Ніва».
Да пачатку Першай сусветнай вайны прадпрыемства Кухты з’яўлялася адной з самых вялікіх літоўскіх друкарань. У гісторыю беларускай літаратуры залатымі літарамі Кухта быў упісаны Максімам Багдановічам.
Менавіта радкі яго неўміручага верша з напамінам аб тым, што зборнік «Вянок» пабачыў свет у друкарні Кухты, сталі самым вялікім помнікам выдаўцу.
У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Марцін Кухта нарадзіўся ў 1875 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і. З ранняга ўзросту хлапец зацікавіўся выдавецкай справай. Ён старанна вывучыў усе ступені гэтай даволі складанай прафесіі. Пачынаў з ролі вучня наборшчыка. За дзесяць гадоў стараннай вучобы Кухта здолеў стаць малодшым наборшчыкам. Ён не быў задаволены працай у правінцыйных друкарнях і для ўдасканальвання ведаў накіраваўся ў Санкт-Пецярбург.
Змены палітычных рэжымаў прыносілі Кухту розныя цяжкасці. Трэба было пастаянна быць асцярожным і ўважлівым. Нягледзячы на розныя абставіны, ён прайшоў шлях ад простага наборшчыка да ўладальніка найбуйнейшай друкарні ў Літве.
З «Нашай Нівай» супрацоўнічалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны. Шэраг імёнаў можна працягваць: са старонак газеты прыходзіла слова ўсіх нашых выдатных літаратараў таго часу.
А тыраж папулярнага ва ўсіх сэнсах выдання «Беларускага календара» даходзіў аж да 8 тысяч!
З друкарні выйшлі зборнік Янкі Купалы «А хто там ідзе?», «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага (у 1910 годзе), «Родныя з’явы» Якуба Коласа, «Рунь» Максіма Гарэцкага, «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча, «Курганная кветка» Канстанцыі Буйло (у 1914‑м).
Гэта была не проста друкарня, а месца яднання, кропка ў прасторы, з якой пачыналася сучасная беларуская літаратура. З Кухтам супрацоўнічалі выдавецкая суполка «Наша хата» і «Беларускае выдавецкае таварыства». Ён быў знаёмы з тымі, каго мы называем сёння класікамі, але тады яны ўсе толькі пачыналі, з натхненнем, імпэтам, з жаданнем стварыць Беларусь і жыць дзеля яе. У той час яны яшчэ не мелі шырокай вядомасці, а Кухта ўжо супрацоўнічаў з імі, верыў у іх, у ідэю, якой яны служылі. Падаецца, што Марцін Кухта ішоў ад жыцця, ад таго, што на той момант яно прапаноўвала, і гэта неяк спалучалася з яго друкарскай справай.
Ён плённа працаваў на выдавецкай ніве да 1934 года.
Памёр Марцін Кухта на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Літве.
Прапануем паглядзець віртуальную выставу, прысвечаную друкару беларускага слова Марціну Кухту