Выстава «Дзень беларускага пісьменства»
У чытальнай зале гуманітарных навук дэманструецца выстава «Дзень беларускага пісьменства».
Дзень беларускага пісьменства ў нашай краіне святкуецца штогод у першую нядзелю верасня. Выстава, якая традыцыйна дэманструецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, пазнаёміць з цікавымі публікацыямі за апошнія тры гады па гісторыі беларускага рукапіснага і друкаванага слова, пра мысліцеляў і асветнікаў зямлі беларускай.
У справе вывучэння спадчыны беларускага кнігадрукавання зроблена нямала, аднак далёка не ўсё. Яшчэ застаецца шмат загадак і недаследаваных фактаў. Як мы разумеем, што такое беларуская кніга? Самы просты адказ –гэта кніга на беларускай мове. Але ці так гэта? Тэрміналагічнае вызначэнне паняцця «беларуская кніга» прынцыпова важнае для даследавання гісторыі нацыянальнай кніжнасці і пісьменства, і ў перыяды адасобленасці дзяржавы, і ў перыяд яе ўваходжання ў склад іншых культурна-геапалітычных кангламератаў.
Эпоху беларускага кнігадрукавання распачаў Францыск Скарына – гуманіст і патрыёт, чалавек еўрапейскай культуры і адукацыі. На выставе падзелімся інфармацыяй аб новых навуковых і навукова-папулярных выданнях, прысвечаных выдатнаму дзеячу культуры Беларусі эпохі Адраджэння Францыску Скарыну. Менавіта ён першым ва Ўсходняй Еўропе выпусціў у 1517 годдзе друкаваную кнігу, тым самым зрабіўшы кніжнае слова і ўсе веды чалавецтва даступнымі для шырокіх слаёў насельніцтва.
Справа, пачатая Ф. Скарынам, была працягнута яго паслядоўнікамі, пры падтрымцы магнатаў Радзівіллаў, Валовічаў, Кішкаў, Глебавічаў і інш. Амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалі дзейнічаць друкарні: у Брэсце, Нясвіжы, Цяпіне, Заблудаве, Лоску, Слуцку, Любчы, ў Вільні, Полацку, Магілёве, Гродна, Куцейне і інш.
Пісьмовая спадчына К. Тураўскага, кнігавыдавецкая і асветніцкая дзейнасць Ф. Скарыны, дзейнасць віленскай друкарні братоў Мамонічаў, працы Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды, друкарня пры Віленскім універсітэце, друкарская дзейнасць на тэрыторыі Беларусі ў Куцейне і Магілёве, а таксама многія іншыя выдавецкія і асветніцкія цэнтры, якія служылі месцам прафесійнага навучання і творчай дзейнасці айчынных майстроў кніжнага мастацтва – усё гэта з'яўляецца часткай культуры беларускага народа, а асобныя помнікі нацыянальнай літаратуры лічацца сапраўднымі жамчужынамі еўрапейскай і сусветнай мастацкай культуры.
Прапануем рэкамендацыйны спіс літаратуры па тэме.











