Хаім Суцін: да сутнасці мастака (да 130-годдзя з дня нараджэння)
Ён быў жрацом жывапісу, яго працэсу амаль фізічнага перажывання, ён адрозніваў ў рэальнасці яго мастацкія складнікі, яго каляровую і пластычную аснову і з усяго бачнага здабываў “рэчыва мастацтва”, здабываў з паспешлівай зацятасцю хірурга, які аперыруе на полі бітвы.
Міхаіл Герман
Сярод выдатных дзеячоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, але былі вымушаны з’ехаць з прычыны розных абставін, асабліва вылучаецца плеяда выдатных мастакоў “парыжскай школы”: Марк Шагал, Леў Бакст і Хаім Суцін. Яшчэ пры жыцці аўтараў прац аматары і гледачы адзначалі неймаверныя колеры і буйства фарбаў у карцінах і мастацкіх адбітках ураджэнцаў Беларусі. Калі творчасць Шагала была прасякнута відавочнай любоўю да Віцебска, у выпадку Бакста і Суціна ўсё значна цяжэй…

13 студзеня адзначаецца 130 гадоў з дня нараджэння выдатнага мастака Хаіма Суціна. Складанасць высвятлення і асвятлення розных старонак жыцця і дзейнасці Суціна заключана ў ягонай замкнёнасці як чалавека і ў тым, што ён свядома парываў са сваёй мінуўшчынай у Беларусі. Большасць таго, што мы ведаем пра яго – гэта інфармацыя з успамінаў сяброў, у прыватнасці з успамінаў сябра дзяцінства Шрагі Царфіна, надрукаваных ім у 1958 года па праханні крытыка Жоржа Вальдэмара, які займаўся вывучэннем Парыжскай школы. Царфін нарадзіўся разам з Суцінам у адным мястэчку, але ў адрозненні ад апошняга вельмі шмат узгадваў радзіму.
Хаім Суцін з’явіўся на свет у Смілавічах і быў дзесятым з адзінаццаці дзяцей у сям’і. Вядома, што бацька Суціна быў артадаксальным габрэем, таму не падтрымліваў памкненні сына быць мастаком. Але ж Суцін з дзяцінства размалёўваў муры хаты, маляваў партрэты людзей, кветкі. Вельмі шмат часу праводзіў ён ля ракі, ходзячы па рынку, сярод сялян. Ранніх прац Суціна практычна не захавалася, паколькі мастак знішчыў іх сам, палічыўшы непрафесійнымі.
У 1907 годзе Хаім прыехаў у Мінск, дзе пачаў наведваць мастацкую школу Якава Кругера, а пасля ў 1909 годзе разам са сваім сябрам Міхаілам Кікоіным паехаў ў Вільню, дзе яны запісаліся ў школу прыгожых мастацтваў. Будучыя мастакі марылі пабачыць Парыж – і хутка іх мара здзейсніцца.
Царфін, як і Суцін, з дзяцінства любіў маляваць. “…Калі мы былі дзецьмі, ён змаляваў сцены бацькоўскага дома, а я — канторскія кнігі майго бацькі. Хаім любіў маляваць партрэты, я ж аддаваў перавагу мацляванню пажарнікаў, чые бліскучыя каскі рабілі на мяне надзвычайнае ўражанне. Суцін часта змалёўваў з фотаздымкаў. Ён рабіў з іх павялічаныя копіі, што прыводзіла ў захапленне жыхароў мястэчка. Пазней, калі ён вучыўся ў Вільні, Хаім спрабаваў зарабіць гэтым на жыццё, паколькі яго бацька не мог дапамагаць яму грашыма, як гэта было ў маім выпадку…”
Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, Суцін заўсёды хадзіў фанабэрысты. Ён быў франтам, пудрыўся і душыўся, раздаваў шчодрыя чаявыя.
Вяртаючыся на вакацыі да бацькоў, Суцін хадзіў у школьнай форме, якая ўражвала сялян. Таму, карыстаючыся станам, малады чалавек выдаваў сябе за дзяржаўнага служачага і палохаў сялян, кажучы: “Прыстаў (камісар паліцыі) даслаў мяне зрабіць ваш партрэт”. Царфін узгадвае і яшчэ адзін цікавы выпадак. Аднойчы адзін паляк запытаў ў ягонага бацькі наконт Суціна ў якой форме ён заўсёды ходзіць, а той адказаў, што сын – мастак. Нашто паляк запытаў: ці суадносіцца становішча мастака са становішчам лекара? Бацька Царфіна адказаў: “О не, гэты статус значна вышэй за лекара!”
Цікавая тая частка ўспамінаў Царфіна, дзе ён распавядае пра інтарэсы маладога Суціна: “Я часта заставаў Суціна за чытаннем. Аднойчы ўвечары, калі я прыйшоў да яго, ён быў заглыблены ў чытанне “На дне” Горкага. Я пачаў прасіць яго даць мне прачытаць гэтую кнігу, але ён адказаў, што я яшчэ занадта малы і што мне пакуль зарана чытаць такія кнігі. І сапраўды, <…> мне ў гэты час было толькі 12 ці 13 гадоў.
Хаім вельмі любіў музыку. Ён граў на балалайцы і адчайна грымаснічаў пры гэтым. Ён натхнёна пеў і граў, выгінаючыся ўсім целам. Часцяком ён найграваў адну і тую ж мелодыю, называючы яе “Вальсам вар’ята” — “Вальсом сумасшедшего”. Цяпер мне здаецца, што гэта быў пачатак “Месяцовай санаты” Бетховена…”.
У 1913 годзе Хаім назаўсёды пакінуў радзіму. Ён больш ніколі не пабачыць ані сваіх бацькоў, ані сваіх братоў і сясцёр, ані родных мясцін.
Аб далейшым лёсе Суціна вядома значна больш, напісана шмат прац і манаграфій, якія вельмі часта паўтараюць легенду аб вар’яцтве і пракляцці гэтага мастака. Жыццё за мяжой прынесла Суціну паспяховыя выставы ў Парыжы, Чыкага, Лондане. Продаж карцін, сяброўства з Мадзільяні, вандроўкі па Еўропе і г.д.










Дзіўны, часам вельмі сарамлівы і нелюдзімы, ён не пакінуў асабістых успамінаў, мемуараў, амаль не пісаў лістоў. Толькі ў мастацтве ён быў красамоўным, апантаным і палкім.
“Працы Суціна выклікаюць стан трывогі, і пры поглядзе на некаторыя з іх становіцца не па сабе. Але за гэтай знешняй выродлівасцю яго фантастычнага мастацтва, мы таксама бачым у зачараваным свеце людзей, птушак, прадметаў і самой прыроды яго глыбокую любоў да жыцця…”, – пісала пра яго мастак Марэўна (Марыя Вараб’ёва-Стэбельская).

9 жніўня 1943 года ў акупаваным Парыжы Хаім Суцін памёр ад язвы страўніка і быў пахаваны на Манпарнаскіх могілках. За труной вялікага мастака ішоў Пабла Пікаса, Жан Както і Макс Жакоб.


У фондзе рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца парыжскае выданне 1928 г. каталога калекцыянера доктара Жака Субі, у зборы якога знаходзілася карціна Суціна “Кветкі і садавіна” 1918 г.