Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага
Я жыць хачу вольным жыццём – жыццём радасці, добрага, вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другім творыць гармонію жыцця. Я крэпка, усімі сваімі сіламі жадаю яго!
Максім Гарэцкі
Досыць часта ў гісторыі Беларусі сустракаюцца сем’і, якія выхоўваюцца ў традыцыях шляхетнай годнасці, павагі да традыцый і бяззмежнай любові да Бацькаўшчыны. Адной з такіх сем’яў з’яўляецца сям’я Гарэцкіх.

18 лютага спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, фалькларыста, літаратуразнаўца, перакладчыка і дзеяча нацыянальнага руху Максіма Іванавіча Гарэцкага.
У межах праекта “Навукоўцы, што праславілі Беларусь” супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі падрыхтавалі апісанне біяграфіі М. Гарэцкага. На гэтай старонцы можна азнаёміцца з асноўнымі працамі Максіма Гарэцкага, літаратурай аб ім, а таксама архіўнымі фотаздымкамі.
Сярод больш як 60 рукапісных архіваў асабістага паходжання, якія знаходзяцца на захаванні ў Цэнтры даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, адметнае месца займае архіў Максіма Гарэцкага. Інфармацыя аб гісторыі яго перадачы, вопісы архіва размешчаны ў раздзеле праекта “Рукапісы не гараць”.
Максім Гарэцкі прыйшоў у літаратуру з новай тэматыкай, новым героем, даў узоры высокай культуры псіхалагізму, істотна ўзбагаціў нацыянальную прозу новымі жанрава-стылёвымі формамі, стварыў сапраўдныя мастацкія шэдэўры. Прапануем акунуцца ў атмасферу жыцця беларускага пісьменніка, якая адлюстравана ў фільме-прысвячэнні “Браму скарбаў сваіх адчыняю”. Прыемнага прагляду!