Апостал 1638 г. 390 год Магілёўскай тыпаграфіі братэства Святога Духа
Адным з самых прыгажэйшых гарадоў Беларусі з’яўляецца Магілёў. Нягледзячы на пакутлівую гісторыю горада, тут заўсёды захоўвалася і квітнела асаблівая культура, шырока дзейнічалі праваслаўныя братэрствы, якія імкнуліся распаўсюдзіць асвету, захаваць і памножыць багацце горада.
19 сакавіка 1633 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза даў Магілёўскаму братэрству Святога Духа прывілей на права адкрыцця друкарні і друкаванне навучальных і іншых кніг на беларускай, грэцкай, лацінскай і польскай мовах. У 1636 – 1638 гг. гэта права, верагодна, перадалі Спірыдону Собалю – вядомаму на той час кнігавыдаўцу. У Магілёве ён выпусціў шэраг знакавых для славянскага друку кніг: «Буквар языка славенска» 1636 г., «Псалтыр» 1637 г., «Тэстамент цара грэцкага Васілія» і «Апостал» 1638 г.


Апошняя кніга захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
«Апостал» 1638 г. уяўляе сабой 3-е выданне гэтай кнігі Спірыдонам Собалем. Своеасаблівы канвалют, які змяшчае сшыткі першага кіеўскага выдання, што пабачыла свет у 1630 г.


Пераплёт кнігі можна датаваць XVII ст., дошкі ў карычневай скуры з блінтавым цісненнем раслінага арнаменту. Захаваліся фрагменты зашпілек з жоўтага металу. Ніжняя пражка з абламаным кручком прыбіта да рэменя з карычневай скуры, а верхні раменьчык страчаны.



Мастацкае аздабленне кнігі досыць багатае і разнастайнае. Гэта 45 заставак, 18 канцовак, 22 ініцыяла, 23 ламбарда, 49 рамак на палях і шматлікая вязь – усё гэта ўзвышае мастацкі ўзровень кнігі. Увагу патрэбна звярнуць і на гравюру евангеліста Лукі, якая расфарбавана ў чырвона-жоўтых колерах.








Кніга ўтрымлівае шматлікія запісы, паметы і пазначэнні. Іх можна падзяліць на тры асноўныя групы: гаспадарчыя, памінальныя і чытацкія.


Сярод чытацкіх запісаў варта прывесці наступныя, якія дазваляюць пабачыць працэс чытання кнігі: «Апостолъ чтение 1848 года месица іюня 18 дня», «Апосталъ Евангелие совѣршина 1848го года», «В сеи книге составлѣно всякимъ свѣтымъ разное чтение апостольское».
Гаспадарчыя нататкі дазваляюць не толькі прасачыць гісторыю кнігі, але і набыцця, і продажу тавараў яе ўладальнікаў: «Полочено отъ шламовъскаго меченина Фадея Ивановича Мастючина денегъ 126 рублей асигнацими ибо я оныи денегъ получилъ у Фадея Мастючина осталось на Фадею Мастюничу денегъ 84», «Палучить от Серъгея Козлова сахару 34 … ковы», «Сия богодухновенная книга нарицаемая Апостолъ принадлежитъ гомельскому купцу Саввѣ Ѳедоровичу Заваротнову по наслѣдству съ 1885 года 2 іюня», «Сей Апосталъ препроданъ Арътемію Яковливичу Синегибову».
Памінальныя запісы выглядаюць наступным чынам:
«1845 год марта 16го приставилъся рабъ божиі Артемъ Питровичь Мастючинъ волию божей навеки викомъ аминь», «Память умершим роственник …».


