Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Мікола Гусоўскі: да 500-годдзя выдання «Песня пра зубра»

Выдатны нямецкі пісьменнік, перакладчык класічнай грузінскай і армянскай літаратуры Артур Лейст пісаў у 1887 г.: «Многія народы Еўропы, якія маюць дзяржаўную незалежнасць і якія яшчэ спадзяюцца яе атрымаць, з нязвыклай удзячнасцю пакланіліся б ад сябе і ад нашчадкаў таму свайму сыну, які б пакінуў ім у спадчыну падобны твор, незалежна ад мовы, якой такі твор мог быць напісаны. І першымі сярод іх беспамылкова можна было б назваць славян-беларусаў, старажытная культура якіх пакуль што яшчэ вельмі мала вядома адукаванаму свету, але якія яшчэ ў рамках сумеснай сваёй феадальнай дзяржавы з Літвою мелі такога буйнога паэта, як Мікалай Гусавянін з яго «Песняй пра зубра», напісанай на старажытнай латыні».

Постаць Міколы Гусоўскага настолькі ж важная і значная для беларускай гісторыі як і постаць Францыска Скарыны. Аб’яднанне гэтых імёнаў у нацыянальным пантэоне абумоўлена не толькі часам Рэнэсансу, у які яны здзяйснялі свае ўнікальныя адкрыцці, але і блізкасцю па характару і тэмпераменту гуманістычнай накіраванасці творчасці, пашанай да краіны, развагамі пра мінуўшчыну і будучыню свайго народа. У гэтым памкненні прынесці карысць, уславіць сваю зямлю аб’ядноўваюцца гэтыя героі.

Як і жыццё шматлікіх іншых дзеячоў эпохі Рэнэсансу ў Беларусі, жыццё Гусоўскага мае шматлікую колькасць плямаў. Па сённяшні дзень даследчыкамі дакладна не вызначаны гады жыцця паэта, пакуль не акрэслена і месца нараджэння. Але адно застаецца несумненным: паэт – выхадзец з беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага.

Найбольш верагодна, што нарадзіўся М. Гусоўскі ў сям’і велікакняжацкага лоўчага. У той час лоўчыя былі людзі вольныя, шляхецкага паходжання, яны маглі і не мець зямельнай уласнасці, а жыць толькі са службы. З дзіцячых гадоў хлопчык прывучаўся да паляўнічай прафесіі, якая была цяжкай працай, рыцарскім заняткам, школай мужнасці, сродкам фізічнай і маральнай загартоўкі. У вопытных лоўчых навучыўся будучы паэт чытаць кнігу роднай прыроды, адкрываць тайны звярыных сцежак, ведаць прыметы, якія дазвалялі прадказваць надвор’е і паляўнічае шчасце.

Нягледзячы на тое, што нам і невядома, дзе атрымаў Гусоўскі сваю пачатковую адукацыю, але мы дакладна ведаем, што ў лепшых традыцыях Адраджэння ён працягваў навучанне ва ўніверсітэтах  Балонні, Вільні і Кракава.

У 1518 г. у складзе літоўска-польскай дыпламатычнай місіі 1518–1522 гг., якую ўзначальваў Эразм Цёлак (прыняў лаціназаванае імя Вітэлій, як і Эразм Ратэрдамскі, Рэнэ Дэкарт, Мікалай Капернік і інш.), Мікола Гусоўскі трапіў спачатку ў Аўгсбург, дзе месцілася рэзідэнцыя імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна I, а затым у Рым, да двара Папы Рымскага Льва X. Менавіта ў Італіі канчаткова сфарміраваліся яго творчая індывідуальнасць і літаратурная непаўторнасць.

Па просьбе Папы Льва Х, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў, Мікола Гусоўскі стварыў у 1521 г. у Рыме свой найлепшы твор «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго»), дзе выклаў шматгранную ідэйна-эстэтычную, педагагічна-асветніцкую праграму. Аднак Гусоўскі не паспеў надрукаваць свой твор у Італіі, бо Папа Леў X раптоўна памёр.

Паэтычны зборнік «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» Гусоўскі надрукаваў у 1523 г. у Кракаўскай друкарні Ераніма Віетэра, дзе ён склаў твор з празаічнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў, напісаных пераважна ў рымскі перыяд. У прысвячэнні, адрасаваным каралеве Боне, паэт прасіў яе ўзяць на сябе дзяржаўнае апякунства над таленавітымі ў навуцы і мастацтве людзьмі.

У гісторыі сусветнай культуры ёсць нямала прыкладаў, калі сапраўднае значэнне вялікага пісьменніка суайчыннікі адкрывалі і ўсведамлялі толькі праз многія дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Менавіта такі лёс Міколы Гусоўскага, які атрымаў еўрапейскую славу і сапраўднае прызнанне толькі праз чатыры стагоддзі пасля смерці.

У паэме выразна паказаны патрыятычны заклік да яднання і сяброўства розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне свабоднай і мужнай асобы, узаемазвязанасць чалавека, грамадства і прыроды. Аўтар выказаў погляд на сваю радзіму. Ён імкнуўся ўславіць усё тое, з чым у яго свядомасці асацыіруецца вобраз яго роднай зямлі, яе прыгажосць і непаўторнасць. Ён апісвае беларускія лясы, багатыя на свае дары (ягады, мёд, куніцу). Гусоўскі, апроч апісання хараства беларускай прыроды, паказвае і забабоны свайго народу (вера ў ведзьмакоў, русалак). Адзін з галоўных герояў паэмы — князь Вітаўт. Аўтар падае яго як сапраўднага патрыёта, вернага традыцыям, праўдзівага і справядлівага, выдатнага кіраўніка дзяржавы.

У фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца шэраг выданняў твораў Міколы Гусоўскага.

Арыгінал першага кракаўскага выдання «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» 1523 г. прадстаўлены мікрафільмам.

Маюцца таксама перавыданні твора 1894 г., зробленыя Ягелонскім універсiтэтам.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля