Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Паэт па-за часам. Да 225-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча

Адама Міцкевіча лічаць сваім пісьменнікам усе народы, якія калісьці пражывалі ў межах Рэчы Паспалітай. Мы, беларусы, безумоўна адносім Адама Міцкевіча да сваёй культуры, таму што ў творчасці паэта Беларусі належыць першае месца.

Творчасць Адама Міцкевіча ў значнай ступені паўплывала на беларускае культурнае жыццё, на грамадскую свядомасць, літаратуру і мастацтва. Працы Міцкевіча ўзнесены да ўзроўню еўрапейскага прызнання. 

Вядома, што вялікі паэт Адам Міцкевіч быў адным з выдатнейшых імправізатараў, якіх ведаў свет. Праслухаўшы адну з яго імправізацый, Пушкін са сціпласцю, характэрнай для геніяльных людзей, усклікнуў: «Какой гений! Какой священный огонь! Что я в сравнении с ним?» Міцкевіч любіў імправізаваць пад гукі жалейкі, на якой выконваліся народныя песні. Гэтыя гукі акрылялі яго, пераносячы ў «краіну дзіцячых гадоў», у мілы яго сэрцу Навагрудак, у тыя месцы, якія ён пакінуў у маладосці.

«Зямля навагрудская, краю мой родны…» – гэтым усхваляваным радком пачынаецца адзін з ранніх твораў Адама Міцкевіча – «Бульба» (1819,  1821). Потым тая ж усхваляванасць з новай сілай прагучыць у баладах і санетах, у сусветна вядомых паэмах «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Праз усё жыццё пранёс геніяльны паэт узвышанае і пяшчотнае пачуццё любові да беларускай зямлі, на якой ён нарадзіўся. На Навагрудчыне, сярод маляўнічых узгоркаў, прайшло дзяцінства і юнацтва паэта. Тут ён разам са сваім сябрам Янам Чачотам хадзіў па сялянскіх кірмашах, прагна прыслухоўваўся да беларускіх народных песень і казак. Так з’явіліся «Ямбы для Яна Чачота» (1819), «Яну Чачоту» (1820). Тут спазнаў першае каханне да Марылі Верашчакі, якая натхніла Міцкевіча на лірычныя вершы – «Да М****» (1823), «Курганок Марылі» (1820).

Адам Міцкевіч стварыў цыкл рамантычных балад, якія ў 1822 годзе ўвайшлі ў 1-шы том яго твораў. У ліку гэтых балад сусветна вядомыя «Люблю я!», «Рамантычнасць», «Свіцязь», «Рыбка», сюжэты якіх былі падказаны беларускімі народнымі паданнямі і песнямі, пачутымі ў дзяцінстве на Навагрудчыне.

Інтымная лірыка паэта асветлена глыбінным і трапяткім пачуццём кахання да беларускай дзяўчыны. У яго творах лашчаць вока ды песцяць сэрца родныя геаграфічныя назвы: Свіцязь, Нёман, Плужыны, Наваградак, Нясвіж, Вілля, Вільня, Літва, вялікія князі: Міндоўг, Альгерд, Вітаўт, Радзівіл, Кейстут. Край дзяцінства, беларускі каларыт.

Гэтаму генію і прысвечана выстава «Паэт па-за часам» (да 225-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча), якая ладзіцца ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

На выставе прадстаўлены кнігі Адама Міцкевіча з фондаў Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў. Экспазіцыю складаюць прыжыццёвыя выданні Адама Міцкевіча, сярод якіх вылучаюцца 3-ці том зборніка паэзіі А. Міцкевіча (Парыж, 1829) і 4-ты том зборніка твораў (Парыж, 1844), якія ўваходзяць ў склад кніжных збораў Радзівілаў, ардынатараў Нясвіжскіх.

Трэба таксама адзначыць асобнік эпічнай паэмы «Гражына». Кніга вялікага фармату выйшла ў Познані ў 1864 годзе. Яна ўпрыгожана гравюрамі мастака Антонія Залескага, сам тэкст размешчаны у арнаментальнай рамцы. Дадатковую раскошу выданню дадаюць муаравыя форзацы.

На выставе можна пабачыць выданне 1883 года – кнігу паэм і вершаў у перакладзе на рускую мову Мікалая Сямёнава. Гэты асобнік быў падараваны Сямёнавым князю Рыгору Галіцыну, генералу ад інфантэрыі, рускаму дзяржаўнаму дзеячу. Аб гэтым сведчыць дарчы надпіс: «Князю Григорию Сергеевичу Голицыну от переводчика и товарища. 7 апреля 1885 года». Дадзеная кніга – з калекцыі Паўла Навумавіча Беркава, аб чым сведчыць экслібрыс.

З кнігазбору Беркава ў экспазіцыі таксама прадстаўлены праца Алега Антонавіча Лойкі «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1959) з дарчым надпісам Алега Антонавіча ад 10 красавіка 1962 года і «Адам Мицкевич. Избранное» (1946). 

Экспазіцыю працягваюць кнігі з прыватнай калекцыі вядомага беларускага паэта, акадэміка АН БССР Пятра Фёдаравіча Глебкі

Найстарэйшая на выставе кніга з яго калекцыі – варшаўскае выданне 1898 года «Ksiega pamiatkowa na uczczenie setnej rocznicy urodzin Adama Mickiewicza: 1798-1898», прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Яна змяшчае подпіс Пятра Фёдаравіча. 

Прываблівае ўвагу кніга «Poezje Adam Mickiewicz. Poezje» з подпісам Кузьмы Чорнага.

Большасць вобразаў і матываў паэзіі Міцкевіча надыктаваны яму жыццём роднага народа, ягонай гераічнай і драматычнай гісторыяй, ягонай надзвычай багатай вуснапаэтычнай спадчынай, легендамі і паданнямі. 

На беларускім фальклёры заснаваны вядомыя балады і рамансы, сярод якіх балада «Свіцязянка» (1821 года). На выставе гэта выданне прадстаўлена асобнікам 1976 года на беларускай мове, прадмову да якога напісаў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Канстанцін Міхайлавіч напісаў уступ і для кнігі «Адам Міцкевіч. Выбраныя творы» (1955 года), складальнікам якой быў Янка Брыль, а рэдактарам перакладаў выступіў Максім Танк. У ёй прадстаўлены пераклады твораў Міцкевіча знакамітымі беларускімі пісьменнікамі – Анатолем Вялюгіным, Максімам Лужаніным, Кандратам Крапівой, Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Танкам і шмат інш. 

Паэму «Дзяды» (1820–1832, няскончаная), сюжэтам якой з’явіўся старажытны абрад памінання продкаў, пераклаў Кастусь Цвірка. У экспазіцыі прадстаўлены яго пераклад з дарчым надпісам Янку Брылю ад 15 ліпеня 2003 года.

«Беларускага Шэкспіра» і яго санеты беларускія перакладчыкі таксама не змаглі абысці бокам. На выставе можна пабачыць пераклад міцкевічаўскіх санетаў, якія зроблены Уладзімірам Мархелем і Ірынай Багдановіч. Гэтая кніга – падарунак Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі ад Уладзіміра Іосіфавіча.

У паэтычнай эпапеі «Пан Тадэвуш», якая стала вяршыняй творчасці Адама Міцкевіча, можна знайсці цэлую галерэю яскравых вобразаў мясцовай шляхты, убачыць каларытную панараму народнага жыцця, чароўныя непаўторныя краявіды Навагрудчыны, Налібоцкай пушчы. 

У экспазіцыі паэма таксама прадстаўлена ў перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і  Язэпа Семяжона.

Творчасць Адама Міцкевіча аказала вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. У 1830–1840-я гг. у польскамоўнай літаратуры склалася так званая беларуская школа, прадстаўнікі якой услед за паэтам пісалі на тэмы з жыцця беларускага народа. Пад уплывам Адама Міцкевіча літаратурную дзейнасць пачыналі Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, У. Сыракомля і інш. Дабратворны яго ўплыў адчулі таксама В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Каратынскі. 

Уладзімір Караткевіч лічыў Адама Міцкевіча сваім настаўнікам. Так, у «Слове да Міцкевіча» Уладзімір Сямёнавіч адзначаў, што Міцкевіч стаў у яго асабістым творчым і чалавечым лёсе значнай фігурай. 

Выстава «Паэт па-за часам» будзе працаваць да 10 студзеня 2024 года.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля