Да 155-годдзя з дня нараджэння Ядвігіна Ш.
Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі) – беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы.

Нарадзіўся ў 1869 годзе ў маёнтку Добасня Рагачоўскага павета (цяпер вёска Добасна Кіраўскага района Магілёўскай вобласці).
Скончыў Мінскую гімназію, вучыўся ў Імператарскім Маскоўскім універсітэце на медыцынскім факультэце. З 1881 па 1897 гады працаваў у Радашковічах сціплым памочнікам правізара ў мясцовай аптэцы.
У 1894 годзе Ядвігін Ш. пазнаёміўся з мясцовай швачкай Люцыяй Гнатаўскай і неўзабаве яны пажаніліся. З жонкай ён канчаткова перабраўся з Радашковічаў у Карпілаўку, дзе правёў большую частку свайго жыцця.
У Карпілаўцы пісьменніка стаў наведваць юны сусед, сын арандатара Дамініка Луцэвіча. Гаспадар разам з госцем абменьваліся кнігамі, абмяркоўвалі прачытанае, размаўлялі пра літаратуру. Малады паэт цаніў Ядвігіна Ш. як цікавага і адукаванага суразмоўцу. Дарэчы, Ядвігін Ш. дапамог пачаткоўцу паэту выбраць гукавы псеўданім – Янка Купала.
Менавіта ў Карпілаўцы Янка Купала ў 1912 годзе ўпершыню прачытаў п’есу «Паўлінка».
У сваёй сядзібе Ядвігін Ш. гасцінна прымаў многіх знакамітых гасцей, у тым ліку Змітрака Бядулю, Уладзіслава Галубка і свайго зяця Язэпа Лёсіка.
У 1910 г. Ядвігін Ш. здзейсніў сваю даўнюю мару – зрабіў вандроўку пехатой па Беларусі. Прайшоў больш за паўтысячы кіламетраў, наведаў шмат вёсак, мястэчак, хутароў. Ён цікавіўся побытам сялян, іх мовай, культурай, вывучаў эканамічнае становішча сялян, сістэму адукацыі.

Уражаннямі ад вандроўкі пісьменнік падзяліўся з чытачамі «Нашай Нівы» ў сваіх «Лістах з дарогі».


У 1913–1915 гадах працуе ў газеце «Беларус» (Вільня), часопісах «Саха», «Лучынка» (Мінск). Шмат часу аддаваў рабоце ў мінскім клубе беларускай мастацкай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», у аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, з’яўляючыся намеснікам яго старшыні.


Пры жыцці Ядвігін Ш. выдаў чатыры кнігі: «Дзед Завала» (1910), «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914), «Успаміны» (1921). Гэтыя выданні захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.


На творчасць Ядвігіна Ш. аказаў прыкметны ўплыў беларускі фальклор: вясёлыя народныя сюжэты, жарты, анекдоты. Алегарычныя апавяданні Ядвігіна Ш. нароўні з байкамі з’яўляюцца найважнейшай часткай яго літаратурнай спадчыны. У іх ёсць месца і лёгкаму гумару, і вострай сатыры, якія ўвасобіліся ў зборніку «Беларускія жарты», выдадзеным у 1915 годзе.
Ядвігіну Ш. належыць першы беларускі раман «Золата» (1920), які застаўся незакончаным.
Незадоўга да смерці, у 1921 годзе, пісьменнік паспеў выдаць твор мемуарнага жанру – «Успаміны», які мае выключную гістарычную і мастацкую каштоўнасць, у якім аўтар распавядае пра сваё юнацтва. Пісьменнік дэталёва раскрыў дзейнасць беларускіх студэнцкіх зямляцтваў у Маскве, паказаў няпросты шлях фарміравання і станаўлення беларускіх суполак.

Гэты твор стартуе са знаёмага ўсім студэнцкага гімна – «Gaudeamus igitur, juvenes dum sumus…».



Шмат звестак пра жыццё Ядвігіна Ш. стала вядома, дзякуючы ўспамінам яго дачкі Ванды Лявіцкай (Лёсік). Рукапісы захоўваюцца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў.

У ЦНБ НАН Беларусі нядаўна паступіла новае выданне – чарговы том кніжнага праекта «Беларускі Кнігазбор». У яго ўвайшлі ўсе самыя значныя творы Ядвігіна Ш. У дадатку пададзены ўспаміны пра яго і матэрыялы да біяграфіі беларускага пісьменніка.