Янка Шутовіч. Да 120-годдзя з дня нараджэння
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў арганізавана выстава, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца, выдаўца, грамадска-культурнага дзеяча Янкі Шутовіча (1904–1973).

На выставе экспануюцца дакументы з асабістага архіва Я. Шутовіча, што захоўваецца ў фондзе Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў.


Экспазіцыю адкрывае раздзел, дзе змешчаны дакументы да біяграфіі Я. Шутовіча: пасведчанне аб нараджэнні, дакументы аб заканчэнні Віленскай беларускай гімназіі, дыплом аб заканчэнні юрыдычнага факультэта Віленскага універсітэта, аўтабіяграфія, іншыя дакументы асабістага характару.




У экспазіцыі прадстаўлены дакументы пра дзейнасць Беларускага студенцкага саюза, а таксама каштоўныя і рэдкія матэрыялы за 1936–1938 гг., якія адклаліся падчас рэдакцыйнай і выдавецкай дзейнасці Я. Шутовіча ў часопісе “Калоссе”. Большую частку дакументаў у гэтым раздзеле складаюць творы маладых беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх – аўтографы ранніх вершаў М. Танка, М. Машары, Н. Тарас, Я. Пачопкі.

Дэманструюцца фрагменты перапіскі з рознымі асобамі і ўстановамі па пытаннях падпіскі на часопіс, грашовых ахвяраванняў на яго выданне, аб высылцы аўтарамі сваіх твораў для чарговых нумароў, дакументы бухгалтарскага ўліку і грашовых разлікаў з падпісчыкамі.

Асобны раздзел выставы прысвечаны дзейнасці Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні, супрацоўнікам, а потым і дырэктарам якога ў свой час быў Я. Шутовіч.
Эпісталярная спадчына прадстаўлена перапіскай з Г. Гарэцкім, лістамі М. Машары, М. Танка, З. Верас, А. Бачылы, М. Забэйды-Суміцкага.

Наступны раздзел выставы знаёміць з творчай дзейнасцю Я. Шутовіча. Экспануецца “Беларускі каляндар” за 1927 г. с першай публікацыяй Я. Шутовіча (артыкул “Таварыства беларускае школы ў Вільні”), рукапісы артыкулаў і нарысаў пра вядомых дзеячаў беларускай культуры: А. Гурыновіча, М. Гарецкага, А. Туранкова, П. Сергіевіча, М. Забэйду-Суміцкага і іншых. Пэўную цікавасць выклікаюць артыкулы, прысвечаныя гісторыі Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Сярод экспанатаў выставы – рэдкія фатаграфіі часой Першай сусветнай вайны, зробленыя на тэрыторыі Беларусі, на Смаргоншчыне (былая Віленская губерня), падпаручыкам У. Паўлюкоўскім, які праходзіў службу пры штабе Васільсурскага палка, што дыслакаваўся на Віленшчыне. Унікальныя фотаздымкі захоўваюцца ў архіве Я. Шутовіча сярод іншых дакументаў калекцыйнага характару і складаюць адзін з найцікавейшых раздзелаў выставы.

Асобныя дакументы, прысвечаныя жыццю і творчай дзейнасці Я. Шутовіча, складаюць заключны раздзел зкспазіцыі.
Юбілейную выставу суправаджаюць асабістыя і групавыя фотаздымкі Я. Шутовіча з дзеячамі культуры, сябрамі і паплечнікамі.
Выстава будзе працаваць да 7 лютага 2024 г.