Паэзія памятных сустрэч. Да 120-годдзя з нараджэння Міколы Хведаровіча
Гартуйцеся,
паэтавы імкненні,
Запал жыцця,
Спалі мой творчы сум!
Прыйдзі, прыйдзі,
Вялікі слаўны геній,
Каб разам апавяць
Вялікіх дзён красу!
Мікола Хведаровіч прыйшоў у беларускую паэзію ў сярэдзіне 20-х гадоў ХХ стагоддзя. І хаця паэтычная ніва на той час была глыбока ўзарана геніем Янкі Купалы і Якуба Коласа, талентам Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Алеся Гурло і Міхася Чарота, «некранутых зямель» было бязмежжа. У наступ на іх дружна высыпалі тыя, каго Янка Купала назваў «арлянятамі». Гэта былі «маладнякоўцы» – Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Паўлюк Трус, Аркадзь Моркаўка, якія шумліва і дружна сцвярджалі новую паэзію новага жыцця, а за імі следам – і яшчэ маладзейшыя, у тым ліку і рабфакавец Мікола Хведаровіч.


Мікалай Фёдаравіч (Хведаравіч) Чарнушэвіч нарадзіўся 6 красавіка 1904 года ў сялянскай сям’і ў мястэчку Капыль Слуцкага павета. Тагачасная беларуская паэзія, якую прадстаўляў Мікола Хведаровіч, у вялікай ступені імкнулася быць рэхам жыцця, якое несла новая эпоха, тымі песнямі душы і сэрца, якія несла на старонкі тагачаснага друку новае пакаленне маладых паэтаў.
У гучным хоры рознагалосся ў хуткім часе вылучыўся і своеасаблівы, самастойны паэтычны голас Міколы Хведаровіча. Яго творчыя спробы якраз і адрозніваліся шчырасцю, сардэчнасцю, чысцінёй і непасрэднасцю пачуцця, яны шчыра і радасна адгукаліся на ўсе «поклічы жыцця». Раннія вершы паэта былі прасякнуты адчуваннем свежасці жыцця, светлым аптымізмам і рамантычнай верай у будучыню свайго народа, які ўпершыню ў гісторыі атрымаў права на самастойнае існаванне, на самаахвярнае будаванне сваёй дзяржавы, сваёй гаспадаркі, сваёй нацыянальнай культуры.


Адзін за адным выходзяць яго паэтычныя зборнікі: у 1929 годзе – першая кніга паэзіі «Настроі», пазней, у тым жа годзе – другая кніга вершаў «Баявыя песні», у 1930 – «Рытмы», у 1931 – «Тэмпы-кантрасты», у 1932 – «Вайна за мір», у 1937 – «Усім сэрцам».
Нягледзячы на тое, што ў пералічаных кнігах паэзіі Мікола Хведаровіч аддае пэўную даніну моднай на той час рытарычнасці, лазунговасці, просталінейнай агітацыйнасці верша, асновай яго паэзіі тых гадоў было глыбокае адчуванне часу.

На жаль, у творчасці паэта ў 1938 годзе наступае доўгі перапынак. Як узгадвае сам Мікола Хведаровіч:
«У 1938 годзе склаліся такія абставіны, што я вымушаны быў на доўгі час развітацца з літаратурнаю творчасцю і далёка ад дому працаваць на будаўніцтве Манчагорска і пракладваць чыгунку ад Котласа да Варкуты. У цяжкія ваенныя гады не было калі думаць пра літаратуру. Мы ўсе сілы аддавалі на разгром ворага, працавалі, не пазіраючы на гадзіннік».


Да творчае працы ён вяртаецца толькі ў другой палавіне 50-х гадоў. У 1957 годзе выходзіць з друку новая кніга вершаў Міколы Хведаровіча «Залаты лістапад» (аб гэтым пісалася ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 121 ліпеня 1958), у 1961 – зборнік вершаў «Перазвон бароў», а ў 1968 – «Зоркі на камені». Апроч таго, паэт многа піша для дзяцей. Выйшла з друку некалькі яго кніжак для маленькіх чытачоў, напісаных з вялікім майстэрствам і любоўю да юнай змены.


Адным з першых у беларускай літаратуры Мікола Хведаровіч аддае вялікую даніну мемуарнай літаратуры, адкрываючы старонкі мінулага нашай літаратуры, асвятляючы незабыўныя вобразы яе пачынальнікаў і дзеячаў. Выйшла чатыры выданні яго ўспамінаў: «Памятныя сустрэчы» (1960, 1963 і 1977), «Незабыўнае» (1976). У 1974 годзе выйшаў двухтомны збор твораў Міколы Хведаровіча, дзе сабраны лепшыя яго паэтычныя здабыткі. У Маскве выдадзены дзве кнігі паэта ў перакладзе на рускую мову.



Плённа працаваў Мікола Хведаровіч і ў галіне мастацкага перакладу. На беларускую мову ім перакладзены кніга венгерскага паэта Шандара Пецёфі «Ліра і меч», паэмы «Каўказскі палоннік», «Бахчысарайскі фантан» і «Казка пра цара Салтана» А. С. Пушкіна. Удала выступаў паэт і ў галіне мастацкай прозы, выдаўшы аўтабіяграфічную аповесць «Споведзь перад будучыняй», якая атрымала рэспубліканскую прэмію на конкурсе лепшых твораў для дзяцей і юнацтва.



Мікола Хведаровіч выступае ад імя свайго пакалення, якому ўсё было «па плячу» – і рамантыка грамадзянскай вайны, і першыя гады індустрыялізацыі краіны, і цяжкасці 30-х гадоў, і суровыя выпрабаванні ў час вайны, як «па плячу» быў і актыўны ўдзел у будаўніцтве грамадства ў пасляваенны перыяд. Таму тэма гераізму людзей з’яўляецца цэнтральнай у творчасці Міколы Хведаровіча. Гэта яскрава выказана ў такіх вершах, як «Ангара», «На прыстані», «Енісейскія рыбакі», «Манчагорск», «Горад будучыні» і ў вершах, прысвечаных роднаму краю – Беларусі, асабліва ў такіх, як «Родны горад», «Беларусь», «Дарога на Маскву».
Рамантычна прыўзняты настрой, неўтаймоўнае маладое пачуццё радасці быцця, жаданне аддаць усё дарэшты, чым багаты душа і сэрца – вось у чым заключаецца жывучасць паэзіі Міколы Хведаровіча.

У Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай библіятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларуі знаходзіцца кніга з дарчым надпісам Міколы Хведаровіча, якую ён адрасаваў Уладзіміру Дубоўку.
Дарэчы, архіў Уладзіміра Дубоўкі прадстаўлен у віртуальным праекце бібліятэкі «Рукапісы не гараць».