Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Да 90-годдзя з дня нараджэння заолага Пятра Рыгоравіча Козлы

Да 90-годдзя з дня нараджэння заолага, доктара біялагічных навук Пятра Рыгоравіча Козлы – вучоны ў галіне папуляцыйнай тэрыялогіі, лаўрэат прэміі і дыплома Савета Еўропы і цэнтра Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (1997).

Нарадзіўся ў 1934 годзе ў сяле Паточышча Івана-Франкоўскай вобласці (Украіна). Пасля заканчэння біялагічнага факультэта Чарнавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959) працаваў у дзяржаўным запаведніку «Белавежская пушча» (1959–1966), затым – у Бярэзінскім дзяржаўным запаведніку (1966–1977), дзе пасля абароны кандыдацкай дысертацыі (1968) быў намеснікам дырэктара. 

Далейшае жыццё П. Р. Козлы было звязана з Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах (да 2007 г. – Інстытут заалогіі НАН Беларусі). Навуковую дзейнасць Пётр Рыгоравіч спалучаў з адміністрацыйнымі абавязкамі на пасадзе загадчыка структурных падраздзяленняў – сектара прамысловай тэрыялогіі (1986–2001), лабараторыі ландшафтнай экалогіі пазваночных жывёл (2001–2003), лабараторыі тэрыялогіі (2003–2013).

Займаўся праблемамі прамысловай тэрыялогіі, экалогіі, аховы прыроды, запаведнай справы і паляўнічай гаспадаркі. Дзякуючы П. Р. Козлу ў Беларусі сфарміраваўся новы напрамак папуляцыйных даследаванняў па вывучэнні морфафізіялогіі і біяэкалогіі айчыннай макратэрыяфаўны.

Вучоны ўнёс важкі ўклад у вывучэнне прадстаўнікоў атрада капытных жывёл (зубра, лася, высакароднага аленя, еўрапейскай казулі, кабана, еўрапейскай лані) і буйных драпежнікаў (мядзведзя, ваўка, рысі), якія ў біяцэнатычных і гаспадарча-эканамічных адносінах прадстаўляюць найбольш значную групу млекакормячых. Вывучыў працэс і заканамернасці росту і развіцця капытных за ўвесь постнатальны перыяд антагенезу, расшыфраваў асаблівасці дэмаграфічнай, полаўзроставай і сацыяльнай структур папуляцый, ацаніў ролю фактараў і ўнутрыпапуляцыйных механізмаў у дынаміцы колькасці папуляцый, упершыню правёў біягеаграфічнае раянаванне тэрыторыі Беларусі па капытных жывёлах, сфармуляваў прынцыпы і метады рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых відаў і павышэння эфектыўнасці аховы рэдкіх відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Атрыманыя вынікі П. Р. Козлы апублікаваны ў больш за 350 навуковых працах, з іх у 5 манаграфіях, 1 падручніку і 8 брашурах. Асабліва неабходна адзначыць падвядзенне вынікаў навуковых даследаванняў і практычных дасягненняў у галіне вывучэння белавежскага зубра, абагульненых у выдадзенай у 2009 годзе манаграфіі «Зубр у Беларусі», якая была перавыдадзена з дапрацоўкамі і дапаўненнямі ў 2011 годзе.

У апошнія гады паспяхова працаваў над пытаннямі павышэння эканамічнай эфектыўнасці паляўнічай гаспадаркі, развіцця турызму на камерцыйнай аснове, рассялення гаспадарча каштоўных і новых для рэспублікі відаў жывёл, арганізацыі паляўнічых гаспадарак тыпу «ранча».

П. Р. Козла – вядомы вучоны-зубразнавец, які ўнёс значны ўклад у вывучэнне праблемы захавання белавежскага зубра, павелічэння яго колькасці і пашырэння фрагментаў арэала, рацыянальнага выкарыстання на тэрыторыі Беларусі. Аўтар арыгінальнай і паспяхова рэалізаванай Нацыянальнай праграмы па рассяленні і захаванні зубра ў Беларусі, якая атрымала міжнароднае прызнанне. У 1997 годзе за распрацоўку гэтай праграмы Пётр Рыгоравіч узнагароджаны дыпломам і прэміяй «Еўрапейскія прэміі Генры Форда за захаванне культурнай спадчыны і навакольнага асяроддзя», заснаванай сумесна з Цэнтрам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і Радай Еўропы. Дзякуючы рэалізацыі шэрагу мерапрыемстваў па захаванні гэтага віду жывёл, агульная колькасць зуброў на тэрыторыі Беларусі павялічылася ў 3,3 разы ад 347 (1994) да 1 150 асобін (2012).

У 2006 і 2013 гадах за каштоўны ўклад у выяўленні і захаванні белавежскага зубра ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вынікі фундаментальных даследаванняў П. Р. Козлы былі пакладзены ў аснову больш за 50 рэкамендацый, якія ўкаранёны ў практыку паляўнічай гаспадаркі, аховы жывёльнага свету, удасканальвання сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (біясферных запаведнікаў, нацыянальных паркаў), а таксама шэрагу эксперыментальных лесапаляўнічых гаспадарак.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца прыжыццёвыя выданні  вядомага вучонага-зубраведа Пятра Рыгоравіча Козлы. З яго працамі можна азнаёміцца ва ўніверсальнай чытальнай зале.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля