Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Апостал (Магілёў, 1638)

Працягваем візуальны праект да 100-годдзя з дня адкрыцця нашай бібліятэкі. Ён знаёміць вас з найбольш цікавымі экзэмплярамі, якія захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі.

Перад вамі Апостал (Магілёў, 1638).

Апостал – уніфікаваная назва часткі Новага Запавета, кніга з апісаннем дзеянняў і пасланняў апосталаў – вучаняў і першых паслядоўнікаў Іісуса Хрыста.

“Апостал” быў выдадзены ў Магілёве ў друкарнi С. М. Собаля ў 1638 годзе.

Спірыдон Собаль, у манастве Сільвестр (каля 1580-90 — 1645) — асветнік, друкар і літаратар, адзін з заснавальнікаў Куцеінскай друкарні пад Оршай і друкарні ў Буйнічах пад Магілёвам.

Адметнасцю друкарскай дзейнасцi Спiрыдона Собаля было перавыданне кнiг у розных месцах i ў розныя годы, але з захаваннем аднолькавых выходных звестак. Бiблiёграфы да гэтага часу не ведаюць дакладных дат выхаду асобных кнiг.

Собаль нарадзіўся ў Магілёве, паходзіў з мяшчан. Па некаторых звестках, яго бацька быў магілёўскім бурмістрам. Спірыдон вучыўся ў школе Магілёўскага праваслаўнага брацтва і ў Кіеўскай брацкай школе, валодаў лацінскай і грэчаскай мовамі. Выкладаў у Кіеўскай брацкай школе, а з 1626 па 1628 узначальваў яе.

У 1636 г. вярнуўся у Магілёў. У Куцейне і Магілёве Собаль перавыдаваў свае кіеўскія выданні з ранейшым выхадам.

Склад Магілёўскага «Апостала» 1638 года адмысловы. Гэта выдавецкi канвалют, у яго складзе сшыткi (сiгнатуры А-Т) першага кiеўскага выдання 1630 г.

У выніку даследвання паперы асобніка ЦНБ НАН Беларусі былі высветлены дакладныя віды філіграней “Апостала”. Было вылучана дзевяць відаў маркіровачных знакаў, выкарыстоўваецца папера з гербам княжацкага роду Сангушкаў двух відаў. Абодва з указаннем самога Самуэля Сангушкі, маршалка аршанскага (1620), кашталяна мсціслаўскага (1620 – 1621) і віцебскага (1621 – 1626), ваяводы віцебскага (1626).

Вокладка XVII ст., дошкі ў карычневай скуры з блінтавым цісненнем. Вечкі з кантамі і фаскамі. Захавалася фрагменты зашпілек жоўтага металу «ў зачэп»: прабоі прастакутнай формы з зубчастымі бакамі, замацаваныя цвікамі па-над матэрыялам пакрыцця верхняга вечка. Ніжняя фігурная спражка з абламаным кручком прыбіта да скуранога рамяня (з унутранага боку замацавана металічнай пласцінай).

Асобнік паступіў у аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ў 1984 годзе з абменна-рэзервовага фонду акадэмiчнай бiблiятэкi СССР.

На сённяшні момант магілёўскі Апостал 1638 года выдання захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў.

Падрабязней з асаблівасцямі можна азнаёміцца ў навуковым выданні «Кириллические издания XVII века: каталог изданий из коллекции Центр. науч. б-ки им. Якуба Коласа Нац. акад. наук Беларуси». А таксама ў артыкуле Е.І. Цітавец “Кириллические издания 1602-1637 гг., поступившие в ЦНБ НАН Беларуси из Российской государственной библиотеки”.

Матэрыял падрыхтаваны Купцовай М. С.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля